Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік ЦРУ: расейскае ўварваньне ва Ўкраіну выглядае «правалам»


Ўільям Бёрнс
Ўільям Бёрнс

Кіраўнік Цэнтральнага разьведвальнага ўпраўленьня ЗША (ЦРУ) Ўільям Бёрнс назваў найбуйнейшым пралікам Уладзіміра Пуціна недаацэнку мужнасьці ўкраінцаў і іх ваеннага патэнцыялу і прывёў ў прыклад пасьпяховае контрнаступленьне ўкраінскіх войскаў у раёне Харкава і пад Хэрсонам.

Хоць фінальная частка вайны яшчэ не напісана, «вельмі цяжка ацаніць ход кампаніі для Пуціна інакш, як правал», лічыць Уільям Бёрнс.

Па словах Бёрнса, адна з праблем заключаецца ў тым, што Пуцін аточаны дарадцамі, не гатовымі прапаноўваць альтэрнатыўны пункт гледжаньня. Расейскі лідэр таксама чакаў, што рашучасьць эўрапейцаў падтрымліваць Украіну хутка скончыцца ў той час, як увага амэрыканцаў будзе адцягнута іншымі праблемамі ва ўмовах зацяжнога ваеннага канфлікту, лічыць кіраўнік ЦРУ.

У гэты момант, мяркуе Бёрнс, Пуцін разьлічвае на тое, што ў яго больш запасу трываласьці, чым ва ўкраінцаў, эўрапейцаў і амэрыканцаў, зьдзяйсьняючы тую ж памылку, якая была зьдзейсьнена перад пачаткам уварваньня. Гэты новы пралік, на думку дырэктара ЦРУ, будзе мець далёкасяжныя наступствы, паколькі «ня толькі паказвае слабасьць расейскай арміі, але і гарантуе доўгатэрміновы ўрон для расейскай эканомікі і пакаленьняў расейцаў».

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі учора заявіў у сваім традыцыйным відэазвароце, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны «вызвалілі дзясяткі населеных пунктаў» і вярнулі сабе тысячу квадратных кілямэтраў тэрыторыі на ўсходзе і поўдні краіны з 1 верасьня.

Зяленскі таксама апублікаваў відэа, у якім украінскія салдаты паведамлялі аб вызваленьні гораду Балаклеі Харкаўскай вобласьці.

Раней украінскі генэрал Аляксей Громаў заявіў, што ўкраінскія вайскоўцы прасунуліся на 50 кілямэтраў у тыл расейскіх войскаў і вярнулі кантроль над двума дзясяткамі населеных пунктаў у Харкаўскай вобласьці.

Пры гэтым мясцовы чыноўнік Віталь Ганчаў, які перайшоў на расейскі бок у 2014-м годзе, сьцьвярджаў на расейскім дзяржаўнай тэлевізіі, што Масква адбіла ўкраінскую спробу акружыць і захапіць Балаклею, якая, паводле яго слоў, застаецца пад кантролем расейскіх Узброеных сіл.

Украіна ўжо некалькі тыдняў вядзе контрнаступленьне на паўднёвым фронце ў раёне Хэрсона. Заходнія вайсковыя аналітыкі мяркуюць, што Расея, магчыма, пакінула сябе неабароненай у іншых абласьцях, паколькі перакінула войскі на поўдзень.

Дарадца прэзыдэнта Ўкраіны Аляксей Арастовіч падкрэсьліў:

«Гэта вялізны посьпех. Мы знайшлі слабое месца, дзе супернік не быў гатовы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG