Павышаны цэны на цыгарэты
Вытворцы тытунёвых вырабаў «Тытунь-інвэст», Горадзенская тытунёвая фабрыка «Нёман», а таксама «Інтэр Табака» паднялі цэны на 5 капеек. Некаторыя маркі цыгарэт падаражэлі на 10 капеек. Новыя сумы пазначаныя на сайце Міністэрства падаткаў і збораў.
Пры гэтым дзьве кампаніі — «Беларусьторггандаль» і «Энэрга-ойл» — пакінулі цэны ранейшымі.
Павялічваюцца працоўныя пэнсіі і дапамога
З 1 жніўня на 10% павялічылі памер сярэдняй зарплаты, які выкарыстоўваецца пры разьліку працоўных пэнсій. Гэта ўжо другое павышэньне пэнсій сёлета. Папярэдняе адбылося ў сакавіку.
Таксама са жніўня павялічаны дапамогі па доглядзе дзяцей ва ўзросьце да 3 гадоў. Новыя стаўкі будуць дзейнічаць да 31 студзеня 2023 году.
- на першае дзіця — 556,05 рубля,
- на другога і наступных дзяцей — 635,48 рубля,
- на дзіця-інваліда — 714,92 рубля.
Акрамя таго, у краіне павялічаны бюджэт пражытковага мінімуму. Сацыяльны нарматыў у сярэднім на душу насельніцтва павялічаны на 17,35 рубля да 328,5 рубля.
БПМ для асобных катэгорый насельніцтва вызначаны ў наступных памерах:
- для працаздольнага насельніцтва — 366,23 рубля (+19,03 рубля),
- для пэнсіянэраў — 247,21 рубля (+14,91 рубля),
- для дзяцей да 3 гадоў — 204,8 рубля (+10,44 рубля),
- для дзяцей ад 3 да 6 гадоў — 284,6 рубля (+13,79 рубля),
- для дзяцей ад 6 да 18 гадоў — 350,06 рубля (+20,2 рубля).
Адпаведна, з 1 жніўня павялічаны выплаты, прывязаныя да БПМ. Аднаразовая дапамога ў сувязі з нараджэньнем дзіцяці будзе складаць:
- пры нараджэньні першага дзіцяці — 3285 руб. (+ 173,5 руб.);
- пры нараджэньні другога і наступных дзяцей — 4599 руб. (+ 243 руб.);
- памер выплат на дзіця-інваліда складзе 229,95 рубля, а на іншых дзяцей у сем’ях 164,25 руб.
Дапамога шматдзетным сем’ям да школы
Шматдзетныя бацькі, якія выхоўваюць траіх і больш дзяцей, атрымаюць к 1 верасьня грашовую дапамогу. Памер такой выплаты фіксаваны і не залежыць ад даходу сям’і.
На кожнае дзіця школьнага ўзросту выдзяляецца 30% бюджэту пражытковага мінімуму (БПМ), які пачне дзейнічаць з 1 жніўня 2022 году.
БПМ з 1 жніўня вырасьце да 328,5 рубля. Значыць, матэрыяльная дапамога складзе 98,55 рубля.
Павелічэньне пэнсій па ўзросьце
З 1 жніўня павялічацца таксама «ўзроставыя» даплаты да пэнсій, атрымальнікамі якіх зьяўляюцца каля паўмільёна чалавек ва ўзросьце 75 гадоў і старэйшых. Яны складуць:
- 75–79 гадоў — 61,60 руб.
- 80 гадоў і старэйшым (з улікам надбаўкі на догляд) — 123,2 руб., а пры наяўнасьці інваліднасьці I групы — 164,26 руб.
Памеры сацыяльных пэнсій інвалідам і дзецям-інвалідам з 1 жніўня:
- інвалідам 1 групы, у тым ліку інвалідам зь дзяцінства — 361,35 рубля,
- інвалідам зь дзяцінства 2 групы — 312,08 рубля,
- інвалідам 2 групы — 279,23 рубля,
- інвалідам 3 групы — 246,38 руб,
- дзецям-інвалідам да 18 гадоў пры першай ступені страты здароўя — 262,80 руб.
- дзецям-інвалідам да 18 гадоў пры другой ступені страты здароўя — 279,23 руб.
- дзецям-інвалідам да 18 гадоў пры трэцяй ступені страты здароўя — 312,08 руб.
- дзецям-інвалідам да 18 гадоў пры чацьвёртай ступені страты здароўя — 361,35 руб.
Šiaulių bankas спыняе плацяжы ў РФ і Беларусь
Літоўскі банк Šiaulių bankas спыняе плацяжы ў Расейскую Фэдэрацыю і Рэспубліку Беларусь і ня будзе прымаць плацяжоў з гэтых краінаў. Ён заставаўся апошнім сярод буйных банкаў Літвы, хто яшчэ праводзіў плацяжы ў Беларусь і Расею. У траўні іх спынілі Swedbank і SEB bankas, у канцы чэрвеня — банк Luminor.
У звароце да кліентаў, апублікаваным на сайце банку, са спасылкай на санкцыі Расейскай Фэдэрацыі і Рэспублікі Беларусь, гаворыцца пра «прэвэнтыўныя рашэньні», якія «тычацца зьдзяйсьненьня плацяжоў у краіны, што знаходзяцца пад санкцыямі».
У прыватнасьці, з 15 жніўня гэтага году ня будуць ажыцьцяўляцца плацежныя апэрацыі ў Расейскую Фэдэрацыю і Рэспубліку Беларусь або зь іх у любой валюце.
Паведамляецца таксама, што «пасьля ўступленьня ў сілу новых расцэнак за крэдытныя пераводы ў краіны або залічэньня плацяжоў, атрыманых з краінаў, якія падлягаюць узмоцненаму маніторынгу з боку Банку ў адпаведнасьці з Законам Літоўскай Рэспублікі аб прадухіленьні адмываньня грошай і фінансаваньня тэрарызму, спаганяецца дадатковая камісія ў памеры 50 эўра».
Пачатак выдачы гуманітарных візаў для беларусаў
З 1 жніўня чакаецца пачатак выдачы гуманітарных візаў у Варшаве для беларусаў, якія прыбылі з Украіны бязь візаў; зь верасьня — у Беластоку, Любліне і Познані. На сустрэчы каманды Ціханоўскай з МУС Польшчы абмяркоўвалі таксама праблемы з запісам на візы ў Беларусі.
На мінулым тыдні беларускім грамадзянам на тэрыторыі Польшчы ўдалося ўдакладніць яшчэ адзін важны момант з дакумэнтамі. Цэнтар беларускай салідарнасьці са спасылкай на Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы паведаміў, што грамадзяне Беларусі, якія маюць гуманітарны від на жыхарства ў Польшчы, змогуць езьдзіць у Беларусь і назад.
У Дэпартамэнце міжнародных спраў і міграцыі МУС Польшчы адказалі, што «выезд грамадзяніна Беларусі ў краіну паходжаньня ня будзе сам па сабе падставай адклікаць дазвол на часовае знаходжаньне», выдадзены паводле гуманітарных падстаў.
Таксама МУС Польшчы прадставіла неабходную інфармацыю пра атрыманьне такога віду на жыхарства, яе можна пачытаць па спасылцы.
Свабодны прафсаюз Беларускі ўпершыню стаў сябрам міжнародных арганізацый
Свабодны прафсаюз Беларускі прынялі ў сябры Эўрапейскай фэдэрацыі прафсаюзаў грамадзкага абслугоўваньня (The European Federation of Public Service Unions, EPSU) 5 траўня і Глябальнай фэдэрацыі грамадзкіх паслуг (Public Services International, PSI) 5 ліпеня рашэньнямі кіроўных структур гэтых арганізацый.
«Гэтай падзеі мы чакалі некалькі месяцаў. Для нас гэта новы этап у дзейнасьці прафсаюзу. Асабліва гэта важна для нашых галіновых структур у сфэры мэдыцыны і адукацыі. Рашэньне набывае моц з 1 жніўня 2022 году. Гэта азначае атрыманьне магчымасьці ўдзелу ў міжнародных праграмах супрацоўніцтва, дадатковай абароны правоў работнікаў — сяброў прафсаюзу, удзелу ў сэмінарах і трэнінгах у высокакваліфікаваных спэцыялістаў. А таксама дадатковая абарона для прафсаюзу, які апошнім часам зазнае асабліва жорсткія рэпрэсіі», — адзначылі ў СПБ.
PSI і EPSU ужо заявілі аб салідарнасьці з усімі беларускімі дэмакратычнымі прафсаюзамі і гатоўнасьці далей усяляк падтрымліваць арганізацыю. Да гэтага СПБ не ўваходзіў у міжнародныя структуры. Міжнародныя структуры заявілі, што не прызнаюць законнымі пастановы судоў у Беларусі аб ліквідацыі незалежных прафсаюзаў.
Забарона на трыманьне некаторых відаў экзатычных жывёлаў
З 1 жніўня ўступае ў сілу забарона на трыманьне ў жылых памяшканьнях і на прысядзібных участках некаторых жывёлаў. У сьпіс уключылі ў асноўным экзатычныя віды.
Цяпер забаронена ўтрымліваць або разводзіць каралеўскіх кобраў, пітонаў даўжынёй звыш 4 мэтраў, усе віды марскіх чарапах, усе віды мядзьведзяў, вялікіх катоў (ільва, тыгра, пуму), усе віды шымпанзэ, расамах, усе віды жураўлёў, а таксама афрыканскіх страўсаў.
Ёсьць і іншая катэгорыя жывёлаў, якіх можна трымаць толькі ў кантактных заапарках: нутрыі, марскія сьвінкі, дэгу, мадагаскарскія тараканы і тараканы-аўтамабільчыкі.
Апавяшчэньні на аплату маёмасных падаткаў
На працягу жніўня (да 1 верасьня) беларусы атрымаюць паведамленьні на выплату маёмасных падаткаў (падаткі на нерухомую маёмасьць, у тым ліку на кватэру, зямельны і транспартны). Апавяшчэньні будуць паступаць платнікам як на папяровым носьбіце (у паштовую скрыню), так і ў электронным (грамадзянам, якія маюць доступ да «Асабістага кабінэта платніка»).
Выплата падатку будзе ажыцьцяўляцца ў два этапы:
- не пазьней за 15.11.2022 неабходна ўнесьці авансавы плацеж у памеры 50% ад налічанай за 2022 год сумы (яна будзе пазначана ў апавяшчэньні);
- не пазьней за 15.11.2023 трэба будзе ўнесьці астатнюю частку.
У наступныя гады выплата маёмасных падаткаў будзе ажыцьцяўляцца не пазьней за 15 лістапада году, наступнага за мінулым годам, напрыклад, за 2023 год — не пазьней за 15 лістапада 2024 году.
Новыя элемэнты школьнай формы
Да 1 жніўня кожная беларуская школа павінна была выбраць асаблівы элемэнт школьнай формы для сваіх вучняў, каб у новым навучальным 2022/2023 годзе навучэнцы з адной установы «выглядалі як адзіная супольнасьць».
У Міністэрстве адукацыі ўдакладнілі, што такім унікальным дадаткам можа стаць любы элемэнт адзеньня — камізэлька, пінжак, кашуля, але пэўнай мадэлі або колеру.
Новыя тарыфы на карткі «Беларусбанку»
Новаўвядзеньне набывае моц з 8 жніўня. Банк, сярод іншага, увядзе ўзнагароду за абслугоўваньне картак «Белкарт-Прэміюм», за абслугоўваньне віртуальных картак міжнародных плацежных сыстэм. Таксама вырасьце камісія за абслугоўваньне картак «Ізі-карта», а таксама карт Visa Platinum, якія аформілі ўдзельнікі клюбу «Свае».
Пры гэтым «Беларусбанк» мае намер адмяніць камісію за абслугоўваньне плацежных картак «Студэнцкая картка (Картка навучэнца)». Збор ня будуць спаганяць на працягу тэрміну навучаньня.
Канец прыёмнай кампаніі ў ВНУ
Залічэньне на бюджэтную форму навучаньня ў большасьці ВНУ Беларусі працягнецца па 4 жніўня. На платную форму навучаньня абітурыентаў залічаць па 10 жніўня. Прыём дакумэнтаў на навучаньне на ўмовах аплаты для абітурыентаў, якім ня трэба здаваць унутраныя ўступныя іспыты, праводзіцца па 8 жніўня.
Беларускія ВНУ сёлета плянуюць прыняць 53,5 тысячы абітурыентаў, зь іх платнікаў — да 25,5 тысячы. Прычым у шэрагу ўнівэрсытэтаў аплата павысілася.
У ССНУ дакумэнты выпускнікоў 9-х клясаў будуць прымаць па 3 жніўня на бясплатнае аддзяленьне і да 14 жніўня — на платнае. Бюджэтнікаў залічаць на першы курс па 10 жніўня, платнікаў — па 16 жніўня.
Для выпускнікоў 11-х клясаў дакумэнты ў сярэднія спэцыяльныя навучальныя ўстановы будуць прымаць на бюджэтную форму навучаньня па 12 жніўня, на платную — па 17 жніўня. Залічэньні пройдуць па 16 жніўня (бюджэт) і па 18 жніўня (платнае).
У некаторых навучальных установах тэрміны залічэньня могуць адрозьнівацца.
Закрыцьцё старых тарыфаў МТС і павышэньне платы за паслугі
Некаторыя абанэнты сеткі МТС з 1 жніўня будуць пераведзены на іншыя тарыфныя пляны. Абанэнты могуць зьмяніць адзін са старых тарыфных плянаў на актуальны самастойна (праз дадатак, USSD-запытам або ў кантакт-цэнтры). Калі гэтага не адбудзецца, то, пачынаючы з 1 жніўня, апэратар зробіць пераход паводле ўласнай распрацаванай схемы.
Карыстальнікаў, якіх тычыцца магчымая зьмена тарыфу, апавясьцяць па SMS.
Таксама будзе падвышаная плата на асобныя паслугі мабільнай сувязі для фізычных і юрыдычных асобаў: паслугі ў роўмінгу, міжнародная сувязь, MMS, іншыя сэрвісныя і дадатковыя паслугі. Акрамя таго, павысіцца кошт паслуг праваднога доступу ў інтэрнэт для фізычных і юрыдычных асоб, а таксама паслуг арганізацыі карпаратыўных сетак.