Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За 3 гады страты заводу вырасьлі ў 27 разоў. Што з прадпрыемствамі, якімі апекаваўся Лукашэнка


Прадпрыемства «Барысаўдрэў» — адно з тых, якія «ратаваў» Лукашэнка
Прадпрыемства «Барысаўдрэў» — адно з тых, якія «ратаваў» Лукашэнка

Як Лукашэнка «ратаваў» заводы пасадкамі і звальненьнямі і да чаго гэта прывяло. Глядзім гісторыю прадпрыемстваў, пра якія вельмі клапаціліся ўлады.

Miory Steel

У 2015 годзе ў Мёрах Віцебскай вобласьці пачалі будаваць сучасны мэталапракатны завод Miory Steel. Будоўля завяршылася ў 2020 годзе, тады ж новае прадпрыемства пачало сваю дзейнасьць.

Гэты завод — прыватны, у будоўлі выкарыстоўваліся і грошы замежных інвэстараў. Асноўны інвэстар — кампанія ММРZ GmbH, гэтая ж кампанія мае большасьць акцыяў заводу.

На пачатку лета 2021 году на заводзе чакалі прыезду Лукашэнкі, аднак замест яго на завод прыйшлі сілавікі. Яны затрымалі старшыню рады дырэктараў і аднаго з інвэстараў Аляксея Кавалёнка, а таксама некалькіх кіраўнікоў заводу: гендырэктара Пятра Шымуковіча і намесьніка гендырэктара па эканоміцы і фінансах Дзьмітрыя Слаўнікава.

Мэнэджараў абвінавацілі ў злоўжываньні паўнамоцтвамі, якое пацягнула за сабой страты. Аднак якраз пасьля затрыманьня мэнэджараў страты вырасьлі ў 15,7 раза. У 2020 годзе прадпрыемства спрацавала з чыстымі стратамі на 5,5 мільёна рублёў, а ў 2021 годзе — на 91,1 мільёна.

У кампаніі працуе 19% насельніцтва Мёраў, але завод могуць прызнаць банкрутам. Агульная запазычанасьць прадпрыемства — 1,65 мільярда рублёў. Суд будзе разглядаць пытаньне аб прызнаньні заводу банкрутам 10 лістапада.

Слуцкі мясакамбінат

У красавіку 2014 году Аляксандар Лукашэнка зрабіў разнос на Слуцкім мясакамбінаце, пасьля гэтага затрымалі кіраўнікоў камбінату і часова забаранілі прывозіць туды сыравіну — да «выпраўленьня парушэньняў». Тады ж на камбінаце казалі, што прадукцыя была нармальнай якасьці, санстанцыя праблем не выяўляла.

У лістападзе мінулага году затрымалі ўжо іншага дырэктара Слуцкага мясакамбінату Мікалая Вярбіцкага. Яго абвінавацілі ў атрыманьні хабару і прысудзілі 4 гады пазбаўленьня волі.

Глядзім, што з камбінатам цяпер. Чыстыя страты заводу за мінулы год — 11,3 мільёна рублёў. У заводу 225 мільёнаў рублёў даўгоў па кароткатэрміновых і доўгатэрміновых абавязаньнях.

Дрэваапрацоўка

У 2007 годзе з падачы Аляксандра Лукашэнкі пачалася падтрымка прадпрыемстваў, якія займаюцца дрэваапрацоўкай. Шэрагу дрэваапрацоўчых заводаў выдзелілі крэдыты агульнай сумай больш як на 1 мільярд даляраў.

Пасьля візыту Лукашэнкі на «Барысаўдрэў» у ходзе мадэрнізацыі звольнілі кіраўніка Менскай вобласьці Барыса Батуру. Падчас нарады ў 2014 годзе Лукашэнка зноў разносіў чыноўнікаў за хаду дрэваапрацоўкі і зрываньне тэмпаў. Сярод іншага, яго раззлавала тое, што нарада сабралася ў Менску, а ня ў Віцебску на дрэваапрацоўчым заводзе.

Мадэрнізацыю на «Віцебскдрэве» ўсё ж скончылі. За 2018, 2019 і 2020 гады завод спрацаваў са стратамі. За 2021 год справаздача нідзе не публікавалася, аднак у аўдытарскім заключэньні за 2020 год ёсьць фраза «Істотная нявызначанасьць у дачыненьні да бесьперапыннай дзейнасьці». Прасьцей кажучы — аўдытары маюць вялікія сумневы наконт пэрспэктывы далейшага існаваньня прадпрыемства.

Чыстыя страты «Барысаўдрэва» за мінулы год — 125,7 мільёна рублёў, за 2020 год — 10,1 мільёна рублёў, за 2019 год страты складалі 4,5 мільёна рублёў. То бок за тры гады страты вырасьлі амаль у 30 разоў.

Страты былі таксама па выніку 2018 году — 17,1 мільёна рублёў, і па выніку 2017 году — 11,1 мільёна рублёў. Такім чынам, завод 5 гадоў працуе са стратамі.

«Магілёўдрэў» за 2021 год зарабіў 305 тысяч рублёў, «Івацэвічдрэў» — 2,5 мільёна рублёў, але даўгі заводу (як доўгатэрміновыя так і кароткатэрміновыя) складаюць больш за 231 мільён рублёў. Гэта ў 92 разы больш за штогадовы прыбытак.

«Камволь»

У сьнежні 2012 году Лукашэнка прыехаў на прадпрыемства «Камволь» у Менску і крычаў там на чыноўнікаў і дырэктара заводу. Сытуацыю там ён назваў «злачыннай безадказнасьцю».

У 2017 годзе Лукашэнка яшчэ раз наведаў «Камволь» і заявіў, што цяпер будзе шыць касьцюмы толькі зь беларускай тканіны.

За 2021 год «Камволь» зарабіў 12 тысяч рублёў, за 2020 год — 6 тысяч рублёў. Па даўгах завод вінен 335 мільёнаў рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG