Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чацьвёрты выцек на «Паўночным патоку». Што вядома пра вэрсіі здарэньняў на расейскіх газаправодах у Балтыцы


Сьлед ад выцеку газу каля вострава Борнхальм, Данія
Сьлед ад выцеку газу каля вострава Борнхальм, Данія

СМІ розных краін пішуць аб тым, што аварыі на газаправодах маглі здарыцца не выпадкова, а як вынік дывэрсіі. Вінаватымі называюць і ЗША, і Расею.

Швэдзкія СМІ пішуць ужо пра чацьвёрты выцек з «Паўночных патокаў». Svenska Dagbladet і Aftonbladet спасылаюцца на зьвесткі берагавой аховы Швэцыі. Чацьвёрты выцек знаходзіцца паміж раней выяўленымі выкідамі з «Паўночнага патоку». Газ ідзе з трубаправоду «Паўночны паток – 2».

Швэдзкая марская адміністрацыя не выпускала дадатковага навігацыйнага папярэджаньня, бо выдадзеныя раней ахопліваюць раён і чацьвёртага выцеку. Яго дыямэтар складае 200 мэтраў.

«Ён ня быў вядомы з самага пачатку і ня быў бачны на радарах, таму што ён меншы. Берагавая ахова ўбачыла яго, калі яны перасякалі гэты раён на караблях і самалёце. Я ня ведаю дакладна, калі, але прынамсі гэта было вядома да абеду ў аўторак», — прыводзіць Aftonbladet словы кіраўніка марской выратавальнай службы Марскога і паветранага выратавальнага цэнтру Марыі Борман.

Упершыню пра выцекі стала вядома на пачатку тыдня. Яны адбыліся ў раёне вострава Борнхальм. Ня выключана, што пашкоджаньні газаправодаў адбыліся ў выніку дывэрсій.

Разбурэньні ацэньваюцца як маштабныя. Сэйсмолягі паведамілі пра два або тры выбухі ў раёне выцекаў. Улады Нямеччыны, Даніі і Швэцыі ўжо расьсьледуюць тое, што здарылася як дывэрсію. У Расеі таксама пачалі крымінальную справу.

Газаправоды «Паўночны паток» і «Паўночны паток – 2» маглі быць пашкоджаны з дапамогай дыстанцыйных выбуховых прылад, якія былі ўсталяваныя месяцы або гады таму. Пра гэта паведаміў брытанскі тэлеканал Sky News са спасылкай на крыніцу ў Мінабароны Вялікай Брытаніі.

Паводле інфармацыі крыніцы, міны маглі спусьціць на марское дно на доўгай вяроўцы, выкінуць за борт лодкі або разьмясьціць з дапамогай бесьпілётніка.

Суразмоўца Sky News адхіліў вэрсію, што расейская падводная лодка магла ўсталяваць выбуховыя прылады. Па яго словах, глыбіня Балтыйскага мора не дазваляе зрабіць гэтага.

Паводле зьвестак Der Tagesspiegel, нямецкія службы бясьпекі падазраюць у арганізацыі выбухаў ці Расею, ці Ўкраіну і праўкраінскія сілы. У МЗС Расеі намякнулі на магчымае дачыненьне да выбухаў ЗША. У Пэнтагоне заявілі, што Злучаныя Штаты ня маюць да іх ніякага дачыненьня, паведамляе Reuters са спасылкай на высокапастаўленага амэрыканскага вайсковага чыноўніка.

Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў: «Мы ня ведаем дэталяў, але выразна бачым акт дывэрсіі». Прэм’ер-міністарка Даніі Мэтэ Фрэдэрыксэн сказала: «Сапраўды цяжка ўявіць, што ўсё гэта адбылося выпадкова». Міністар замежных спраў Фінляндыі Пэка Хаавіста папярэдзіў, што судовыя органы правяраюць «усе рухі суднаў у Балтыйскім моры, спрабуючы выявіць любыя праходы каля трубаправоду». Іх словы прыводзіць італьянская газэта Corriere della sera.

Дарадца Белага дому ў нацыянальнай бясьпецы Джэйк Саліван кажа пра «відавочны сабатаж». Пры гэтым эўрадэпутат і былы міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі пасьля інфармацыі пра выцекі на расейскіх газаправодах апублікаваў у твітэры фота бурлівага мора з надпісам «Дзякуй, ЗША». А журналіст кансэрватыўнай Fox News Такер Карлсан паказаў ролік ад 7 лютага 2022 году, у якім прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн папярэджваў Пуціна: «Пры ўварваньні Расеі, Nord Stream 2 перастане існаваць».

Экс-прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп выказаўся пра апошнія падзеі з газаправодам. Ён лічыць, што гэтыя падрывы могуць прывесьці да новай вайны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG