«Космас-482» запусьцілі 31 сакавіка 1972 году з касмадрому Байканур у Казахстане, тады частцы Савецкага Саюзу.
Калі б усё прайшло добра, ён бы прызямліўся на сьпякотную паверхню Вэнэры і стаў бы дзявятай бесьпілётнай місіяй савецкага карабля на плянэту. Аднак няспраўнасьць ракеты-носьбіта пакінула карабель на калязямной арбіце. З таго часу «Космас-482» павольна вяртаецца на нашу плянэту.
«Гэта артэфакт, які павінен быў ляцець на Вэнэру паўстагодзьдзя таму, быў згублены і забыты на паўстагодзьдзя», — сказаў Джонатан Макдаўэл, астраном з Гарвардзкага і Сьмітсанаўскага цэнтру астрафізыкі, які вядзе публічны каталёг аб’ектаў у космасе.
Ахінуты ахоўным цеплавым экранам, касьмічны карабель вагою каля 476 кг быў распрацаваны, каб перажыць падзеньне скрозь таксычную атмасфэру Вэнэры. Гэта азначае, што ёсьць вялікая імавернасьць, што ён перажыве апусканьне і зможа дабрацца да паверхні хаця б часткова цэлым. Рызыка траўмаў на зямлі нізкая.
Калі «Космас-482» вернецца на Зямлю?
Ацэнкі мяняюцца штодня, але прагназаваныя дні вяртаньня ў атмасфэру ў цяперашні час — 9 або 10 траўня.
Калі «Космас-482» перажыве вяртаньне ў атмасфэру (а гэта павінна быць так, пакуль яго цеплавы шчыт цэлы), касьмічны апарат будзе рухацца з хуткасьцю каля 240 кілямэтраў на гадзіну перад тым як упасьці.
Пра месца падзеньня навукоўцы ня склалі адзінай думкі. Становішча хутка зьмяняецца, спрагназаваць месца падзеньня пакуль немагчыма. Гэта можа здарыцца на некалькіх кантынэнтах.
Форум