Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра каго і чаму мала пішуць СМІ? Ацэнка мэдыяэкспэрта


Сьвятлана Ціханоўская, Валер Цапкала, Павал Латушка, каляж
Сьвятлана Ціханоўская, Валер Цапкала, Павал Латушка, каляж

Як камэнтуюць хаду і вынікі канфэрэнцыі «Новая Беларусь» праўладныя крыніцы інфармацыі? Ці задаволенае вынікамі канфэрэнцыі незалежнае грамадзтва? Ці мела рацыю Вераніка Цапкала ў сваёй крытыцы мэдыя?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае мэдыяэкспэрт Паўлюк Быкоўскі.

Сьцісла

  • Улады будуць прадстаўляць вынікі віленскай канфэрэнцыі як пацьверджаньне таго, што апазыцыя і ў 2020 годзе, і пазьней рыхтавала збройны пераварот.
  • На канфэрэнцыі «Новая Беларусь» адбылася інстытуцыяналізацыя апазыцыйнага поля.
  • Палітычныя аналітыкі ацанілі яе вынікі досыць стрымана, але іншыя інфлюэнсэры больш разьняволена, прычым як станоўча, гэтак і адмоўна.
  • Кардынальнага перафарматаваньня апазыцыйнага поля не адбылося, новая фігура — хіба толькі Сахашчык, дый тая адносна новая.
  • СМІ самі вызначаюць парадак дня, вызначаюць што важна, а што ня важна, вызначаюць вагу і ўплыў тых ці іншых палітычных сілаў і фігураў.
  • У дэмакратычных краінах падчас выбараў і толькі ў гэты час грамадзкія СМІ абавязаныя ў роўнай ступені асьвятляць дзейнасьць усіх удзельнікаў выбарчага спаборніцтва.

— Якім было мэдыйнае «рэха» канфэрэнцыі «Новая Беларусь» — яе хады і рашэньняў, у першую чаргу — стварэньня пераходнага кабінэту? Наколькі шмат пісалі пра яе ў СМІ, сацыяльных сетках, мэсэнджарах? Многія праўладныя тэлеграм-каналы дружна перадрукавалі пост з каналу BelVestnik пад загалоўкам «„Апазыцыя“ робіць стаўку на сілавы варыянт зьмены ўлады ў Беларусі». Гэты матэрыял утрымлівае прамую пагрозу на адрас чальца пераходнага кабінэту Валера Сахашчыка — «былы падпалкоўнік забыў пра жалезны молат, які можа прыляцець у галаву тым, хто ціўкаючы пагрозы, спрабуе запалохаць мірнае насельніцтва Беларусі». Лідэр Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк крытычна ацаніў канфэрэнцыю, адзначыўшы, што «ў палітычным сэнсе было б лепш, каб гэтую групоўку ўвогуле ліквідаваць». Палітычны аглядальнік тэлеканалу СТБ Рыгор Азаронак перапосьціў ацэнку Пазьняка, суправадзіўшы камэнтаром — «Ліквідаваць!». Паўлюк, з гэтых рэакцыяў праўладных інфармацыйных каналаў — якой далейшай інфармацыйнай лініі гэтага боку вы чакаеце?

Паўлюк Быкоўскі
Паўлюк Быкоўскі

— Улады будуць разглядаць заявы, якія гучалі на канфэрэнцыі, як пацьверджаньне сваіх тэзаў — маўляў, мы ж казалі, што ў Беларусі рыхтаваўся збройны пераварот, вось нарэшце гэта пацьверджана тымі асобамі, на якіх ускладалася адказнасьць за арганізацыю перавароту.

Мяркую, будзе гаварыцца, што апазыцыя раскалолася. Гэта традыцыйны набор тэзаў, якія патрэбныя для дыскрэдытацыі праціўніка. Гэта ўсё апісана ў падручніках па ваеннай прапагандзе. Свой бок трэба ўпэўніць у яго моцы і адзінстве, а праціўніка паказаць недзеяздольным, няздатным да супраціву і падзеленым унутры сябе.

— Валер Карбалевіч напісаў, што ўтварэньне пераходнага кабінэту стала адказам на грамадзкі запыт. Ці задаволенае грамадзтва гэтым адказам? Чым яно, так бы мовіць, адказвае на адказ на свой запыт?

— Была вялікая ўвага да канфэрэнцыі, шмат людзей глядзелі яе ў жывой трансьляцыі, многія ўключаліся ў яе працу, задаючы пытаньні і выказваючы свае меркаваньні ў чаце трансьляцыі. Усе незалежныя мэдыя пісалі пра яе, некаторыя зь іх рабілі прамыя тэкставыя трансьляцыі яе хады.

Былі вялікія чаканьні ад гэтай канфэрэнцыі. На мой погляд, падрабязнае апісаньне дэталяў канфэрэнцыі і ўвага на супярэчнасьці стварылі «белы шум», на фоне якога ня вельмі бачна было, што істотнае адбываецца, што важнае, а што — не.

— Наконт канфэрэнцыі выказваліся многія — і журналісты, і палітыкі, і шараговыя юзэры сацсетак. Але выказаліся і лідэры грамадзкай думкі, карыстаючыся іранічным тэрмінам Пялевіна, «начальнікі дыскурсу». Да канфэрэнцыі і падчас яе выказаліся, напрыклад, Андрэй Дынько, Аляксандар Класкоўскі, Арцём Шрайбман.

І ўсе яны прадэманстравалі стрыманы аптымізм, маўляў, нічога кепскага ў выніках канфэрэнцыі няма, але вялікага плёну ад іх чакаць ня варта. Можа, я ня тых чытаў, але на ваш погляд — ці была нейкая супольная ацэнка асобаў, да меркаваньня якіх прыслухоўваюцца?

— Вы назвалі трох палітычных аналітыкаў. Але выказваньняў было шмат, і ня толькі ад тых, хто аналізуе палітыку, але і ад тых, хто яе робіць, хто ў ёй удзельнічае. Я б адзначыў выказваньні Вадзіма Пракоп’ева, вельмі яскравай была прысутнасьць Веранікі Цапкалы. Інфлюэнсэры сацыяльных сетак не вычэрпваюцца палітычнымі аналітыкамі. Аналітыкі сапраўды выказаліся стрымана, але інфлюэнсэры ў цэлым былі больш разьняволеныя, прычым як у станоўчых, гэтак і ў адмоўных ацэнках. Людзі дасьведчаныя ведалі, што адбудзецца на канфэрэнцыі, і для іх не было вялікай інтрыгі ў тым, што там адбылося. Але яна была ў тым, як гэта будзе пададзена.

Інстытуцыяналізацыя апазыцыйнага поля, якая адбылася ў Вільні, — гэта даволі важная рэч. Таксама важна, што ў гэтую новую канфігурацыю быў уключаны сілавы фактар у асобе Валера Сахашчыка. Апэляцыя да асобы Зянона Пазьняка стварыла дадатковую інтрыгу.

— Можна прыгадаць інфармацыйны кантэкст выбарчай кампаніі 2020 году. Перад яе пачаткам панавала апатыя, даволі непераканаўча прайшлі апазыцыйныя праймэрыз, даволі гучнымі былі галасы за байкот. І раптам — вылучэньне Цапкалы, Ціханоўскага, Бабарыкі. І ўсю апатыю, роспач, стому як рукой зьняло. Кардынальна памянялася сытуацыя і ў інфармацыйнай прасторы, у сацыяльных сетках і ў грамадзтве ў цэлым. Цяпер, пасьля віленскай канфэрэнцыі, узьнікла нешта падобнае?

— Калі гаварыць пра эміграцыю, то гэта цалкам магчыма, увага да канфэрэнцыі была сапраўды вялікая. Але нельга сказаць, што гэта можна параўнаць з рэакцыяй 2020 году на прыход такіх фігураў, як Цапкала, Ціханоўскі, Бабарыка. Цяпер новая фігура — гэта Валер Сахашчык, дый ён фігура адносна новая — ён новы ў гэтым асяродку.

Цяпер стала зразумела, якім чынам Латушка будзе супрацоўнічаць зь Ціханоўскай. Ціханоўская і раней была фаварыткай мэдыя і ўспрымалася як адзін з галоўных сымбаляў і лідэраў супрацьстаяньня Лукашэнку. Так што кардынальнага перафарматаваньня палітычнага поля не адбылося.

— Адной з самых гучных падзей віленскай канфэрэнцыі быў выступ Веранікі Цапкалы, які вы ўжо прыгадалі. Яна абвінаваціла незалежныя мэдыя ў тэндэнцыйнасьці, у замоўчваньні дзейнасьці, у прыватнасьці, яе і яе мужа, Валера Цапкалы. Некаторыя пасьмяяліся зь яе прапановы стварыць нейкі орган па кантролі ступені абʼектыўнасьці СМІ. Але пытаньне і сапраўды цікавае. Чаму пра тую ж канфэрэнцыю ў Вільні пісалі значна больш, чым пра форумы, скліканыя Цапкалам у Варшаве і Бэрліне? Чаму, скажам, пра Латушку пішуць больш, чым пра Цапкалаў, пра Ціханоўскую — больш, чым пра Латушку? Вераніка празрыста намякала на тое, што такое становішча — вынік палітычнай карупцыі, таго, што офіс Ціханоўскай, Францішак Вячорка, купляе СМІ. А якое вашае тлумачэньне?

— Сам пасыл, што СМІ павінны пісаць пра ўсіх пароўну, неабгрунтаваны. СМІ вызначаюць парадак дня, вызначаюць, якія падзеі важныя, а якія — не. У брытанскай ВВС, што працуе на Вялікую Брытанію, там першыя навіны будуць пра экалёгію — пра дэльфінаў, пра кітоў, а толькі потым — пра дэбаты ў парлямэнце. Яны так вызначаюць прыярытэты, важнасьць падзеяў.

Гэта фармуецца і традыцыяй, і аўдыторыяй. Мэдыя не абавязаныя даваць слова кожнаму, хто да іх зьвярнуўся.

Да пэўнай ступені такі абавязак ёсьць у мэдыя, якія фінансуюцца дзяржавай. Трэба адрозьніваць дзяржаўныя і грамадзкія мэдыя, апошнія зусім не працуюць пад дыктоўку дзяржавы. Вераніка Цапкала спасылалася на досьвед нямецкіх мэдыя. Але там грамадзкія мэдыя існуюць на абанэнцкую плату, якую плацяць хатнія гаспадаркі.

Ідэальнай сыстэмы няма, нават у дэмакратычных краінах здараюцца спробы тых ці іншых палітычных сілаў націснуць на мэдыя, але з гэтага не вынікае, што пра ўсіх трэба паведамляць у аднолькавай ступені.

Мэдыя самі вызначаюць герархію важнасьці, вызначаюць, хто з ньюсмэйкераў больш уплывовы, а хто менш, і каму аддаваць больш ці менш увагі. Толькі падчас выбарчай кампаніі могуць прымацца іншыя нормы, калі ўсім удзельнікам спаборніцтва трэба аддаваць аднолькавую ўвагу.

У дэмакратычных краінах гэтае правіла абавязковае толькі падчас выбараў і толькі для грамадзкіх СМІ. Камэрцыйныя СМІ звычайна падчас выбараў таксама прытрымліваюцца гэтага правіла, але з уласнай волі.

Ёсьць кансьпіралягічная тэорыя, паводле якой беларускімі незалежнымі мэдыя кіруюць зь нейкага адзінага цэнтру. Складана патлумачыць, што гэта ня так, тым людзям, якія ў гэтую тэорыю вераць. Кансьпіралёгія існуе стагодзьдзямі, і ніякія аргумэнты на яе прыхільнікаў ня дзейнічаюць.

— Як СМІ вызначаюць, што важна, а што няважна, хто ўплывовы, а хто не? У дэмакратычнай краіне герархію ў палітыцы так ці інакш вызначаюць вынікі выбараў. Натуральна, што СМІ ў дэмакратычнай краіне аддаюць больш увагі партыі, якая атрымала на апошніх выбарах 30%, чым той, якая атрымала 5%. У Беларусі апошнія выбары былі 2 гады таму. Іх вынікі былі відавочна сфальсыфікаваныя. Але чаму і цяпер, на думку СМІ, Ціханоўская больш важная, чым Цапкала? Зянон Пазьняк апошні раз удзельнічаў у выбарах у 1994 годзе. Але тым ня менш ён дагэтуль ньюсмэйкер, яго цытуюць. Ці можна сказаць, што беларускія СМІ вызначаюць герархію важнасьці палітыкаў адвольна?

— Я не галасаваў за Ціханоўскую ў 2020 годзе. Але я прызнаю, што за яе тады прагаласавала вельмі шмат людзей. Гэта дае ёй пэўны мандат даверу. Таксама важна, якія дзеяньні былі зробленыя ёю. Ва ўсім сьвеце палітыкам лічыцца той, каго кудысьці абралі і які некага прадстаўляе. У Беларусі з таго часу, як БНФ ня трапіў у Вярхоўны Савет ХІІІ скліканьня, незалежныя мэдыя мусілі лічыцца з тым, што ёсьць апазыцыя, якая не прадстаўленая ў парлямэнце, але мае пэўны давер грамадзтва. І вулічныя дэманстрацыі, і вынікі сацыялягічных апытаньняў паказвалі, што за гэтымі людзьмі нешта стаіць.

У 2020 годзе мы бачылі вельмі масавыя пратэсты, і мы маглі ацаніць патэнцыял тых людзей, якія заклікалі выходзіць на пратэсты. Аднак адзначу, што Сьвятлана Ціханоўская казала, што ганарыцца пратэстоўцамі, але напачатку не заклікала да пратэстаў. І для мэдыя ўзьнікала пытаньне: хто ж арганізатар пратэстаў? У выніку ў нас атрымлівалася, што пратэстамі кіруе Сьцяпан Сьвятлоў (aka NEXTA). Падобнае клішэ было ў 2011 годзе пра рэвалюцыю ў Эгіпце, што гэта была твітэр-рэвалюцыя. У Беларусі нібыта адбылася тэлеграм-рэвалюцыя. Я мяркую, што гэта спрашчэньне і наконт Эгіпту-2011, і наконт Беларусі-2020.

А потым былі спробы розных палітычных сілаў прыцягнуць да сябе ўвагу. У некаторых, як у офісу Ціханоўскай, яны былі больш пасьпяховымі, у іншых — менш пасьпяховымі. Але гэта натуральны працэс.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG