Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць на канале Свабода Premium палітычныя аглядальнікі Радыё Свабода Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Сяргей Навумчык.
Карбалевіч
- Лёс Гарбачова — добрая ілюстрацыя да таго, якімі могуць быць непрадбачаныя наступствы дзеяньняў палітыка. Ён хацеў аднавіць Савецкі Саюз, стварыць больш справядлівую сыстэму, а ў выніку СССР разваліўся. Гарбачоў шчыра не разумеў, што дэмакратычнага СССР ня можа быць у прынцыпе.
- Калі ацэньваць Гарбачова з гледзішча беларускіх нацыянальных інтарэсаў, я ня бачу ніякіх адмоўных бакоў, няма нічога чорнага, усё белае. Я бачыў сацыялягічнае дасьледаваньне, якое рабілі некалькі гадоў таму па ўсіх дзяржавах — былых рэспубліках СССР. Там задавалася пытаньне пра стаўленьне да развалу Савецкага Саюзу і ўзьнікненьня незалежных дзяржаваў. Толькі ў Расеі стаўленьне да гэтага адмоўнае. Гарбачоў — пастаць абсалютна пазытыўная для Беларусі.
Дракахруст
- У сацыяльных сетках, у інфармацыйнай прасторы выказваюцца розныя ацэнкі ролі Гарбачова, у тым ліку і вельмі крытычныя.
- Першае, што яму закідаюць, — гэта Чарнобыль, паводзіны ўладаў адразу пасьля катастрофы, дэманстрацыі ў Беларусі на 1 траўня 1986 году, неаказаньне дапамогі людзям, якія сталі ахвярамі выбуху.
- Прыгадваюць «сухі закон» Гарбачова, які выклікаў вялікае масавае незадавальненьне і нанёс удар па бюджэце. Эканамічная палітыка Гарбачова ў значнай ступені была прычынай глыбокага эканамічнага крызісу пачатку 90-х.
- Ёсьць тыя, для каго Гарбачоў — злачынца, бо разваліў іх любімы Савецкі Саюз. Але некаторыя папракаюць яго тым, што ён быў слабым уладаром. Мы бачым, як шмат у дзейнасьці Лукашэнкі вызначае сындром Гарбачова, нежаданьне быць падобным да Гарбачова, нежаданьне, каб улада высыпалася, як пясок скрозь пальцы.
Навумчык
- Я часткова магу пагадзіцца з крытыкай на адрас Гарбачова, найперш — наконт Чарнобылю. Хаця падзяліць адказнасьць зь ім павінны кіраўнікі Беларусі. Гарбачоў абвясьціў эпоху галоснасьці, але ён жа першы і ня вытрымаў іспыт на яе.
- Яго публічны зварот да савецкага народу наконт Чарнобыльскай катастрофы прагучаў толькі праз 3 тыдні пасьля яе. Прычым палова выступу была прысьвечаная крытыцы Захаду, які нібыта хоча скарыстаць гэтую аварыю, каб абвінаваціць савецкае кіраўніцтва.
- Але я думаю, што было б, калі б на месцы Гарбачова быў бы, скажам, Грышын — першы сакратар Маскоўскага гаркаму КПСС. Ці ня здарылася б з Чарнобылем так, як здарылася ў свой час падчас ядзерных катастрофаў у Сяміпалацінску і Чалябінску? Сказалі б, што адбыўся невялічкі інцыдэнт. А што ў Швэцыі падвысіўся ўзровень радыяцыі, дык а мы тут пры чым? Паставілі б тры дывізіі ў ачапленьне вакол станцыі. І ніхто б ні пра што не даведаўся ня толькі праз тры тыдні, але і праз тры гады.
- Ён не хацеў ані распаду СССР, ані зьнішчэньня камуністычнай сыстэмы. Ён толькі крыху аслабіў гайкі, але кацёл рвануў так, што, як нехта трапна сказаў, адарвала рукі і самому Гарбачову.
- У авангардзе руху Беларусі да дэмакратыі і незалежнасьці быў БНФ. Але ў дэклярацыі аб утварэньні БНФ у першых радках гаварылася пра «перабудову, распачатую лепшымі сіламі КПСС».
- Калі не Гарбачоў, ня змог бы Зянон Пазьняк надрукаваць свой артыкул пра Курапаты і не было б ніякага БНФ.
Карбалевіч
- І абвяшчэньне дэклярацыі аб сувэрэнітэце Беларусі канстытуцыйным законам, і Белавескія пагадненьні былі вынікам таго працэсу, які запусьціў Гарбачоў. Яго рэформы зьверху былі нечакана падтрыманыя рэвалюцыяй зьнізу. Але не было б гэтых рэформаў зьверху, не было б нічога — ні краху камунізму, ні распаду імпэрыі.
- Для палітыка, як і для спартоўца, важна зразумець час, калі ён павінен сыходзіць з арэны. Лукашэнка гэты час прапусьціў.
- А Гарбачоў зразумеў, што вычарпаў сваю гістарычную ролю, і сышоў, ня стаў змагацца за ўладу, ня стаў утрымліваць яе сілавымі мэтадамі. Хоць магчымасьці ў яго былі. З пункту гледжаньня савецкіх законаў Белавескія пагадненьні былі сумнеўныя.
Дракахруст
- Неўзабаве пасьля іх падпісаньня адзін з падпісантаў, прэм’ер Беларусі Вячаслаў Кебіч, казаў, што дастаткова было б роты дэсантнікаў, каб арыштаваць усіх падпісантаў.
Карбалевіч
- Лукашэнка і Гарбачоў — антыподы паводле разуменьня сваёй гістарычнай ролі. І я тут на баку Гарбачова.
Навумчык
- Гісторыя ацэньвае вынікі дзейнасьці лідэра, а не яго намеры. І ў ацэнцы лідэраў таксама варта ўлічваць і тое, што яны не зрабілі, а маглі б зрабіць. У Гарбачова ажно да Белавескіх пагадненьняў былі ўсе рычагі, найперш — армія і КДБ, каб закруціць гайкі назад. І ніхто ня пікнуў бы. І ня толькі ў СССР.
- Ён мог не дапусьціць аксамітнай рэвалюцыі ў Чэхаславаччыне. Ён, наадварот, загадаў, каб ніводзін савецкі танк ня выйшаў з боксаў, калі пачаліся масавыя пратэсты ў Празе ў 1989 годзе.
- Я знайшоў відэазапіс выступу Лукашэнкі, тады старшыні саўгасу, на нарадзе ў Гарбачова. Пасьля той нарады пра Лукашэнку пачаў пісаць друк — і беларускі, і ўсесаюзны. І на той нарадзе Лукашэнка казаў Гарбачову, што трэба больш дысцыпліны і парадку. У яго і тады былі такія жаданьні.
- Так, была кроў у Вільні, у Тбілісі, у Баку. Але Гарбачоў і даваў задні ход, стрымліваў генэралаў. А хацеў бы — дык уратаваў бы і імпэрыю, і кампартыю, праліўшы кроў мільёнаў людзей. Важна, што ён гэтага не зрабіў.