Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акупаваная Расеяй Запароская АЭС спынілася пасьля таго, як на двух блёках спрацавала аварыйная сыстэма абароны


Акупаваная Расеяй Запароская АЭС. 4 жніўня 2022
Акупаваная Расеяй Запароская АЭС. 4 жніўня 2022

Упершыню ў гісторыі ўсе блёкі Запароскай АЭС спыненыя. Радыяцыйны фон у ваколіцах станцыі складае 10,4 мікрарэнтгена на гадзіну, што адпавядае прыроднаму фону.

На Запароскай АЭС спыніліся яшчэ два энэргаблёкі, пасьля таго як спрацавала аварыйная сыстэма абароны ў выніку пашкоджаньня абстрэламі паветранай лініі «Дняпроўская».

Паводле Дзяржаўнай інспэкцыі ядзернага рэгуляваньня Ўкраіны, пасьля адключэньня паветранай лініі магутнасьцю 750 кВт пяты энэргаблёк адключыўся ад сеткі з наступным спрацоўваньнем аварыйнай абароны. Энэргаблёк № 6 перавялі ў рэжым працы сілкаваньня ўласных патрэбаў.

Рамонтнікам удалося аднавіць функцыянаваньне паветранай лініі «Дняпроўская» і зноў падключыць шосты блёк да працы ў сетках. Але празь дзьве гадзіны лінія адключылася паўторна, і аварыйная сыстэма абароны спрацавала і на шостым блёку.

«Заўвагі да працы аўтаматыкі і сыстэм бясьпекі адсутнічаюць», — паведамілі ў інспэкцыі.

Украінская кампанія «Енергоатом», якая ажыцьцяўляе кіраваньне ўсімі АЭС ва Ўкраіне, паведаміла, што поўнае спыненьне працы Запароскай АЭС адбылося ўпершыню ў гісторыі станцыі. Яе пачалі ўводзіць у эксплюатацыю ў 1984 годзе.

«Уласныя патрэбы АЭС па энэргасілкаваньні цяпер забясьпечваюцца з энэргасыстэмы Ўкраіны празь лінію сувязі ЗАЭС — Запароская ЦЭС», — адзначылі ў кампаніі.

Раней на Запароскай АЭС працавалі тры энэргаблёкі. Энэргаблёк № 3 адключылі 5 жніўня, калі пасьля абстрэлаў таксама спрацавала аварыйная сыстэма абароны.

Мэр гораду Энэргадару Дзьмітро Арлоў паведаміў, што радыяцыйны фон у горадзе складае 10,4 мікрарэнтгена на гадзіну, што адпавядае прыроднаму фону.

«Просім без асобных рэкамэндацый не ўжываць прэпарат калію ёдыду — у гэтым зараз няма патрэбы», — падкрэсьліў ён.

Што вядома пра Запароскую АЭС

Запароская АЭС разьмяшчаецца ва ўкраінскім горадзе Энэргадары. Гэта найбуйнейшая ў Эўропе і шостая паводле велічыні сярод атамных станцый у сьвеце. Тут працуюць шэсьць атамных энэргаблёкаў агульнай магутнасьцю 6 мільёнаў кіляват.

Яшчэ адна яе адметнасьць — сыстэма абыходжаньня са скарыстаным ядзерным палівам. Гэта адзіная ўкраінская АЭС, якая не вывозіла яго ў Расею, а захоўвала на сваёй тэрыторыі.

Увосень 2019 году супрацоўнікі Беларускай АЭС тры тыдні вывучалі досьвед Запароскай атамнай электрастанцыі ў справе захоўваньня выкарыстанага ядзернага паліва. Гэты візыт быў арганізаваны Міжнародным агенцтвам атамнай энэргетыкі (МАГАТЭ), адмыслоўцы якога ў 2000 годзе назвалі Запароскую АЭС адной з трох найлепшых станцый у сьвеце.

У сакавіку пры захопе Энэргадару побач з Запароскай АЭС вяліся баявыя дзеяньні. Адзін са снарадаў трапіў у навучальна-трэнавальны корпус станцыі і выклікаў пажар.

9 сакавіка расейскія вайскоўцы заявілі, што цалкам кантралююць АЭС. «Росатом» паведамляў, што кансультуе ўкраінскі пэрсанал Запароскай АЭС, але адмаўляў, што Расея плянуе ўзяць АЭС «пад поўны і пастаянны кантроль».

Украінская кампанія «Енергоатом», якая кантралюе ўсе дзейныя атамныя станцыі Ўкраіны, неаднаразова заяўляла, што Расея ператварае Запароскую АЭС у вайсковую базу і выкарыстоўвае яе як шчыт.

Украіна патрабуе ад сьвету спыніць ядзерны тэрарызм Расеі

Пасьля сэрыі абстрэлаў Украіна заклікала сьвет увесьці дадатковыя санкцыі супраць Расеі ў атамнай энэргетыцы і прымусіць яе вывесьці свае войскі з Запароскай АЭС.

Усе чальцы Рады Бясьпекі ААН падтрымалі заклікі адправіць тэрміновую місію МАГАТЭ ва Ўкраіну.

Ці можа поўнае спыненьне станцыі прывесьці да катастрофы?

Расея некалькі разоў заяўляла, што ў выпадку «працягу абстрэлаў станцыі ўкраінскім бокам» будзе вымушана спыніць працу апошніх двух блёкаў. Усяго іх на ЗАЭС шэсьць, але да апошняга часу працавалі толькі тры. Адзін быў спынены ў выніку абстрэлаў.

У Дзяржаўнай інспэкцыі ядзернага рэгуляваньня Ўкраіны сьцьвярджаюць, што спыненьне Запароскай АЭС можа выклікаць аварыю, падобную да той, што адбылася на «Фукусіме-1» у выніку землятрусу ў 2011 годзе.

Паводле ўкраінскіх спэцыялістаў, адключэньне ўсіх энэргакрыніц можа вывесьці са строю сыстэму ахаладжэньня і пашкодзіць актыўную зону рэактара, у выніку адбудзецца выкід радыяактыўных рэчываў у навакольнае асяродзьдзе.

Залежна ад умоў надвор’я, радыяактыўную хмару можа панесьці на тэрыторыю Эўропы, Расеі ці Беларусі.

«Варта адзначыць, што ЗАЭС знаходзіцца на беразе Кахоўскага вадасховішча, якое зьяўляецца каскадам вадасховішчаў ракі Дняпро. Такім чынам, аварыйныя падзеі на ЗАЭС могуць прывесьці да радыяактыўнага забруджаньня Дняпра і Чорнага мора», — адзначылі ў Дзяржаўнай інспэкцыі ядзернага рэгуляваньня Ўкраіны.

Адзін з супрацоўнікаў станцыі на ўмовах ананімнасьці сказаў агенцтву Reuters, што наступствы аварыі на Запароскай АЭС могуць быць больш маштабнымі, чым пасьля катастрофы ў Чарнобылі ў 1986 годзе.

Супрацоўнік ЗАЭС таксама пацьвердзіў журналістам, што на станцыі знаходзіцца вайсковая тэхніка, а расейцы нацэльваюць зброю на пэрсанал кожны раз, калі тыя заходзяць на свае працоўныя месцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG