Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Страта ўкраінскага рынку і эўрапейскія санкцыі проста забіваюць беларускую нафтаперапрацоўку, — эканаміст Барнукова


Нафтаперапрацоўчы завод у Мазыры
Нафтаперапрацоўчы завод у Мазыры

Кацярына Барнукова, акадэмічная дырэктарка незалежнага цэнтру ў галіне эканамічных дасьледаваньняў у Беларусі BEROC, аналізуе, што такое падзеньне ВУП у красавіку на 6% — выпадковасьць ці пачатак стратэгічнай тэндэнцыі; прагназуе, наколькі ўпадуць сёлета даходы насельніцтва, і разважае, ці магчыма замяніць страчаны ў выніку вайны ўкраінскі рынак.

Сьцісла:

  • У хімічнай прамысловасьці заробкі ўпалі на 40 працэнтаў. Гэта «Беларуськалій».
  • Зараз тры самыя балючыя пазыцыі — нафтапрадукты, дрэваапрацоўка і калій. Расейскі рынак Беларусі тут ніяк не дапаможа.
  • Будуць адбывацца паралельна два працэсы — зьніжэньне занятасьці і зьніжэньне заробкаў.
  • Зьніжэньне даходаў насельніцтва, магчыма, будзе нават большым за падзеньне ВУП.
  • Хутчэй за ўсё, беларускі рубель будзе дэвальвавацца.
  • Мы назіраем, што Нацбанк пачынае друкаваць грошы.

Кацярына Барнукова
Кацярына Барнукова

— За красавік ВУП Беларусі ўпаў на 6%, і, як здаецца, гэтая лічба не прагучала ў грамадзтве дастаткова заўважна. Між тым такіх падзеньняў у беларускай эканоміцы не было даўно. Ці можа гэта быць проста нейкае асобнае выключэньне, адзін няўдалы месяц, ці гэта сьведчаньне сур’ёзнай тэндэнцыі?

— Гэта не выпадковасьць. Бо красавік ужо ня першы месяц, калі падае валавы ўнутраны прадукт, гэта адбываецца ад лютага. Менавіта зь лютага пачаў адчувацца эфэкт санкцыяў, калі Беларусі перакрылі транзыт калійных угнаеньняў. У сакавіку адбылася страта ўкраінскага рынку для Беларусі, у красавіку дадаліся транспартныя санкцыі.

І гэта пачатак вельмі сур’ёзнага трэнду на падзеньне. І мы гэта бачым ужо ня толькі ў лічбах ВУП, але і ў падзеньні заробкаў. Напрыклад, у хімічнай прамысловасьці ў Менскай вобласьці заробкі ўпалі на 40 працэнтаў. Гэта «Беларуськалій».

— І ўлады плянуюць усе гэтыя нэгатыўныя працэсы перамагчы імпартазамяшчэньнем, выхадам на новыя рынкі і напаўненьнем расейскага рынку беларускімі таварамі?

— Прыблізна так. Мы ўжо бачым у навінах пераможныя рэляцыі. Што экспарт беларускай газіроўкі вырас на 50%, бо замежныя фірмы пакідаюць расейскі рынак і «Белакола» займае тыя нішы. Нейкія такія лякальныя рэчы магчымыя ў харчовай прамысловасьці, адзеньні ў танным сэгмэнце, мэблі.

Але гэта ўсё ніяк не дапаможа ўратаваць тыя галіны, якія трапілі пад санкцыі. Зараз тры самыя балючыя пазыцыі — нафтапрадукты, дрэваапрацоўка і калій. І атрымліваецца, што расейскі рынак Беларусі тут ніяк не дапаможа, бо ў іх гэта ўсё ёсьць сваё. Мы назіраем, што ніякага месца на расейскім рынку для нашых нафтапрадуктаў пакуль не знайшлося, і незразумела, ці знойдзецца. Калій беларускі тым болей на расейскім рынку не патрэбен, там ёсьць свае вытворцы, якія канкуруюць на сусьветным рынку зь беларусамі. Свайго дрэва ў Расеі таксама хапае — але, магчыма, беларуская мэбля паспрабуе ўмацавацца на расейскім рынку.

— Абнуленьне ў выніку вайны экспарту ва Ўкраіну, як выглядае, можа стаць вялікім ударам для беларускага экспарту. Украіна займала трэцяе месца ў сьпісе гандлёвых партнэраў Беларусі, і сальда гэтага гандлю было вельмі выгаднае, экспарт зь Беларусі моцна перавышаў імпарт. Што цяпер будзе з гэтым гандлёвым партнэрам?

— У экспарце тавараў зь Беларусі доля Ўкраіны была 12 працэнтаў. Таму вялікае падзеньне беларускага ВУП у красавіку — гэта якраз уплыў падзеньня ўкраінскага рынку. Большая частка беларускага экспарту — гэта былі нафтапрадукты. Гэта было выгадна, блізка, з Мазыра пастаўляць было вельмі зручна.

Магчыма, улады дасюль спадзяюцца, што гэта нейкім чынам адновіцца. Для пачатку тут трэба, каб скончылася вайна і каб нават пасьля вайны Ўкраіна ня мела альтэрнатыўных паставак і мела палітычнае жаданьне зноў закупляць у Беларусі. На гэты момант страта ўкраінскага рынку і эўрапейскія санкцыі проста забіваюць нашу нафтаперапрацоўку.

— Што будзе зь беларускім рублём? З аднаго боку, ён прывязаны праз кошык валют да расейскага, з другога — эканамічныя працэсы зусім іншыя. Ці ёсьць у выніку ўсіх працэсаў падставы для стабільнасьці беларускага рубля?

— У Расеі моцна ўпаў імпарт, а прыток валюты ня зьменшыўся, бо нафта і газ па-ранейшаму прадаюцца на замежных рынках, нават па вялікіх цэнах. І гэта спрыяе вар’яцкаму ўмацаваньню расейскага рубля.

У Беларусі сытуацыя зусім іншая. У нас няма такога шалёнага падзеньня імпарту, там такія ж тэмпы зьніжэньня, як і з экспартам. Ёсьць прыкметы, што імпарт будзе аднаўляцца. А вось пэрспэктывы экспарту вельмі сумныя стратэгічна. У траўні-чэрвені многія санкцыі ўступаюць у сваю поўную сілу — раней выконваліся старыя кантракты. Па-другое, расейскі рынак таксама будзе не пашырацца, а сьціскацца, і цалкам магчыма, што і там ня вельмі захочуць купляць беларускае.

Таму, хутчэй за ўсё, беларускі рубель будзе дэвальвавацца. Калі гэты момант наступіць, незразумела, бо некаторыя эканамічныя дадзеныя ўлады імкнуцца хаваць ці даваць пазьней.

— Тым часам, калі з пачаткам вайны ў лютым-сакавіку курс рубля рвануў да 3–3,2, то, адпаведна, шмат у якіх сэгмэнтах імгненна вырасьлі і цэны. Рубель вярнуўся на свае 2,55, але цэны засталіся, ня сталі вяртацца. Чаго чакаць з інфляцыяй і даходамі насельніцтва?

— Падзеньне даходаў будзе дастаткова істотнае. Рэальны заробак ужо ў красавіку зьнізіўся на 4,5 працэнта ў параўнаньні з красавіком мінулага году. Але гэтае зьніжэньне рэальных даходаў будзе вельмі нераўнамернае. У тых самых «праблемных» галінах, якія пацярпяць ад санкцыяў, падзеньне даходаў дасягнула за месяц двухзначных лічбаў.

І гэта толькі пачатак, бо пакуль некаторыя прадпрыемствы маюць «падушку бясьпекі» з «экспартнага буму» мінулага году. І зараз пачынаюць праядаць гэтыя запасы. Будуць адбывацца паралельна два працэсы — зьніжэньне занятасьці і зьніжэньне заробкаў. Напрыклад, зьніжэньне занятасьці адбываецца ў самай сучаснай галіне — IT-сфэры, мы ведаем, што айцішнікі масава зьяжджаюць. Таксама даволі вялікія лічбы скарачэньняў у будаўніцтве — гэта галіна, якая заўсёды чуйна рэагуе на зьменлівасьць каньюнктуры рынку.

— Вы, як і іншыя эканамісты, кажаце, што падзеньне эканомікі Беларусі па выніках гэтага году можа дасягнуць 10 працэнтаў.

— У нас сапраўды адбываецца камбінаваны шок, па самых розных кірунках. Беларусь — значна больш арыентаваная на замежныя рынкі эканоміка, чым, напрыклад, расейская. А цяпер на рынку Эўразьвязу 70 працэнтаў беларускіх тавараў пад санкцыямі, украінскі рынак на гэты момант проста страчаны.

Таму 10 працэнтаў падзеньня — гэта, на маю думку, вельмі рэалістычны прагноз. Нават Эўразійскі банк разьвіцьця прагназуе 7 працэнтаў падзеньня сёлета для Беларусі. Апошнія 20 гадоў у нас не было такіх падзеньняў.

Зьніжэньне даходаў насельніцтва, магчыма, будзе нават большае за падзеньне ВУП. Але самае горшае тут, што гэта будзе вельмі нераўнамерна — нехта зусім страціць сваю працу, у кагосьці даходы зьменшацца на 40–50 працэнтаў. І многія трапяць у катэгорыю бедных.

Што тычыцца інфляцыі, якая ўжо дасягнула 17 працэнтаў гадавых, то мне падаецца, што тут самае страшнае ўжо адбылося, той выбух у сакавіку, які ўжо не паўторыцца. У траўні інфляцыя зьменшылася, і ёсьць шанец, што за год яна будзе ў раёне 15 працэнтаў. Але мы назіраем, што Нацбанк пачынае друкаваць грошы. Мы бачым куплю Нацбанкам аблігацыяў Міністэрства фінансаў на суму звыш мільярда рублёў, гэта і ёсьць эмісія. Думаю, у Нацбанку больш няма сілаў супраціўляцца, і ёсьць вялікая спакуса ўключыць друкарскі станок.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG