Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паглядзі, на Зяленскім твая вышыўка». Размова зь беларускай мастачкай, чыю вышыванку носіць прэзыдэнт Украіны


Уладзімір Зяленскі ў вышыванцы з узорамі Руфіны Базловай. Кіеў, 21 жніўня 2022
Уладзімір Зяленскі ў вышыванцы з узорамі Руфіны Базловай. Кіеў, 21 жніўня 2022

«Цяпер мы называем гэта «інтравэртным пратэстам».

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падчас чарговага штодзённага відэазвароту да суайчыньнікаў зьявіўся ў «выжыванцы» колеру хакі з арнамэнтам ад беларускай мастачкі Руфіны Базловай.

Пагаварылі з Руфінай, якая ўжо два гады стварае гісторыю беларускіх пратэстаў у вышыўцы і называе свае творы «выжыванкамі»

«Я ж не вышыванкі раблю, а менавіта «выжыванкі»

Руфіна кажа, што для яе самой пабачыць свой арнамэнт на ўкраінскім прэзыдэнце было сапраўдным шокам, яна не чакала і такой хвалі папулярнасьці і віншаваньняў.

Руфіна Базлава
Руфіна Базлава

«У нядзелю позна ўвечары я ўжо зьбіралася спаць, а тут сябар зь Беларусі прысылае мне паведамленьне: «Паглядзі, на Зяленскім твая вышыўка». Для мяне гэта быў шок! Гэта вельмі прыемна. І вялікі гонар, што прэзыдэнт Украіны ў такі складаны час носіць маю «выжыванку»: я ж ня проста «вышыванкі» раблю, а менавіта «выжыванкі», — дзеліцца сваімі ўражаньнямі Руфіна.

Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў кашулі з вышыўкай Руфіны Базловай
Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў кашулі з вышыўкай Руфіны Базловай

Мастачка згадала гісторыю, як ёй патэлефанавала нямецкая журналістка і па-расейску з акцэнтам запыталася, якую ролю для беларускага народу адыгрывае «выжыванка».

«Так і ёсьць — беларускі народ стараецца выжываць у барацьбе з рэжымам», — падсумавала Руфіна.

Як кашуля зь ейным арнамэнтам трапіла да Зяленскага, Базлова дакладна ня ведае. У траўні да мастачкі зьвярнуліся з прапановай аб супрацоўніцтве прадстаўнікі вядомага ўкраінскага брэнду @indposhiv_oficial, які вырабляе мужчынскае адзеньне.

Іndposhiv запусьціў выраб сэрыі кашуль з вышыўкай у бела-чырвоных колерах і ў колеры хакі. Большая частка сумы ад продажу ідзе на падтрымку Ўзброеных сіл Украіны.

«Крыху раней, перад Зяленскім, калі ў Вільні праходзіла канфэрэнцыя дэмакратычных сіл „Новая Беларусь“, я заўважыла, што палітоляг Віталь Шкляраў быў у такой жа кашулі, толькі ў бела-чырвонай вэрсіі.

Я ўважліва сачу за тым, што адбываецца ў сфэры вышыванак, і ва Ўкраіне таксама. Некаторыя брэнды з пачаткам вайны прыдумалі камбінацыю стылю мілітары і вышыванкі. І гэта мая кашуля апынулася таксама ў новай хвалі», — мяркуе Руфіна.

Антываенная вышыўка Руфіны Базловай з разбураным расейцамі Марыюпальскім тэатрам
Антываенная вышыўка Руфіны Базловай з разбураным расейцамі Марыюпальскім тэатрам

«Гэта своеасаблівы код запісу народнай культуры, народнага жыцьця»

Руфіна Базлова родам з Горадні, але з 2008 году жыве ў Чэхіі. Спачатку паступіла вучыцца на ілюстратара ў Заходнячэскі ўнівэрсытэт у Плзэні, атрымала ступень магістра мастацтваў.

Калі Руфіна яшчэ там вучылася (прыкладна ў 2010–2012 гадах), у яе зьявілася спачатку цікавасьць да славянскай вышыўкі, а потым — да беларускай. Шмат чытала, вывучала гісторыю, узоры, арнамэнты.

«Раней жанчыны, якія ня ўмелі ні чытаць, ні пісаць, расказвалі свае гісторыі і пра навакольнае праз сымбалі вышыўкі. Гэта своеасаблівы код запісу народнай культуры, народнага жыцьця. Я падчас вучобы падрыхтавала кнігу, дзе з дапамогай сымбаляў паспрабавала расказаць гісторыю.

Другі праект — прыдуманая мной гісторыя, вышытая на падоле сукенкі. Гэта комікс. Там першая і апошняя карцінка аднолькавыя, і атрымліваецца такое „жаночае кола“. Гэта гісторыя пра тое, як нараджаюцца жанчыны ў прыродзе. Яна бясконцая, усё па коле паўтараецца», — узгадвае Руфіна.

Антываенная вышыўка Руфіны Базловай
Антываенная вышыўка Руфіны Базловай

«Вышыванка, „выжыванка“ — яны прыйшлі з народу і павінны быць жывымі»

Потым дзяўчына захапілася тэатрам. Паступіла ў Акадэмію выяўленчых мастацтваў у Празе на тэатральны факультэт. У 2020 годзе атрымала другую вышэйшую адукацыю — сцэнографа-лялечніка.

«Пасьля каманднай працы ў тэатры я падумала, што хочацца нечага індывідуальнага. Успомніла, што некалі захаплялася вышыўкай і мне гэта вельмі падабалася.

Я шукала тэмы. Спачатку хацела рабіць штосьці пра жаноцкасьць, пра фэмінізм. А паколькі я сачыла за падзеямі ў Беларусі і ў гэты час пачаліся пратэсты, зразумела: „Вось яна, тэма!“ Беларуская вышыўка — гэта народная вышыўка. Пачаўся народны пратэставы рух, і гэта трэба запісаць народным кодам. З той пары я апавядаю гісторыю пратэстаў у Беларусі праз вышыўку. Так зьявіліся карцінкі аб пратэстах, якія вельмі хутка сталі папулярнымі, разьляцеліся па ўсім сьвеце», — расказвае мастачка.

Вышыўка Руфіны Базловай
Вышыўка Руфіны Базловай

На думку Руфіны, і аўтазакі, і танкі на яе вышыванках добра спалучаюцца зь мірнымі ўзорамі, арнамэнтамі і кветкамі.

«Калі зазірнуць у гісторыю, жанчыны-вышывальніцы падчас войнаў вельмі востра рэагавалі на сытуацыю і таксама вышывалі і танкі, і зброю.

У мяне такая пазыцыя: калі мы, мастакі, не рэагуем на актуальны парадак дня, на тое, што зараз адбываецца з народам, наша мастацтва становіцца музэйным артэфактам. Яно нежывое. А вышыванка, „выжыванка“ — яны прыйшлі з народу і павінны быць жывымі.

Таму тое, што цяпер перажывае Ўкраіна, перажывае Беларусь,— гэта важна адлюстроўваць і ў вышыўцы», — перакананая Руфіна.

«Сага пратэстаў»

За два гады беларускіх пратэстаў у Руфіны Базловай было шмат выставаў — і онлайн, і офлайн.

У Кіеве ў выставачным комплексе «Арсэнал» увесну 2021 году была вялікая выстава пратэставага мастацтва Беларусі «Кожны дзень». І там дэманстравалася сямімэтровае палатно Руфіны «Сага пратэстаў», дзе былі выявы і Ніны Багінскай, і Аляксандра Лукашэнкі, і Рамана Бандарэнкі, і Марыі Калесьнікавай, і Сьвятланы Ціханоўскай, а таксама аўтазакі, сьцягі, легендарны мікрараён «Каскад».

Летась у бібліятэцы Каліфарнійскага ўнівэрсытэту ў Лос-Анжэлесе праходзіла вялікая онлайн выстава.

Рэкляма выставы выжыванкі ва ўнівэрсытэцкай бібліятэцы Лос-Анджэлеса, ЗША
Рэкляма выставы выжыванкі ва ўнівэрсытэцкай бібліятэцы Лос-Анджэлеса, ЗША

Цяпер у Музэі халоднай вайны Вэндэ праходзіць выстава «The Medium is the Message: Flags and Banners», дзе зьмешчаныя дзьве працы беларускай мастачкі, раздрукаваныя на памер вялізнай сьцяны.

Але больш за ўсё Руфіна ганарыцца сваім удзелам ва ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджаньня ганаровай прэміяй Карла Вялікага ў нямецкім Аахэне беларускага жаночага трыё — Сьвятланы Ціханоўскай, Веранікі Цапкалы і сястры Марыі Калесьнікавай Тацяны Хоміч. Там зладзілі ня толькі выставу прац беларускай мастачкі.

«Мы разам зь мясцовымі мастачкамі зрабілі для гэтага мерапрыемства інсталяцыю — жанчыны вышылі па маіх эскізах тры сукенкі, і кожная ўвасабляла частку соцыюму Беларусі.

Сьвятлана Ціханоўская ўвасабляла сам пратэст, ейная сукенка была цэнтральная і выкананая ў чырвоным колеры. Вераніка Цапкала ўвасабляла жаночую частку насельніцтва, на яе сукенцы былі выявы Ніны Багінскай і жанчын, што выходзілі на пратэсты. Трэцяя сукенка была для Марыі Калесьнікавай і яе прысьвяцілі палітычным зьняволеным. І, калі ўсе тры сукенкі віселі разам, атрымлівалася прыгожае спалучэньне бел-чырвона-белага», — успамінае Руфіна Базлава.

Выява салдата з украінскім трызубам
Выява салдата з украінскім трызубам

«Раней людзі выходзілі на вуліцу, і гэта натхняла. А цяпер мы называем гэта «інтравэртным пратэстам»

Зараз Руфіна Базлова працуе разам з Соф’яй Такар у новым праекце «Framed in Belarus», які прысьвечаны палітычным зьняволеным Беларусі.

«Я разумею, што гэты праект можа зацягнуцца на гады. Бо колькасьць палітзьняволеных вельмі хутка расьце. Калі распачыналі праект, іх было ўдвая менш. А цяпер іх больш за 1300. Я малюю карцінкі адна. І мы просім людзей, якія хочуць паўдзельнічаць, вышыць гэтыя матывы. Потым зьбіраем вышыўкі і зробім некалькі вялікіх палотнаў, сабраных у адным мастацкім праекце».

Руфіна кажа, што пакуль цалкам гатова 110 вышывак, у працэсе — 382. А ўсяго ўдзельнікаў, якія адгукнуліся і вышываюць выявы палітзьняволеных, — 260.

«Схема, што я прапаную, — гэта аснова, якую можна ўзбагачаць: дадаваць арнамэнты, мяняць колеры, мяняць шрыфты. Усё залежыць ад жаданьня чалавека: калі зручней вышываць на дробнай канве альбо проста на тканіне — бераце тканіну, калі вам хочацца вышываць на буйной канве — калі ласка.

Наша задача — гэта ўсё прыгожа сабраць, каб усё выглядала эстэтычна, густоўна і канцэптуальна. Але ад удзельнікаў мы гэтага не патрабуем», — тлумачыць свае задумы Руфіна.

Адзін з твораў Руфіны
Адзін з твораў Руфіны

«Гэта самы просты спосаб: галоўнае — прытрымлівацца схемы і лічыць крыжыкі»

Мастачка лічыць, што задача чалавека, які вышывае, не імкнуцца стварыць твор мастацтва, а прысьвяціць свой час палітзьняволенаму, укласьці ў праект часьцінку сваёй душы.

«Мы просім кожнага, хто далучыўся да праекту, напісаць камэнтар: што яны адчувалі, калі вышывалі. Беларусы пішуць, што, маўляў, калі немагчыма выйсьці на вуліцу, немагчыма напісаць камэнт у сеціве, для іх гэта адзіная магчымасьць зрабіць хоць штосьці. Вышываньне — гэта мэдытацыя, доўгі працэс, які прымушае засяродзіцца. А для іншаземцаў гэта ў асноўным адукацыйны праект.

Другі момант — гэта ўсьведамленьне таго, што чалавек гэта робіць і для сябе, і для палітвязьня. І гэта таксама важна, бо стварае адчуваньне еднасьці. Раней людзі выходзілі на вуліцы, і гэта натхняла. А цяпер мы называем гэта „інтравэртным пратэстам“».

Руфіна Базлова просіць усіх, хто захоча паўдзельнічаць у праекце, зарэгістравацца і абяцае кожнаму прыслаць схему.

«Паверце, гэта самы просты спосаб вышываньня, якім здольны авалодаць кожны. Галоўнае — прытрымлівацца схемы і лічыць крыжыкі», — пераконвае Руфіна Базлова.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG