Пра гэта прэзыдэнт самаабвешчанай рэспублікі Абхазія Аслан Бжанія заявіў у эфіры «Салаўёў LIVE».
Бжанія сказаў, што «ідэя саюзнай дзяржавы блізкая народу Абхазіі» і яна «адпавядае яе нацыянальным інтарэсам».
Акрамя таго, паводле словаў Бжанія, Абхазіі неабходны «трывалы саюз з Расейскай Фэдэрацыяй».
«Відавочна, што аднапалярны сьвет абрынуўся. Пасьля таго, як Расейская Фэдэрацыя (я ў гэтым упэўнены) пасьпяхова завершыць спэцыяльную апэрацыю на тэрыторыі Ўкраіны, будзе зусім іншая рэальнасьць. Для кіраўніцтва, народу Расеі будзе відавочна, хто зьяўляецца сапраўднымі саюзьнікамі, хто ў гэты цяжкі час быў па-сапраўднаму побач, і зыходзячы з гэтых фактаў, відаць, будзе стварацца нейкі контур саюзнай дзяржавы. Мы на гэта разьлічваем, і мы гатовыя ў гэтым узяць удзел», — сказаў ён.
Пры гэтым Бжанія дадаў, што ў Абхазіі няма афіцыйных кантактаў з кіраўніцтвам Беларусі.
«Але на ўзроўні грамадзян такія кантакты маюць месца быць. Апошнім часам беларускі бізнэс пачаў праяўляць цікавасьць да Абхазіі. Думаю, што бліжэйшым часам мы запусьцім вельмі цікавы сумесны беларуска-абхаскі эканамічны праект», — сказаў ён.
- Раней Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што не выключае прызнаньня незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Паводле яго слоў, як толькі ён зразумее неабходнасьць гэтага кроку і пра гэта яму скажа прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін, тады гэта можа адбыцца.
- Прэсавы сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітрый Пяскоў пасьля гэтага сказаў, што Крэмль ня будзе пасылаць якія-небудзь сыгналы Аляксандру Лукашэнку аб прызнаньні незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, а таксама Крыму як расейскага рэгіёна.
- У жніўні 2021 году Лукашэнка расказаў, чаму не прызнаў Паўднёвую Асэтыю і Абхазію. Паводле яго слоў, Захад пагражаў Менску дадатковымі санкцыямі ў выпадку прызнаньня незалежнасьці гэтых самаабвешчаных рэспублік, Масква ж адмовілася кампэнсаваць эканамічныя страты. Пры гэтым Лукашэнка назваў «нядобрым фактам», калі «Асэтыю адарвалі ад Грузіі».