Расейскі апазыцыйны рух «Вясна» абвясьціў новыя ўсерасейскія акцыяі супраць мабілізацыі на 24 верасьня.
Гарады, у якіх пройдуць мітынгі, будуць названыя 23 верасьня. Пра месцы збору паведамяць у дзень правядзеньня акцый.
Раней у дзясятках гарадоў Расеі прайшлі пратэставыя мітынгі супраць мабілізацыі. На іх затрымалі больш за 1300 чалавек. У Маскве і Санкт-Пецярбургу паліцыянты дзейнічалі асабліва жорстка з пратэстоўцамі. Пазьней некаторым затрыманым у аддзелах паліцыі ўручылі позвы ў ваенкаматы.
Раніцай 21 верасьня Уладзімір Пуцін абʼявіў аб частковай мабілізацыі ў краіне «ў сувязі з сытуацыяй ва Ўкраіне».
Расейскі кіраўнік заявіў, што прызываць на вайсковую службу будуць грамадзян, якія знаходзяцца ў запасе. Маўляў, найперш гаворка пра тых, хто служыў у шэрагах узброеных сіл, а таксама мае пэўныя вайскова-ўліковыя спэцыяльнасьці і досьвед.
Міністар абароны Сяргей Шайгу, які выступіў пасьля Пуціна, заявіў, што Расея мае «велізарны мабілізацыйны рэсурс», і адзначыў, што «ў ходзе частковай мабілізацыі будуць прызваныя 300 тысяч рэзэрвістаў».