Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі мабілізацыя. Беларусі падрыхтавацца?


Рэкляма кантрактнай службы ў войску на вуліцы ў Санкт-Пецярбургу. 20 верасьня 2022
Рэкляма кантрактнай службы ў войску на вуліцы ў Санкт-Пецярбургу. 20 верасьня 2022

Пуцін абвясьціў мабілізацыю. Тое, пра што даўно гаварыла палітызаваная публіка, што даўно прагназавалася экспэртнай супольнасьцю, адбылося. Як гэта можа паўплываць на Беларусь?

Тэрмін «частковая мабілізацыя» не павінен увесьці ў зман. Проста большую колькасьць, чым 300 тысяч «штыкоў», расейская вайсковая машына ня ў стане «засвоіць».

Мабілізацыі спадарожнічаюць рэфэрэндумы аб далучэньні да РФ «ЛДНР», а таксама акупаваных частак Херсонскай і Запароскай абласьцей. Прычым, паводле папярэдняй інфармацыі, яны праводзяцца ліхаманкава, цягам 3 дзён. Расейскія ўлады не спрабуюць ладзіць нават нейкай імітацыі дэмакратычнай працэдуры. Бо як можна ў рэальнасьці падрыхтаваць рэфэрэндум за тры дні? Гэта азначае, што цяпер для Крамля зусім ня важна, як ягоныя дзеяньні выглядаюць звонку.

Доўгі час афіцыйныя прадстаўнікі РФ запэўнівалі, што, маўляў, усё ідзе згодна з плянам, усё нармальна, так і было задумана. Але контранаступ Украіны ўсё памяняў.

Сам факт мабілізацыі і абсалютная прафанацыя з рэфэрэндумамі азначае, што Крэмль прызнае: «спэцапэрацыя» правалілася, усе першапачатковыя пляны пацярпелі крах. Трэба пераходзіць да надзвычайных захадаў. Мабілізацыя азначае, што Расея знаходзіцца ў стане вайны, хоць гэты тэрмін і не ўжываецца. І гэта даволі круты паварот у пляне ўспрыманьня сытуацыі грамадзкай сьвядомасьцю.

Мабілізацыя ў Расеі азначае эскаляцыю вайны ва Ўкраіне і абвастрэньне канфлікту Расеі з Захадам з усімі магчымымі наступствамі, уключаючы прымяненьне ядзернай зброі.

Мяркуючы па ўчорашняй рыторыцы Лукашэнкі падчас ягонай сустрэчы зь дзяржсакратаром Савету бясьпекі Аляксандрам Вальфовічам, ён ведаў пра гэтыя пляны Пуціна. І ягоныя заявы насілі, так бы мовіць, прэвэнтыўны характар. У тым сэнсе, што, маўляў, мы разам з Расеяй, у нас адзіная абаронная прастора, адзіная армія і інш.

Якія магчымыя наступствы для Беларусі апошніх рашэньняў Масквы?

  1. Эскаляцыя канфлікту Расеі з Украінай і Захадам тым ці іншым чынам непазьбежна і нэгатыўна паўплывае на Беларусь. Гэта дрэнная навіна для беларусаў.
  2. Статус адзінага саюзьніка Расеі моцна абцяжарвае становішча Беларусі. Каляіна ператвараецца ў балота, якое зацягвае краіну ўсё глыбей.
  3. Лукашэнку давядзецца прыкладаць больш намаганьняў, каб дэманстраваць Расеі вайсковую падтрымку. Мілітарысцкія гульні, у якія Беларусь увязалася з пачатку году, набяруць новую дынаміку.
  4. Павялічыцца расейская вайсковая прысутнасьць у Беларусі. Нельга выключаць новага паходу на Кіеў зь беларускай тэрыторыі.
  5. Удзел беларускіх вайскоўцаў у баявых дзеяньнях ва Ўкраіне па-ранейшаму зьяўляецца мала верагодным. Бо беларускае грамадзтва гэта ўспрымае вельмі нэгатыўна.
  6. Усе магчымыя намеры размарозіць адносіны з Захадам, пра якія загаварылі ў зьвязку з абвешчанай амністыяй, адкідаюцца ўбок.
  7. Палітычныя рэпрэсіі атрымаюць новы імпульс. Вайна ўсё апраўдвае.
  8. Грамадзкія настроі беларусаў стануць яшчэ больш дэпрэсіўнымі. Павялічыцца эміграцыя зь Беларусі. Людзі баяцца, што і тут пачнецца мабілізацыя, і будуць спрабаваць пазьбегнуць яе.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG