«Ён і яго міністар абароны паслалі на сьмерць дзясяткі тысяч сваіх грамадзян, дрэнна экіпіраваных і кепска кіраваных, — сказаў Уолес у заяве. — Ніякія пагрозы і прапаганда ня могуць схаваць той факт, што Ўкраіна перамагае ў гэтай вайне, міжнародная супольнасьць адзіная, а Расея становіцца сусьветнай парыяй».
«Трывожная эскаляцыя»
Тым часам намесьніца міністра замежных спраў Вялікай Брытаніі Джыліян Кіган назвала пагрозу Пуціна ўжыць ядзерную зброю ў канфлікце ва Ўкраіне «трывожнай эскаляцыяй».
У размове на тэлеканале Sky News Кіган адзначыла, што прамова Пуціна выклікала «заклапочанасьць», і абвінаваціла яго ў «перапісваньні гісторыі», пасьля таго як ён сьцьвярджаў, што спрабаваў вызваліць акупаваную тэрыторыю Украіны ад «нэанацыстаў». «Дазвольце мне сказаць ясна — гэта хлусьня Пуціна, якая працягвае цалкам скажаць тое, што адбылося ва Ўкраіне».
Кіган запэўніла ўкраінцаў, што Захад застанецца непахісным у сваёй падтрымцы Ўкраіны. «Мы побач — дапаможам, чым зможам», — дадала яна.
«Паніка»
Прэм’ер-міністар Нідэрляндаў Марк Рутэ заявіў, што рашэньне Пуціна пачаць частковую мабілізацыю грамадзян Расеі — прыкмета «панікі» ў сувязі з сытуацыяй ва Ўкраіне.
«Вы бачыце, што Ўкраіна штораз больш здольная пераламаць сытуацыю, адваявала вялікія часткі тэрыторыі, — сказаў Рутэ журналістам у Гаазе. — Вы таксама бачыце, што заходняя падтрымка пачынае працаваць, таму мы дапамагаем з сыстэмамі ўзбраеньня і іншымі рэчамі. Нам сапраўды трэба працягваць гэта».
Рутэ дадаў, што не будзе «надта пераймацца» пагрозамі Крамля адносна канфлікту з Захадам, заявіўшы, што такая рыторыка гучала і раней. «Мы не ваюем з Расеяй. Але мы падтрымліваем Украіну ў яе справядлівай барацьбе з расейскай агрэсіяй», — падкрэсьліў кіраўнік нідэрляндзкага ўраду.
«Мы зробім усё магчымае»
Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў, што яго краіна працягвае падтрымліваць Украіну.
«Мы зробім усё магчымае разам з нашымі саюзьнікамі, каб NATO яшчэ больш падтрымала Ўкраіну, каб яна магла абараніць сябе. Паведамленьні аб частковай мабілізацыі пацьвердзіліся. Расея спрабуе зьнішчыць Украіну і захапіць частку яе тэрыторыі. Мы ня можам гэтага дапусьціць», — сказаў ён.
«Непахісная падтрымка»
«Крэмль абвясьціў аб мабілізацыі ў міжнародны дзень міру, пакуль краіны Генэральнай Асамблеі ААН працягваюць працаваць у кірунку супрацоўніцтва, бясьпекі і працьвітаньня. У гэтай вайне ёсьць толькі адзін агрэсар — Расея, і адна ахвяра агрэсіі — Украіна. Падтрымка Эўразьвязам Украіны застанецца непахіснай», — напісаў старшыня Эўрапейскай рады Шарль Мішэль у Твітэры.
- У сваім тэлевыступе 21 верасьня Ўладзімір Пуцін заявіў аб «частковай мабілізацыі» ў Расеі. Ён таксама прыгразіў выкарыстаньнем ядзернай зброі «пры пагрозе тэрытарыяльнай цэласнасьці нашай краіны». Міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу, выступаючы ў тэлевізіі пасьля Пуціна, удакладніў, што ў рамках «частковай мабілізацыі» будуць прызваныя 300 тысяч рэзэрвістаў.