Ксенія нарадзілася ў расейскай Пермі, дзе ў ракетнай вучэльні вучыўся ейны бацька. Потым сям’я жыла ў Петрыкаве і Слуцку. Дзяўчына захаплялася гісторыяй, займала прызавыя месцы на алімпіядах. З чырвоным дыплёмам скончыла гістфак БДУ.
Разам зь сябрам падала заяўкі з канкрэтнымі праектамі на тэлевізію, сябра ўзялі на АНТ, Ксенію — на БТ. У 24 гады (у 2008-м) стала шэф-рэдактаркай студыі дакумэнтальнага кіно.
У 2013 годзе яна скончыла асьпірантуру. На БТ Ксенія адпрацавала 15 гадоў: здымала выключна дакумэнтальныя фільмы, гістарычныя рэпартажы.
Зь ліста Ксеніі Луцкіной бацьку:
«Вялікай Айчыннай я займалася як дакумэнталіст. Як дасьледчыка мае тэмы — гісторыя БССР, культура Беларусі другой паловы ХХ стагодзьдзя. Проста здолела сумясьціць дзьве прафэсіі. Тэлевізійнік я да мозгу касьцей, як і гісторык... У навінах ніколі не працавала. Ад пачатку разьвівалася ў навукова-асьветніцкім, папулярным жанрах».
На сайце Белтэлерадыёкампаніі дагэтуль дсясяткі фільмаў Луцкіной
Ксенія прапанавала свой аўтарскі праект «Terra incognita» («Невядомая Беларусь»), зьняла звыш 140 праграм, якія выходзілі кожную пятніцу, а таксама больш за 20 дакумэнтальных фільмаў. За гэты цыкль яе каманда атрымала дзьве нацыянальныя прэміі «Тэлевяршыня» — за найлепшую тэматычную праграму і за найлепшы дызайн.
Дагэтуль на сайце Белтэлерадыёкампаніі можна знайсьці дзясяткі фільмаў Ксеніі з цыклю «Тerra Іncognita».
Яшчэ адну «Тэлевяршыню» Ксенія заваявала за цыкль з чатырох дакумэнтальных фільмаў да 30-годзьдзя чарнобыльскай катастрофы «Зямля страчаная. Зямля здабытая». Чарнобыльскі цыкль Ксенія прысьвяціла сваёй бабулі-ліквідатарцы, якая працавала ў адміністрацыі Магілёўскай вобласьці, атрымала вялікую дозу апраменьваньня, захварэла на рак і памерла.
Яшчэ адзін праект Луцкіной — пра Другую сусьветную вайну: «1418 дзён. Гісторыя перамогі», зьняты ў 2020 годзе.
Зь ліста Ксеніі Луцкіной родным:
«Па словах экспэртаў, „1418 дзён“ — мая найлепшая праца. Яна вельмі важная для мяне з многіх прычынаў. Самае важнае — я людзей паказала ў тых абставінах, перажыць якія ня ўсім пад сілу. Думала пра сваіх продкаў, калі пісала...
Цяпер сама ў падобных абставінах... Бачыш, як жыцьцё паварочваецца...»
«Трымайцеся! І ўсьміхайцеся кожнаму новаму дню»
Адразу пасьля выбараў 2020 году Ксенія далучылася да страйку, звольнілася з БТ і ўвайшла ў асноўны склад Каардынацыйнай рады.
Ксенію Луцкіну затрымалі 22 сьнежня 2020 году, у адзін дзень з супрацоўнікамі «Прэс-клюбу». Больш за яе да суду ўтрымліваюць за кратамі толькі сына Віктара Бабарыкі Эдуарда, якога затрымалі на паўгода раней.
Спачатку яе вінавацілі ў нясплаце падаткаў. Калі ў жніўні 2021 году справу «Прэс-клюбу» закрылі, Ксеніі выставілі новае абвінавачаньне — паводле ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу (Змова ці іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады).
Генпракуратура Беларусі сьцьвярджае, што Ксенія Луцкіна нібыта займалася стварэньнем «грамадзкай беларускай інтэрактыўнай тэлевізіі, мэта якой — утойваньне і скажэньне рэальных фактаў, эскаляцыя пратэставай актыўнасьці, стымуляваньне расколу ў беларускім грамадзтве, фармаваньне ў людзей нэгатыўнай думкі аб дзейнасьці дзяржорганаў».
Ксенія з турмы піша вельмі аптымістычныя лісты сябрам. На аркушы заўсёды пакідае свой фірмовы лягатып: чырвонае сэрцайка і подпіс: «Усё будзе добра».
Зь ліста Ксеніі Луцкіной сяброўцы:
«Галоўнае сонца ў чалавека ня звонку, а ўнутры. Ад яго і ўсьмешкі ў вачах, адсутнасьць жаху перад нечым новым, і ўменьне любіць, не баяцца нічога! Трымайцеся! І ўсьміхайцеся кожнаму новаму дню».
На Валадарцы ў Ксеніі пачаліся сур’ёзныя праблемы са здароўем, Абвастрылася бранхіяльная астма. У 2014 годзе Ксеніі зрабілі складаную нэўралягічную апэрацыю: выдалілі дзьве пухліны ў мозгу. Цяпер пухліна зноў зьявілася і расьце.
У Ксеніі ёсьць 10-гадовы сын Мацьвей, якога цяпер выхоўвае яе бацька.