«Эпоха расейскага дамінаваньня ў газавай сфэры падыходзіць да канца: эпоха, адзначаная шантажом, пагрозамі і вымагальніцтвам», — цытуе словы прэм'ер-міністра Польшчы Матэвуша Маравецкага агенцтва PAP.
Baltic Pipe злучыў газаправодам Польшчу і Данію. Таму ў адкрыцьці ўдзельнічала прэм’ер-міністарка Даніі Мэтэ Фрэдэрыксэн.
Чакаецца, што газ з Нарвэгіі пачне пастаўляцца ў Польшчу і ў суседнія краіны з 1 кастрычніка, а да зімы газаправод запрацуе на поўную магутнасьць. Пастаўкі будуць забясьпечаныя за кошт здабычы сумесным прадпрыемствам з удзелам польскага капіталу, а таксама за кошт кантрактаў, заключаных кампаніяй PGNiG.
- У Польшчы ацэньваюць, што спажыцьцё натуральнага газу ў краіне сёлета складзе 18 млрд кубамэтраў. Прыблізна траціна спажыванага газу ў Польшчы паходзіць з уласнай здабычы.