Канфэрэнцыя «Новая Беларусь» перапынялася 9 жніўня пасьля інфармацыі пра мінаваньне, аднак тая аказалася фальшывая, удзельнікі вярнуліся на месцы.
У канцы другога дня форуму Сьвятлана Ціханоўская заявіла аб стварэньні аб'яднанага пераходнага Кабінэту, які будзе працаваць на галоўныя мэты:
- Абараняць незалежнасьць і сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь, прадстаўляць нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Ажыцьцявіць фактычную дэакупацыю Беларусі.
- Аднавіць канстытуцыйную законнасьць і правапарадак.
- Распрацаваць і рэалізаваць меры па спыненьні незаконнага ўтрыманьня ўлады, забясьпечыць транзыт улады ад дыктатуры да дэмакратыі, стварыць умовы для правядзеньня сумленных і свабодных выбараў.
- Распрацоўваць і выконваць рашэньні, неабходныя для дасягненьня дэмакратычных перамен у Беларусі.
- І ў выніку гэтага павінны быць вызваленыя ўсе палітвязьні.
Гэтага патрабавалі ад яе многія іншыя апазыцыйныя фігуры.
Першыя ключавыя прадстаўнікі Кабінэту прызначаныя цяпер, тэрмінам на 6 месяцаў, для наступнага ўзгадненьня іх будучым прадстаўнічым органам. У складзе Кабінэту будуць працаваць:
- Павал Латушка — прадстаўнік Кабінэту па транзыце ўлады;
- Аляксандар Азараў — па аднаўленьні правапарадку;
- Валер Кавалеўскі — па замежных справах;
- Валер Сахашчык — прадстаўнік Кабінэту па абароне і нацыянальнай бясьпецы.
«Цяпер гэта наша агульная каманда. У выпадку маёй адсутнасьці маімі намесьнікамі будуць Павал Латушка і Валер Кавалеўскі», — заявіла Ціханоўская.
Яна таксама заклікала ўсіх, хто жадае і гатовы працаваць для перамен, далучацца да іхнай працы.
Павал Латушка падзякаваў за давер і паведаміў, што будзе працаваць над тым, каб узмацніць ціск на рэжым і дабіцца транзыту ўлады. «Наша мэта — аднаўленьне Канстытуцыі і законнасьці. Наша мэта — наша дзяржава», — сказаў ён.
Аляксандар Азараў паведаміў, што ініцыятыва ByPol апошнія некалькі месяцаў настойвала на стварэньні такога органу. «Мы зрабілі плян і пачалі працаваць, мы хочам вярнуцца назад і перамагчы гэты рэжым. Я спадзяюся, што прызначэньне на гэтую пасаду прынясе карысьць ня мне, а Беларусі. Спадзяюся, што мы будзем аб’ядноўваць рэсурсы розных арганізацый і шчыльна працаваць», — заявіў ён.
«Шмат яшчэ трэба зрабіць, каб забясьпечыць нашу мэту — вярнуцца ў дэмакратычную Беларусь. Вельмі спадзяюся, што мы будзем супрацоўнічаць з грамадзкасьцю, з экспэртамі, са сродкамі масавай інфармацыі. Я адкрыты для прапаноў і крытыкі», — заявіў Валер Кавалеўскі.
На Валера Сахашчыка ў Беларусі заведзена некалькі крымінальных спраў. Пра гэта ён расказаў у прамове пасьля прызначэньня ў пераходны кабінэт. Ён дадаў, што ніколі не зьбіраўся займацца палітыкай, і заклікаў тых, хто дагэтуль працуе ў сыстэме, падумаць аб тым, чаму найбольш пасьпяховыя і сумленныя беларусы трапілі пад перасьлед. Ён таксама паведаміў, што напярэдадні канфэрэнцыі двойчы сустракаўся зь Зянонам Пазьняком і разьлічвае, што той далучыцца да супольнай працы.
Сьвятлана Ціханоўская сказала, што да 1 верасьня будзе рэфармаваная Каардынацыйная рада, да якой далучацца прадстаўнікі грамадзкага сэктару. Яна разьлічвае, што ўвосень пачне працаваць лічбавая дэмакратыя ня толькі для тых беларусаў, якія вымушаныя былі зьехаць зь Беларусі, але і для тых, хто застаўся ў Беларусі.
Паводле яе, плянуецца таксама адкрыць некалькі замежных прадстаўніцтваў у Эстоніі, Празе і Брусэлі.
«Кабінэт — гэта вельмі важны крок. Але толькі яго стварэньне ня вырашыць усіх праблем. Для гэтага трэба шмат і ўпарта працаваць, і чуць тых, хто пісаў нам: „Працуйце, але памятайце, што гэта вы робіце ў першую чаргу для тых, хто ў Беларусі“. І я лічу, што гэта павінна быць нашым асноўным правілам», — заявіла Ціханоўская.
Падчас канфэрэнцыі аргкамітэт прыняў некалькі важных дакумэнтаў. Гэта дэклярацыя аб мэтах і каштоўнасьцях агульнага дэмакратычнага руху Беларусі, заявы ў падтрымку Ўкраіны і супраць антыпольскай кампаніі рэжыму, а таксама Этычны кодэкс дэмакратычных сіл. Гэтыя дакумэнты апублікаваныя на сайце канфэрэнцыі.
Ціханоўская паведаміла, што да лістапада будуць прадстаўленыя канцэпцыі рэформаў эканомікі і заканадаўства, пра якія гаварылі Анатоль Лябедзька і эканамісты Офісу Ціханоўскай. Увосень адбудзецца форум беларускага бізнэсу. У бліжэйшыя месяцы сфармуюць міжнародную эканамічную раду новай Беларусі, куды запросяць былых кіраўнікоў урадаў і лепшых эканамістаў.
Таксама Ціханоўская заявіла пра намер адкрыць прадстаўніцтвы ў Эстоніі, Празе і Брусэлі, каб працягваць «утрымліваць Беларусь на парадку дня»
Паведамленьне пра мінаваньне і эвакуацыя
Падчас дыскусіі на першай сэсіі арганізатарам прыйшло паведамленьне аб правакацыі. Усіх заклікалі пакінуць залю. Паводле паліцыі, паступіла паведамленьне са сьпісам будынкаў, якія нібыта замінавалі ў Вільні. Усіх гасьцей папрасілі на гадзіну спакойна выйсьці з памяшканьня. Канфэрэнцыя, сказалі, працягнецца на вуліцы.
Павал Латушка заявіў, што зрыў канфэрэнцыі ніякім чынам не паўплывае на яе вынікі і ўхваленьне рашэньняў.
Прадстаўнік офісу Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі пракамэнтаваў сытуацыю з замінаваньнем:
«На маю думку, гэта магла быць чыясьці правакацыя, каб сарваць канфэрэнцыю, якая добра і плённа ідзе. Спадзяюся, неўзабаве мы зможам вярнуцца назад у будынак і працягнуць яе».
У 12:36 абвясьцілі, што праверку будынку скончылі, бомбы не знайшлі і людзі могуць вяртацца.
Сэсія № 1. Прыярытэты беларускага бізнэсу
Прадстаўніца Ціханоўскай у праўных пытаньнях Сьвятлана Бабінцава адзначыла, што цяпер на першы плян выходзяць праблемы, зьвязаныя з падтрымкай рэжымам Лукашэнкі вайны Расеі ва Ўкраіне. Паводле яе, цяпер галоўнае — палепшыць імідж беларускіх кампаніяў за мяжой і дапамагчы ім не сутыкацца з дыскрымінацыяй з прычыны беларускага паходжаньня.
Заснавальніца стартапу Тацяна Зарэцкая дадала, што кожны новы праект патрабуе фінансаваньня, але гэта выглядае праблематычна пасьля таго, як шмат грошай пайшло на барацьбу з каранавірусам, а потым на вайну. Паводле яе, новая Беларусь павінна зацікавіць донараў, а таксама перагледзець структуру эканомікі і мэтазгоднасьць падтрыманьня стратных прадпрыемстваў.
Адначасова спатрэбяцца праграмы перакваліфікацыі працоўных кадраў. Зарэцкая мяркуе, што пасьля зьмены ўлады ў Беларусі будзе вельмі складана пераканаць вярнуцца назад той бізнэс, які рэлякаваўся ў іншыя краіны пасьля 2020 году, калі на той момант ён ужо будзе працаваць на іншым рынку 4–5 гадоў.
У той жа час Сьвятлана Бабінцава думае, што беларускі бізнэс, які застанецца працаваць за межамі, зможа фінансаваць адукацыйныя праекты, інвэставаць у іншыя прадпрыемствы.
Сэсія № 2. Лічбавая дэмакратыя
Інжынэр Павал Лібер мяркуе, што цяпер у Беларусі рэжым «заключыў» з грамадзянамі такі сацыяльны кантракт, паводле якога ён мае манаполію на тэрор у выпадку любой нязгоды. Таму важна падтрымліваць і разьвіваць лічбавыя праекты, каб спрасьціць людзям фізычнае жыцьцё.
«Апошнім часам зьявілася шмат такіх ініцыятываў. Напрыклад, тэлемэдычны праект пачынаўся з 16 лекараў, а цяпер павялічыўся да 160. Ёсьць лічбавы праект юрыдычных кансультацыяў. Наша задача — ня проста стварыць асяродзьдзе і ў яго рамках урад, а асяродзьдзе, якое будзе прыносіць карысьць. Нам даводзіцца працаваць у лічбавым фармаце, бо фізычная прастора цалкам прыдушаная. І гэта выклік, празь які нам усім трэба прайсьці», — сказаў Павал Лібер.
Старшыня аб’яднаньня RAZAM Антон Нядзелька расказаў пра свой досьвед лічбавай арганізацыі дзейнасьці беларускай дыяспары ў Нямеччыне. У арганізацыю ўваходзяць 280 беларусаў, якія жывуць у розных гарадах Нямеччыны. Арганізацыя дапамагала беларусам-уцекачам ва Ўкраіне і Нямеччыне — і ў побыце, і ў аказаньні мэдычнай дапамогі.
Бізнэсовец Аляксандар Кныровіч, які мадэруе гэтую сэкцыю, зьвярнуў увагу, што лічбавая дэмакратыя павінна быць вельмі бясьпечнай для карыстальнікаў.
Афіцыйная прадстаўніца Беларускіх кібэрпартызанаў Юліяна Шаметавец дадала, што для іхнай суполкі бясьпека — прынцыповы момант, каб людзі, якія ўдзельнічаюць, не пацярпелі ад рэпрэсіяў. «Мы заўсёды абнаўляем пратаколы бясьпекі і інструкцыі», — падкрэсьліла яна.
IT-прадпрымальнік Яраслаў Ліхачэўскі, у сваю чаргу, дэталёва расказаў, як павінна працаваць вэрыфікацыя грамадзяніна, які карыстаецца лічбавымі сэрвісамі. Прадстаўнік офісу Ціханоўскай Валер Кавалеўскі дадаў, што плятформа «Голас», дзякуючы якой стала магчыма даказаць фальсыфікацыі на выбарах 2020 году, стала першым прыкладам эфэктыўнасьці лічбавай дэмакратыі.
Дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Валер Кавалеўскі станоўча адказаў на пытаньне, ці будуць дэмакраты, калі прыйдуць да ўлады, замяняць пашпарты, якія выкарыстоўваюцца цяпер. Замяніць іх будзе неабходным крокам «ужо хаця б таму, што сымбалі, якія ўтрымлівае цяперашні пашпарт, не адпавядаюць волі беларускага народу». Словы Кавалеўскага заля сустрэла аплядысмэнтамі.
Сэсія № 3. Прыярытэты грамадзянскай супольнасьці
Кіраўніца «Прававой ініцыятывы» Вікторыя Фёдарава заявіла, што праваабаронцам неабходна заставацца незалежнымі ад уплыву розных палітычных партый і разнастайных плятформаў. Толькі так яны змогуць выконваць свае задачы і адпавядаць заяўленым мэтам, каб эфэктыўна дапамагчы палітзьняволеным і іншым людзям, якія патрабуюць дапамогі.
Кіраўнік рады міжнароднага кансорцыюму «ЭўраБеларусь», сузаснавальнік таварыства «Зялёная сетка» Яраслаў Бекіш заявіў, што неабходна «палітызаваць» беларускае грамадзтва.
«Тое, што ўлады закрываюць арганізацыі грамадзянскай супольнасьці, — так яны страляюць сабе ў нагу. Гэта на карысьць нам. Я спачуваю сваім сябрам і знаёмым, якія цярпяць ад таго, што закрываюцца важныя арганізацыі для грамадзянскай супольнасьці, але, на дзіва, гэта ідзе на карысьць нам, бо дзяржава губляе такі важны інстытут кантролю за сваёй дзейнасьцю.
Наша задача — палітызаваць грамадзтва. Нам трэба нарошчваць уцягнутасьць людзей у грамадзкі і палітычны кантэкст, кожны можа зрабіць гэта з кухні, гаворачы са сваімі знаёмымі і блізкімі. Варта крытыкаваць „фронтмэнаў“ грамадзянскай супольнасьці, фонды, ня ганіць, а менавіта прапаноўваць свае варыянты. Уцягнутасьць людзей у палітыку дапаможа стаць ім больш абазнанымі ў гэтым кантэксьце».
Сакратар супольнасьці «Беларусы замежжа» і адзін з каардынатараў праекту «Народныя амбасады» Міхаіл Рубін расказаў, што ў 2020-м сярод усіх пасольстваў і консульстваў Беларусі за мяжой, дзякуючы актыўнасьці беларускіх актывістаў, толькі ў трох наважыліся сфальшаваць выбары — гэта адбылося ў расейскіх Санкт-Пецярбургу і Маскве, а таксама ў францускім Парыжы.
Праваабаронца Андрэй Сушко прапанаваў уключыць у выканаўчую структуру, стварэньне якой цяпер абмяркоўваецца, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці, а таксама прадугледзець інстытут упаўнаважанага ў правах чалавека.
«Абавязкова павінны быць інструмэнты кантролю і нагляду, нейкая рэвізійная камісія таксама патрэбная. Унутраная празрыстасьць і мэханізм кантролю павінен быць», — дадаў ён.
Прапанова Макара наконт вызваленьня палітвязьняў
«Я ведаю, як вызваліць палітвязьняў», — заявіў на канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні Ігар Макар.
Зь ягоных словаў, у яго ёсьць група паплечнікаў. Аднак ён не расказаў, як гэта зрабіць і што ён дзеля гэтага робіць. Непразрыста намякнуў, маўляў, чамусьці блогерку Вольгу Такарчук вызвалілі на 2 месяцы раней за тэрмін.
Макар спытаў у Ціханоўскай дазволу рабіць працу дзеля вызваленьня палітвязьняў. Дэмакратычная лідэрка заўважыла, што ня можа даваць дазволаў, але запэўніла, што ейны офіс можа дапамагаць гэтай ініцыятыве, і папрасіла абмеркаваць пытаньне дэталёва па-за канфэрэнцыяй.
У офісе Ціханоўскай прызналі патрэбу ў новых спэцыялістах
Сьвятлана Ціханоўская і яе каманда заклікалі грамадзкіх актывістаў далучацца да працы ў розных кірунках, працягваючы іхныя палітычныя дамоўленасьці на міжнародным узроўні — дзеля вызваленьня і рэабілітацыі палітвязьняў, дзеля працы з грамадзянамі ў Беларусі, у міжнародных справах.
Сьвятлана Ціханоўская нагадала, што неўзабаве на волю выйдуць тысячы беларусаў, асуджаныя з палітычных матываў у 2020 годзе і пазьней.
«Мы на палітычным узроўні кожную сустрэчу кажам, што ім усім патрэбная будзе рэабілітацыя, псыхалягічная дапамога. Трэба рыхтаваць ужо зараз праграмы рэабілітацыі — на нацыянальным, на эўрапейскім узроўні. Але хтосьці мусіць далей працаваць праз тыя кантакты, якія мы наладжваем. Не хапае рук. Калі ў вас ёсьць людзі, якія могуць узяць гэты кірунак, — далучайцеся», — сказала Сьвятлана Ціханоўская, адказваючы на пытаньне пра дапамогу палітвязьням у Беларусі.
Ціханоўская пра Пазьняка: «Мы гатовыя да кампрамісу, але павінен быць узаемны рух насустрач»
«Каб дамаўляцца, патрэбна жаданьне з двух бакоў. Я ў свой час зрабіла спробу наладзіць кантакт зь Зянонам Станіслававічам. Я яму патэлефанавала, мы зь ім паразмаўлялі, але зноў жа… Калі чалавек кажа, што ён гатовы мяне бачыць толькі ў турме, я ня бачу сэнсу ў далейшай камунікацыі», — сказала Сьвятлана Ціханоўская, адказваючы на пытаньне пра магчымасьць супрацы зь Зянонам Пазьняком.
«Ён (Пазьняк. — РС) — вялікі чалавек для Беларусі. Я да яго стаўлюся з павагай, але калі камунікацыя на нейкім этапе не выходзіць, то, напэўна, няма сэнсу дабівацца. У нас ёсьць людзі, празь якіх мы можам кантактаваць зь Зянонам Станіслававічам, і нас гэта задавальняе», — дадала яна.
У той жа час Сьвятлана Ціханоўская падкрэсьліла, што яна гатовая да кантактаў і кампрамісу, але павінен быць рух насустрач.
Ціханоўская пра палітыку наконт беларускай мовы
«Я лічу, што мы павінны размаўляць на беларускай мове, мы павінны прасоўваць сваю культуру і мову, але ж я — не найлепшы прыклад. Мне цяжка размаўляць на беларускай мове, я практыкуюся. Я знаходжуся ў асяродзьдзі, у якім размаўляюць па-беларуску, і мне стала лягчэй размаўляць за апошнія два гады».
Паводле Ціханоўскай, пытаньне мовы павінны вырашаць людзі. «Маё ўласнае меркаваньне — нельга загадамі ламаць людзей. Гэта перш за ўсё ўласныя крокі. Ніхто ня будзе пад пугай размаўляць па-беларуску. Калі мы будзем больш чытаць і чуць вакол сябе беларускай мовы, то і нам будзе лягчэй адаптоўвацца і ня думаць, што гэта мова вёскі. Гэта мова нацыі», — дадала яна.
Памінальная служба і беларускае шэсьце
9 жніўня ў Вільні ў Катэдральным саборы Сьвятога Станіслава пройдзе памінальная служба памяці беларускіх добраахвотнікаў, якія загінулі за незалежнасьць Украіны пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць яе.
Пасьля службы адбудзецца акцыя да 2-й гадавіны выбараў прэзыдэнта ў Беларусі і шэсьце да беларускай амбасады.
«Сёньня два гады з дня выбараў. Гэта быў такі палёт беларусаў, калі мы атрымалі магчымасьць бачыць і адчуваць адзін аднаго, а зь іншага боку — гэта памятная дата. Бо з гэтага дня пачаўся тэрор супраць беларусаў», — сказала Сьвятлана Ціханоўская.
Канфэрэнцыя пачалася 8 жніўня ў віленскім «Тэатры Вайдзілы», яе трансьлявалі ў жывым этэры, у другі дзень пасьля рэгістрацыі ўдзельнікаў праграма пачалася ў 10.30 менскага часу з пытаньняў і адказаў.
Праграма прадугледжвала тры тэматычныя сэсіі з асобнымі ўдзельнікамі ў кожнай.
Абмеркаваньні канфэрэнцыі ў праграме 9 жніўня:
- Сэсія № 1. Прыярытэты беларускага бізнэсу
- Сэсія № 2. Лічбавая дэмакратыя
- Сэсія № 3. Прыярытэты грамадзянскай супольнасьці