Генэральны дырэктар Міжнароднага агенцтва атамнай энэргетыкі Рафаэль Марыяна Гросі заявіў аб гатоўнасьць ачоліць тэрміновую місію арганізацыі на Запароскую АЭС, якая цалкам спыняла сваю працу 25 жніўня ў выніку спрацоўваньня аварыйнай сыстэмы абароны на двух энэргаблёках.
«Практычна кожны дзень адбываецца новы інцыдэнт на Запароскай АЭС або каля яе. Мы ня можам дазволіць сабе больш траціць час. Я поўны рашучасьці асабіста ўзначаліць місію МАГАТЭ на АЭС у наступныя некалькі дзён, каб дапамагчы стабілізаваць сытуацыю зь ядзернай бясьпекай», — адзначаецца ў апублікаванай на сайце МАГАТЭ заяве Рафаэля Марыяна Гросі.
Генэральны дырэктар МАГАТЭ таксама паведаміў, што ўжо правёў неабходныя кансультацыі з прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам. Сустрэча зь ім адбылася пасьля таго, як Украіна паінфармавала МАГАТЭ аб аварыйным спыненьні апошніх двух працуючых энэргаблёкаў.
Украінская кампанія «Енергоатом», якая ажыцьцяўляе ўпраўленьне ўсімі АЭС ва Ўкраіне, раніцай 26 жніўня паведаміла аб пачатку работ для падрыхтоўкі падключэньня двух энэргаблёкаў да энэргетычнай сеткі.
«Уласныя патрэбы станцыі ў энэргасілкаваньні пакуль забясьпечваюцца праз адрамантаваную лінію з энэргасыстэмы Ўкраіны», — адзначылі ў кампаніі.
Паводле кампаніі, заўваг да работы абсталяваньня і сыстэм бясьпекі станцыі няма.
Радыяцыя ў норме
Паводле мапы радыяцыйнага маніторынгу Ўкраіны, на якой ужывую абнаўляюцца зьвесткі аб стане радыяцыйнага забруджваньня, фон у Запароскай вобласьці, Запарожжы і ўласна Энэргадары, дзе знаходзіцца Запароская АЭС знаходзіцца на ўзроўні нормы.
У прыватнасьці, у Энэргадары — 90 наназывэртаў на гадзіну, у Запарожжы — 120 наназывэртаў на гадзіну.
Напрыклад, у Прыпяці каля Чарнобылськай АЭС гэты паказьнік складае 5670 наназывэртаў на гадзіну.
У зівэртах вызначаецца эквівалентная доза ўзьдзеяньня выпраменьваньня на арганізм. Бясьпечным лічыцца ўзровень радыяцыі, блізкі да 0,5 мікразывэрта на гадзіну (да 50 мікрарэнтген на гадзіну).
Мясцовым жыхарам пачалі выдаваць прэпарат на выпадак аварыі на АЭС
Сакратар Запароская гарадзкой рады Анатоль Курцэў паведаміў, што жыхарам аднаго з найбліжэйшых да станцыі раёнаў – Хортыцкага – пачалі ўжо з 23 жніўня выдаваць ёдыд калію. Гэта адбываецца ў адпаведнасьці з рэкамэндацыямі Міністэрства здароўя Ўкраіны, паводле якіх жыхарам населеных пунктаў у 50-кілямэтровай зоне ад крыніцы радыяцыі, раяць праводзіць ёдапрафіляктыку.
Сакратар гарадзкой рады падкрэсьліў, што радыяцыйны фон застаецца нармальным, а выдача прэпарату адбываецца выключна на выпадак ядзернай аварыі. Анатоль Курцэў дадаў, што жыхары атрымаюць дадатковае афіцыйнае апавяшчэньне аб неабходнасьці прыняць прэпарт у выпадку надзвычайнай сытуацыі.
Што папярэднічала
25 жніўня ў выніку абстрэлаў паблізу Запароскай АЭС была пашкоджана лінія электраперадач «Дняпроўская». Спрацавала аварыйная абарона спачатку на адным, а пазьней і на другім энэргаблёку.
Упершыню ў гісторыі ўсе блёкі Запароскай АЭС спыніліся. Станцыю пачалі ўводзіць у эксплюатацыю ў 1984 годзе.
Да захопу станцыі расейскімі войскамі на ёй працавалі тры энэргаблёкі — трэці, пяты і шосты. Энэргаблёк № 3 адключыўся 5 жніўня, калі пасьля абстрэлаў таксама спрацавала аварыйная сыстэма абароны.
Раней спэцыялісты Дзяржаўнай інспэкцыі ядзернага рэгуляваньня Ўкраіны заяўлялі, што спыненьне Запароскай АЭС можа выклікаць аварыю, падобную да той, што адбылася на «Фукусіме-1» у выніку землятрусу ў 2011 годзе.
Брытанская выведка апублікавала спадарожнікавыя здымкі станцыі
Выведка Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі заявіла, што асноўнымі рызыкамі ў часе акупацыі Расеяй Запароскай АЭС застануцца парушэньні сыстэм ахалоджваньня рэактараў, пашкоджаньне яго рэзэрвовай крыніцы сілкаваньня або памылкі супрацоўнікаў, якія вымушаны працаваць пад ціскам.
Брытанская выведка апублікавала спадарожнікавы здымак станцыі, зроблены 21 жніўня, на якім відаць, што Расея захавала ўзмоцненую вайсковую прысутнасьць на аб’екце, а бронетранспартэры знаходзяцца за 60 мэтраў ад пятага рэактара.
«Расейскія вайскоўцы, імаверна, спрабавалі прыхаваць машыны, разьмясьціўшы іх пад паветранымі трубамі і масткамі», — адзначылі ў вайсковай выведцы Вялікабрытаніі.
Расейцы самі пацьвердзілі, што раней адмаўлялі
«Росгвардия» паведаміла аб затрыманьні двух супрацоўнікаў Запароскай АЭС па падазрэньні ў перадачы Узброеным сілам Украіны зьвестак аб «месцазнаходжаньні асабовага складу і тэхнікі» на тэрыторыі станцыі.
Раней Расея адмаўляла, што выкарыстоўвае Запароскую АЭС у якасьці вайсковай базы.
«Мы рашуча не прымаем такія сьцьвярджэньні. Мы неаднаразова заяўлялі, што дзеяньні нашых Узброеных сілаў ніякім чынам не падрываюць ядзерную бясьпеку Ўкраіны і не перашкаджаюць рутыннай эксплуатацыі АЭС», — гаварылася ў паведамленьні прадстаўніцтва Расеі пры ААН.
Украіна просіць у партнэраў дапамогі, каб вярнуць ЗАЭС пад свой кантроль
Украінская кампанія «Енергоатом», якая ажыцьцяўляе кіраваньне атамнымі электрастанцыямі ва Ўкраіне, зь сярэдзіны жніўня заяўляе, што захопленая расейскімі войскамі Запароская АЭС працуе з рызыкамі парушэньня нормаў радыяцыйнай і пажарнай бясьпекі.
У жніўні Расея чатыры разы абстрэльвала Запароскую АЭС, каб абвінаваціць у гэтым украінскі бок.
У выніку абстрэлаў 5 жніўня на адным з блёкаў спрацавала аварыйная абарона і пэрсаналу давялося адключыць адзін з трох працуючых энэргаблёкаў. Тады ж сур’ёзна пашкодзілі азотна-кіслародную станцыю і аб’яднаны дапаможны корпус. Паводле «Енергоатому», ёсьць рызыкі выцеку вадароду, распыленьня радыяактыўных рэчываў і небясьпека пажару.
Пасьля абстрэлаў 6 жніўня са строю выйшлі тры датчыкі радыяцыйнага маніторынгу каля сховішча адпрацаванага ядзернага паліва.
11 жніўня ад абстрэлаў пацярпела пажарная частка, што знаходзіцца на тэрыторыі АЭС на выпадак надзвычайных сытуацый на станцыі.
13 жніўня ў выніку выбухаў пашкоджаны адкрытыя разьмеркавальныя прылады. У той жа час Расея абвінавачвае ў гэтых абстрэлах украінскі бок.