Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падатак для грыбнікоў, падатак на кватэру. Якія новыя паборы прыдумалі беларускія ўлады


Міністэрства па падатках і зборах Беларусі. Архіўнае фота
Міністэрства па падатках і зборах Беларусі. Архіўнае фота

Улады прыдумалі браць падаткі з грыбнікоў і ўладальнікаў агародаў, таксама трэба плаціць падатак на кватэру і на выезд за мяжу. Якія новыя паборы ўжо ўвялі?

Беларускія ўлады думаюць падняць падатак на даданую вартасьць да 23% (цяпер ён 20%, але на шэраг тавараў ёсьць ільготы). Пра такія пляны паведаміў бізнэс-саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў, аднак хутка гэтую інфармацыю прыбралі зь іхнага сайта. Глядзім, якія новыя падаткі ўжо ўвялі беларускія ўлады.

Падатак на грыбы і агарод

Для фізычных асобаў, якія зарабляюць грошы з прадукцыі свайго падворку, увялі падатак яшчэ ў студзені. Ён складае 10% ад даходу. Такі падатак чалавек будзе плаціць, калі пры праверцы расходаў і даходаў выявяць, што ён набыў маёмасьць за грошы ад продажу прадукцыі са свайго падворку.

Падатак будзе вылічвацца, калі сума набытай маёмасьці перавышае 200 базавых велічыняў (6400 рублёў).

Па падобнай схеме будуць разьлічваць падаткі і для грыбнікоў.

Падатак на кватэру

З 1 студзеня ўлады ўвялі падатак на кватэру (нават калі яна адна), які разьлічваецца па схеме 0,1% ад кошту аднаго квадратнага мэтра. У Менску ў сярэднім гэты падатак складае 50 рублёў на год, у рэгіёнах — менш.

Выключэньні існуюць для пэнсіянэраў, інвалідаў I і II групы, непаўналетніх, недзеяздольных, вайскоўцаў, удзельнікаў Другой сусьветнай вайны.

Вырасьлі падаткі для ІП

З гэтага году ўлады паднялі стаўкі адзінага падатку да 16% (раней па спрошчанай сыстэме плацілі 6%).

Выключэньне — такія сфэры, як турыстычная дзейнасьць, дзейнасьць у сфэры аховы здароўя, дзейнасьць сухапутнага транспарту, паслугі грамадзкага харчаваньня, кампутарнае праграмаваньне.

Падатак на выезд за мяжу

У красавіку мінулага году ўлады прыдумалі ўвесьці падатак для тых, хто выяжджае на мяжу на сваім аўтамабілі праз наземныя пункты пропуску. Каб выехаць, трэба заплаціць 1 базавую велічыню, або 32 рублі. Калі ўводзіць падатак, вырашалі мясцовыя ўлады, таму ў розных абласьцях яго пачалі спаганяць у розны час.

Удвая вырас падатак для трымальнікаў аграсядзібаў

Раней трымальнікі аграсядзібаў плацілі 1 базавую велічыню за месяц, цяпер жа стаўка складае 2 базавыя велічыні, або 64 рублі на месяц.

Гэтыя падаткі ўлады думалі ўвесьці ў розныя часы, але не ўвялі

  • Падатак на беспрацоўе — уведзены часова ў 2017 годзе і тады ж адменены ў сувязі з масавымі пратэстамі, заменены на павышаную камуналку для беспрацоўных і тых, хто зьехаў.
  • Падатак на адсутнасьць дзяцей — такі падатак у 2010 годзе прапанаваў для мужчын ва ўзросьце ад 25 да 40 гадоў кіраўнік Фэдэрацыі прафсаюзаў Леанід Козік.
  • Падатак для ўладальнікаў мабільных тэлефонаў — прапанаваны тагачасным дэпутатам Васілём Хролам у 2006 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG