Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памятаць пра лёс Яжова. Што здараецца, калі краінай кіруюць сілавікі


Андрэй Швед, Аляксандар Лукашэнка, Валер Вакульчык, каляж
Андрэй Швед, Аляксандар Лукашэнка, Валер Вакульчык, каляж

Гістарычна здаралася, што аўтарытарныя ўладары пазбаўляліся ад выканаўцаў сваіх брудных справаў — і каб прадухіліць іх палітычнае ўмацаваньне, і каб мець магчымасьць пачаць іншую палітыку з чыстага аркуша.

Сьцісла

  • Роля і палітычная вага сілавікоў у Беларусі за два апошнія гады істотна вырасла.
  • Гэта выявілася і ў кадравай палітыцы, і ў дэкрэце аб перадачы ўлады Радзе бясьпекі ў выпадку гібелі кіраўніка дзяржавы, і ў практычным увасабленьні лёзунгу «часам не да законаў».
  • Грамадзкая думка гэтае становішча выдатна адчувае. На думку беларусаў (і нават ляялістаў), Лукашэнка абапіраецца ў першую чаргу на сілавікоў.
  • Вельмі адметны інцыдэнт — пярэчаньні генпракурора Андрэя Шведа падчас нарады ў Лукашэнкі наконт амністыі. Швед паказаў сябе «раялістам большым за караля», але акрэсьліў асобную пазыцыю.
  • Магчыма, дэмарш Шведа быў спэктаклем, гульнёй у добрага і злога сьледчага, аднак раней Лукашэнка ня меў патрэбы ў такіх гульнях.
  • Зрэшты, гэты дэмарш можа быць і дэманстрацыяй таго, што сілавікі адчулі сваю моц і залежнасьць Лукашэнкі ад іх.
  • Гістарычна здаралася, што аўтарытарныя ўладары пазбаўляліся ад выканаўцаў сваіх брудных справаў — і каб прадухіліць іх палітычнае ўмацаваньне, і каб мець магчымасьць пачаць іншую палітыку з чыстага аркуша.

Пакуль што Аляксандар Лукашэнка займае кіроўную пазыцыю не паводле рашэньня вузкага кола высокапастаўленых сілавікоў, як гэта адбываецца ў вайсковых хунтах. Але тое, што пасьля жніўня 2020 году ўплыў і нават палітычная вага людзей у пагонах істотна ўзрасьлі — гэта не выклікае ніякіх сумневаў.

На каго абапіраецца Лукашэнка?

З тае пары сталі больш частымі прызначэньні сілавікоў на высокія цывільныя пасады. Самыя гучныя прыклады — прызначэньні ў кастрычніку 2020 году памочнікамі Лукашэнкі — інспэктарамі па Горадзенскай і Берасьцейскай абласьцях — былых кіраўнікоў МУС і КДБ Юрыя Караева і Валера Вакульчыка.

Праўда, гэтыя прызначэньні маглі быць і ганаровымі адхіленьнямі асобаў, якім Лукашэнка абавязаны сваім выратаваньнем у жніўні 2020 году. Але ў любым выпадку гэта прыклады прасоўваньня чальцоў сілавой карпарацыі ў цывільную ўладу. І названыя прызначэньні — зусім не адзінкавыя ў апошнія два гады.

Можа, больш сымбалічным, але паказальным быў леташні дэкрэт аб перадачы ўлады ў выпадку раптоўнай гібелі кіраўніка дзяржавы не прэм’ер-міністру, як тое было раней паводле Канстытуцыі, а калектыўнаму органу — Радзе бясьпекі, у якім ключавую ролю адыгрываюць якраз сілавікі. Пазьней гэты дэкрэт стаў часткай новай Канстытуцыі.

Гэта ня тое, што перадача сілавікам цяперашняй улады: Лукашэнка раптоўна гінуць не зьбіраецца (хоць на ўсё Божая воля), але сымбалічнае само гэтае пазначэньне — хто самыя галоўныя, самыя важныя асобы ў дзяржаве.

Дарэчы, грамадзкая думка гэта выдатна адчувае. У лістападзе летась Chatham House у сваім чарговым апытаньні гарадзкога насельніцтва Беларусі задаў пытаньне: «На каго, на ваш погляд, у першую чаргу абапіраецца Аляксандар Лукашэнка?». Найбольшая доля апытаных — 70% — адказалі «На вайскоўцаў, МУС, КДБ». Для параўнаньня: опцыю «на прэзыдэнцкую вэртыкаль» пазначылі 37%, «на простых людзей» — усяго 13%.

Цікава, што ў тым апытаньні нават гарачыя прыхільнікі Лукашэнкі выказалі погляд, што абапіраецца іх кумір пераважна якраз на сілавікоў. Вельмі паказальны кансэнсус, які маюць у гэтым пытаньні беларусы нават з супрацьлеглымі палітычнымі поглядамі.

Што азначае лёзунг, сфармуляваны Лукашэнкам у разгар пратэстаў — «Часам не да законаў»? Што адзіным абмежаваньнем для людзей у пагонах робіцца ягоная вярхоўная воля. Яна ім яшчэ застаецца, але толькі яна. Але ў Лукашэнкі проста не да ўсяго даходзяць рукі. І таму шмат у якіх пытаньнях законам робіцца ўжо воля, а дакладней, свавольле сілавікоў.

З усяго сказанага наўпрост не вынікае, што сілавікі ўжо маюць ня толькі ўплыў, але і ўладу, што яны, а ўжо не Лукашэнка, і ёсьць улада.

«Ляяльны бунт» генпракурора

Але, магчыма, сытуацыя да такога стану набліжаецца. У гэтым сэнсе вельмі цікавы дэмарш, які ўчыніў генэральны пракурор Андрэй Швед на нарадзе ў Лукашэнкі па пытаньні амністыі і пазбаўленьня грамадзянства палітычных уцекачоў.

Лукашэнка на нарадзе гаварыў пра мэтазгоднасьць амністыі, у тым ліку і адносна правапарушэньняў «пратэставай накіраванасьці». А генпракурор публічна заявіў, што пазыцыя яго ведамства — іншая, прынамсі, была іншай: «Нягледзячы на дастаткова прынцыповую пазыцыю Генэральнай пракуратуры, што акт амністыі не павінен распаўсюджвацца на тых асобаў, якія замахнуліся на сувэрэнітэт, незалежнасьць, канстытуцыйны лад нашай краіны ў 2020–2021 гадах, кіраўнік дзяржавы даручыў узважана падысьці да гэтага пытаньня, індывідуальна і ў першую чаргу праз інстытут памілаваньня. Гэта значыць, тыя асобы, якія ўчынілі злачынствы, зьвязаныя з экстрэмізмам, якія замахнуліся на нашую дзяржаву, якія паднялі руку на праваахоўнікаў, могуць выйсьці на волю».

Спадар Швед у гэтым сьпічы паказаў сябе «большым раялістам, чым кароль». Інтэрпрэтацыі гэтай яго заявы могуць быць розныя.

На думку палітоляга, акадэмічнага дырэктара BISS Пятра Рудкоўскага, гэты «ляялісцкі бунт» быў адно спэктаклем на публіку. «Лукашэнка хоча трошкі астудзіць запал „ястрабаў“, паказаць, што ён не такі крыважэрны на фоне іншых», — мяркуе Рудкоўскі.

Але нават калі пагадзіцца з такой «тэатральнай» трактоўкай, варта адзначыць, што раней у Лукашэнкі не ўзьнікала патрэбы ў такіх «спэктаклях». Зразумела, і раней на закрытых абмеркаваньнях выказваліся розныя думкі, але вонкава, публічна заўсёды дэманстравалася адзінства і волі, і думкі. І ўсе прамоўцы адно ўслаўлялі мудрасьць правадыра.

А тут была прадэманстраваная (мо і штучна) адсутнасьць прынамсі адзінства думкі, пэўная субʼектнасьць прынамсі аднаго сілавога ведамства, пэўны адыход ад прынцыпу — палітык у краіне толькі адзін. І гэта так, нават калі гэта быў спэктакль.

Ну, а ёсьць і іншая, менш мудрагелістая інтэрпрэтацыя — што сілавікі, прынамсі пракуратура, настолькі адчулі сваю моц, залежнасьць першай асобы ад іх, што абвясьцілі пра гэта вуснамі Андрэя Шведа urbi et orbi. Так, у звышляяльнай форме, маўляў, «цар-бацюхна» занадта міласьцівы, а мы сабе гэтага дазволіць ня можам, мы абараняем дзяржаву і самога міласьціўца ад лютых ворагаў.

Цяпер так. А заўтра нагодай ці падставай для пярэчаньняў можа ж стаць і нешта іншае. І ўлада высыплецца, як пясок скрозь пальцы.

У сувязі з гэтым, дарэчы, дапушчальныя розныя інтэрпрэтацыі затрыманьня і ўтрыманьня ў міліцыі кіраўніцы прадстаўніцтва ЭЗ Эвэліны Шульц. Па ідэі, адна з мэтаў амністыі, якая закране і палітвязьняў, — гэта выклікаць нейкую пазытыўную рэакцыю ад Захаду ў адказ.

Захад пакуль ня надта на гэта гатовы. Але калі некаму ва ўладзе (магчыма, у пагонах) хочацца, каб дакладна ніякай пазытыўнай рэакцыі на амністыю не было, то што можа быць лепш, чым плюнуць гэтаму Захаду ў твар, адправіўшы ў пастарунак яго прадстаўніцу? Нескладаная двуххадовачка.

Прывітаньне ад таварыша Яжова

З гістарычнага гледзішча варта заўважыць, што падзеі могуць павярнуцца па-рознаму. Аўтарытарныя ўладары вельмі часта выкарыстоўвалі сілавікоў для бруднай працы, а потым прыбіралі іх. І не за неляяльнасьць, а за тое, што тыя хадой падзеяў набіралі моц і ўплыў, нейкую палітычную субʼектнасьць, прывід самастойнай палітычнай ролі ці нават і адносна самастойную ролю. А правадыры сваёй жывёльнай «чуйкай» адчуваюць у гэтым небясьпеку.

Клімент Варашылаў, Вячаслаў Молатаў, Іосіф Сталін і Мікалай Яжоў, ліпень 1937
Клімент Варашылаў, Вячаслаў Молатаў, Іосіф Сталін і Мікалай Яжоў, ліпень 1937

Ну і плюс новую палітыку зручней рабіць з новымі людзьмі, якія не ствараюць «залежнасьці ад каляіны».

Мо гэта і байка, але нібыта ў 1937 годзе, на піку тэрору, Сталін у размове зь некім, хто рахмана адзначыў занадта вялікія маштабы людазабойства, сказаў: «Перад законам усе роўныя, НКВД і мяне арыштаваць можа». І ўсьміхнуўся ў вусы.

А ў 1938 годзе пачалося падзеньне Мікалая Яжова. Сталін вырашыў скарэктаваць палітыку, прыцішыць тэрор (не спыніць, зразумела). А асобу, зь якой пік тэрору асацыяваўся, прыбраць. Маўр зрабіў сваю справу, маўр мусіць сысьці.

Андрэю Шведу, як і іншым сілавікам, карысна памятаць гэты сюжэт. Хаця ня выключана, што ён яго якраз памятае як ніхто. І ягоны дэмарш быў сапраўды роляй у спэктаклі, сцэнар якога пісаў ня ён. І ў якога будзе наступны акт — закланьне выбранай ахвяры. Як зь Яжовым. З карэкцыяй на час, зразумела. Лёсу Яжова не пажадаеш нікому, нават спадару Шведу.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG