Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады агучылі пляны для ІП: спрошчаную сыстэму падаткаабкладаньня скасаваць, павялічыць падаткі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Улады Беларусі намагаюцца, каб індывідуальныя прадпрымальнікі (ІП) трансфармаваліся ў юрыдычныя асобы.

Паводле новага законапраекту, вынесенага на нараду ў Аляксандра Лукашэнкі міністрам эканомікі Аляксандрам Чарвяковым, індывідуальным прадпрымальнікам у Беларусі хочуць цалкам забараніць карыстацца спрошчанай сыстэмай падаткаабкладаньня і зьбіраюцца падняць стаўкі падаткаў з 16 да 20%, а з 2024 году — да 25%.

Лукашэнка пры гэтым настойвае на скарачэньні сфэры дзейнасьці індывідуальных прадпрымальнікаў. Ён лічыць, што яны мусяць рэгістраваць юрыдычныя асобы, а статус ІП павінен застацца толькі ў тых, хто не адрозьніваецца ад рамесьніка.

«Трэба стварыць прадпрымальнікам стымул да трансфармацыі ў юрыдычную асобу. Гэта факт», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з урадам, перадае яго прэс-служба.

Згодна з законапраектам, вынесеным на нараду ў Лукашэнкі міністрам эканомікі Аляксандрам Чарвяковым, індывідуальным прадпрымальнікам у Беларусі хочуць цалкам забараніць спрошчаную сыстэму падаткаабкладаньня для ІП з 2023 году і падняць стаўкі падаткаў з 16 да 20%, а з 2024-га — да 25%.

Гэтыя захады, на думку Чарвякова, стануць стымуламі для перарэгістрацыі ІП у юрыдычныя асобы.

Акрамя таго, плянуецца скараціць пералік відаў дзейнасьці для выплаты адзінага падатку і павялічыць яго стаўкі ў паўтара-тры разы.

«[ІП] Гэта фактычна рамесьнік. Гэта чалавек, які робіць тое, што ніхто, апроч яго, зрабіць ня зможа. А ў нас што адбылося — усе сталі прадпрымальнікамі — ад вайскова-прамысловага комплексу да вясельных і пахавальных рытуалаў», — сказаў Лукашэнка.

Пасьля жнівеньскіх падзеяў 2020 году ў дачыненьні да індывідуальных прадпрымальнікаў увялі абмежаваньні па дапушчальных відах дзейнасьці, адмянілі спрошчаную сыстэму падаткаабкладаньня.

Аляксандар Лукашэнка таксама выказаў незадаволенасьць у дачыненьні да выконваньня нормаў ягонага ўказу аб аграэкатурызьме. Паводле Лукашэнкі, пад аграсядзібы маскуюцца рэстараны і гатэлі.

Аднак, як паведаміў БелТА Чарвякоў па выніках сёньняшняй нарады, законапраект аб разьвіцьці прадпрымальніцтва будуць дапрацоўваць. Паводле яго слоў, сыстэма падалася Лукашэнку занадта складанай.

«…Задача – спрасьціць сыстэму, з аднаго боку. Зь іншага боку, зрабіць яе празрыстай у частцы плацяжоў, выплаты падаткаў, зрабіць яе справядлівай у частцы ўдзелу кожнага суб'екта прадпрымальніцтва ў папаўненьні бюджэту», – сказаў міністар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG