Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ад бюракратыі можна звар’яцець, але людзі вельмі душэўныя». Плюсы і мінусы жыцьця ў Харватыі


Аляксей Качановіч — навуковец-фізык, у Заграбе жыве зь лістапада 2021 году. Для праекту Свабоды «Новая зямля» ён падзяліўся сваімі ўражаньнямі ад жыцьця ў Харватыі.

«Абіраў паміж Харватыяй і Чылі»

«Да Харватыі я пажыў у Беларусі, Нямеччыне, Польшчы і нават Расеі. Я фізык, доктар натуральных навук. На дадзены момант постдок у Інстытуце Руджара Бошкавіча — гэта такі аналяг беларускай Акадэміі навук. Постдок у заходніх краінах — гэта навуковае дасьледаваньне, якое вучоны выконвае пасьля атрыманьня ступені PhD. Я займаюся тэарэтычнай фізыкай, фізыкай часьцінак», — расказвае пра сябе Аляксей.

Ня так даўно МУС прызнаў «экстрэмісцкім фармаваньнем» суполку «Ўкантакце» «За адзіную дзяржаўную мову ў Беларусі», якую адмініструе Качановіч, таму дарога на радзіму яму пакуль закрытая.

«У Харватыю прыехаў праз працу. У навуковым сьвеце цяпер ня самы просты пэрыяд: спачатку быў ковід, потым пачалася поўнамаштабная вайна ва Ўкраіне. Першае, што пачалі скарачаць, — фундамэнтальныя дасьледаваньні. Пазыцый стала нашмат меней у параўнаньні з тым, што было. Баюся, што стане яшчэ меней. Мне прапаноўвалі на выбар Чылі і Заграб, я абраў Харватыю, хоць у Чылі было нават лепей з аплатай, але ня ведаў, чаго чакаць ад гэтай краіны».

У цэнтры Заграба
У цэнтры Заграба

«Вельмі вялікая бюракратыя»

Аляксей кажа, што найбольш у Харватыі яго ўразіла дарагоўля. Ён кажа, што цэны тут на ўзроўні нямецкіх, а на прадукты харчаваньня нават большыя.

«Таксама мяне ўразіла, што тут ніхто ні пра што не клапоціцца, рытм жыцьця вельмі павольны. У дзяржаўных установах часта сутыкаесься з тым, што супрацоўнікі нічога ня ведаюць. Калі там сядзяць тры чалавекі, то кожны кажа сваё. Вельмі вялікая бюракратыя, хочуць шмат паперак, але самі ня ведаюць, якіх менавіта», — абураецца спадар Качановіч.

Што тычыцца мовы, то мужчына прызнаецца, што харвацкая досыць добра зразумелая, тым больш ён вольна валодае беларускай, расейскай і польскай, а таксама крыху ўкраінскай і чэскай. Пры гэтым жыхары гораду няблага ведаюць ангельскую, хаця б некалькі фразаў могуць сказаць. Часам ратуе і нямецкая мова, якую вучылі харваты старэйшага пакаленьня.

Паўднёвая Харватыя, на ўзбярэжжы Адрыятычнага мора, 18 ліпеня 2022
Паўднёвая Харватыя, на ўзбярэжжы Адрыятычнага мора, 18 ліпеня 2022

Заграб — гэта не ўзьбярэжжа, а кантынэнтальная частка Харватыі. Аляксей кажа, што надвор’е ў горадзе досыць кантраснае. Зімой уначы амаль заўсёды мінус, вада ў калюжынах замярзае, а ўдзень тэмпэратура ўжо плюсавая.

«Шмат хто паліць дровамі»

«Цэнтральнага ацяпленьня тут няма амаль нідзе. У дамах стаяць бойлеры. Шмат хто нават паліць дровамі. Я жыву ў досыць спэцыфічным раёне, дзе шмат драўляных дамоў, — Дубрава. Тут амаль усе паляць дровамі. Зімой нават дыхаць праз гэта няма чым. Гэта выходзіць таньней, чым выкарыстоўваць газ».

Аляксей наймае кватэру ня ў цэнтры Заграба за 350 эўра ў месяц. Калі наймаць у цэнтры, то цана будзе 500–600 эўра. Аляксей кажа, што да 2020 году цэны былі нават меншыя, але ўмяшаўся землятрус, пасьля якога засталося шмат пашкоджаных будынкаў, якія рамантуюць па сёньняшні дзень.

«Калі ў беларускім разуменьні, то я наймаю „палутарку“. Ёсьць адзін невялічкі пакой, а таксама вялікая студыя. Гаспадары кажуць, што гэта 53 мэтры квадратныя, мабыць, разам зь вялікім бальконам. Кватэра ў прыватным доме, у гэтым доме жывуць і гаспадары. На трэцім паверсе яны здаюць кватэры. Дом дастаткова новы, яму ня больш за 10 гадоў».

Да працы Качановічу дабірацца каля 40–50 хвілін. Але грамадзкі транспарт не заўжды ходзіць па раскладзе, таму часам даводзіцца аддаваць на дарогу больш за гадзіну.

«За камунальныя паслугі ў сярэднім выходзіць 100–150 эўра. Узімку даходзіць да 180 эўра, летам мінімальна каля 80 эўра».

«Ці прагульваць працу, ці не ісьці на рынак»

Па словах Аляксея, галоўная нязручнасьць з прадуктамі харчаваньня ў тым, што многае проста банальна не прадаецца ў супэрмаркетах. Напрыклад, там проста немагчыма купіць зеляніну, а таксама шмат што з садавіны. Ратуе мясцовы рынак, але ён працуе да 13–14 гадзіны.

«Даводзіцца ці ехаць да працы, ці прагульваць саму працу. Гэта стварае нязручнасьці. За курыную грудку тут просяць 7,5 эўра за кіляграм, за дзясятак яек — 2,2 эўра. Рыба тут дарагая, дзесьці за 100 грамаў ласося даводзіцца аддаць 7 эўра. Хлеб каштуе каля 1,5 эўра за бохан. Якасьць прадуктаў задавальняе ў цэлым».

Што тычыцца садавіны і гародніны, то па словах Аляксея, за кіляграм чарэшань трэба аддаць 2 эўра, яблык — 1,2 эўра.

«Досыць танныя грушы — 1,5 эўра. Апэльсіны можна купіць танныя — каля 1,5 эўра за кіляграм. Манга — прыкладна 1 эўра за штуку. Кіляграм памідораў — 1,7 эўра, за тры кіляграмы бульбы ў краме хочуць 2,25 эўра».

На рынку ў Заграбе
На рынку ў Заграбе

«Пасядзець удваіх у рэстаране — ад 40 эўра»

Аляксей палюбіў харвацкую кухню. Кажа, што ў нечым яна падобная да чэскай. Шмат што з нацыянальных страваў гатуюць у кавярні пры Інстытуце. Самі харваты любяць мяса, ядуць яго ў самых розных і незвычайных камбінацыях.

«Схадзіць у рэстаран досыць дорага, бо ўсё разьлічана на турыстаў. Мясцовыя любяць пасядзець у кавярні і папіць каву ці іншыя напоі. Алькагольныя кактэйлі тут танныя — ад 2 эўра. У цэлым пайсьці паесьці ў рэстарацыю на дваіх — трэба разьлічваць суму ад 40 эўра. Гэта і асноўныя стравы, і алькаголь».

Кава ў харвацкай сталіцы каштуе ад 1,5 эўра. Аляксей кажа, што ўсе п’юць толькі эспрэса, у нетурыстычных раёнах амэрыкана практычна не знайсьці. Цана за куфаль піва таксама пачынаецца ад 1,5 эўра.

Мітынг у падтрымку Ўкраіны ў Заграбе
Мітынг у падтрымку Ўкраіны ў Заграбе

«Электронныя мэдычныя карткі»

З плюсаў Харватыі Аляксей называе электронную мэдычную сыстэму. На кожнага чалавека заведзеная адмысловая электронная картка. Пацыент, каб атрымаць рэцэпт ад доктара, нават ня мусіць асабіста да яго ісьці, дастаткова напісаць ліст, і на гэтую электронную картку прыйдзе рэцэпт.

«Гэта больш прагрэсіўна, чым у некаторых іншых заходніх краінах. Мясцовыя скардзяцца, што мэдыцына тут на нізкім узроўні, але пакуль не сутыкаўся вельмі шчыльна. У мяне ёсьць дзяржаўная страхоўка ад працы. Зь ёй я не магу пайсьці ў прыватныя клінікі. Гэта ня дужа зручна. Харваты скардзіліся на чэргі ў клініках, але да нашага сямейнага доктара чэргі ня вельмі вялікія. Страхоўка каштуе каля 80 эўра на месяц».

Але страхоўка не пакрывае выдаткаў на стаматолягаў. Залячыць зуб у сталіцы Харватыі будзе каштаваць ад 100 эўра.

«На фоне харвацкіх заробкаў — гэта дорага. Вядома, ёсьць дзяржаўныя клінікі, але яны досыць „тапорныя“. Толькі калі зуб вырваць ці часовую плёмбу паставіць, а так я б туды не хадзіў, шкада зубоў».

«Добрыя цырульнікі і манікюршчыцы зьяжджаюць у Нямеччыну»

Аляксей вырашыў не карыстацца паслугамі мясцовых мабільных апэратараў, пакінуў сабе нямецкую сімку, якая працуе і ў Харватыі. Так выходзіць таньней: за мабільную сувязь ён аддае 10 эўра на месяц, а самыя танныя мясцовыя тарыфы — 13–15 эўра. За хатні інтэрнэт трэба плаціць каля 25 эўра на месяц, нараканьняў на яго працу ў нашага суразмоўцы няма.

«За цырульню давядзецца аддаць нешта каля 10 эўра. Залежыць ад месца і майстра. Але ўсе нармальныя цырульнікі адсюль зьехалі ў Нямеччыну, таму якасьць кульгае. Жонка кажа, што за манікюр аддавала каля 30 эўра, але гэта майстры, што прыехалі з Украіны. Насамрэч з манікюрам тая ж праблема, што і з цырульнікамі, — усе найлепшыя на заробках у Нямеччыне».

Асабліва падарожнічаць па краіне да апошняга часу не атрымлівалася. Справа ў тым, што жонка Аляксея нейкі час не працавала, таму жылі на адзін заробак. Цяпер сытуацыя зьмянілася.

«Я быў у Задары, езьдзілі на адпачынак на мора ў Рыеку, а таксама езьдзіў у Сараева. На курортах усё даражэйшае, малыя крамы ў сэзон даражэйшыя на 50%, чым у Заграбе. Але ў вялікіх сетках і ў якім „Макдональдсе“ каштуе ўсё столькі сама».

Беларусаў Аляксей сустракаў на пратэстах супраць вайны ва Ўкраіне. Кажа, што большасьць зь іх жыве ў Заграбе даўно.

«Адна дзяўчына тут знайшла мужа, але яны жылі ў Менску, а пасьля пратэстаў 2020 году зьехалі ў Харватыю».

Дэманстрацыя з Заграбе, 2021
Дэманстрацыя з Заграбе, 2021

«Харваты вялікія традыцыяналісты»

Напрыканцы размовы Аляксей кажа, што ня вельмі б раіў Харватыю для рэлякацыі.

«Паўтаруся, што тут можна звар’яцець ад бюракратыі. Калі ўсё ж наважыліся, то лепш, каб заробак прыходзіў аднекуль яшчэ, а не з Харватыі. У мяне неблагі па мясцовых мерках заробак, але я адчуваю сябе горш фінансава, чым у Нямеччыне. Калі ў Нямеччыне мы раз на тыдзень-два рабілі сушы, то тут гэта вельмі дорага. У той жа Польшчы заробкі прыкладна такія ж, але цэны ніжэйшыя істотныя».

Па словах Качановіча, добрым заробкам у Харватыі лічыцца 800–900 эўра.

«Я нават да канца не разумею, як яны тут выжываюць. Тлумачаць, што ў большасьці ёсьць свае кватэры, бяруць дадатковую працу. Часта за розныя працы ня плацяць падаткі».

Ну, а галоўны плюс Харватыі — гэта душэўныя людзі. Аляксей кажа, што яны вельмі лёгка ідуць на кантакт, стараюцца дапамагчы.

«Выцягнуць іх кудысьці вельмі цяжка, але ў астатнім людзі душэўныя і цёплыя. Не як немцы дакладна. Пры гэтым харваты вялікія традыцыяналісты, шмат што будуецца на такіх каштоўнасьцях. Яны больш традыцыйныя нават, чым нават палякі. Заграб па атмасфэры мне нагадвае заходнебеларускае мястэчка, як нейкія Стоўпцы. Ім важная сям’я, традыцыі, крыху дамастрой. Зьнешне ўсё выглядае, вядома, па-іншаму, але атмасфэра дакладна такая ж».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG