Кватэру ўкраінак Алены і Сьвятланы Калесьнічэнкаў прадалі празь фіктыўныя дакумэнты расейскаму вайскоўцу, які мае субсыдыю на аплату камунальных паслуг ад Міністэрства абароны Расеі, сьцьвярджаюць пацярпелыя.
Ліст пра аплату рахункаў сям’я Алены Калісьнічэнка атрымала выпадкова — так яны даведаліся, што ў іх забралі кватэру ў акупаваным Крыме.
Як Расея пазбаўляе ўкраінцаў уласнасьці ў Крыме, вывучалі «Крым.Реалии».
Алена і Сьвятлана Калесьнічэнкі пераехалі ў Крым у 2009 годзе. Алена двума гадамі раней купіла ў Феадосіі дзьве кватэры. Пасьля акупацыі Крыму жанчыны адмовіліся прымаць расейскае грамадзянства, але мелі там дазвол на часовае жыхарства.
З 2019 году яны жывуць у Кіеве. Спачатку праз пандэмію каранавірусу, а потым расейскае ўварваньне 2022 году яны не змаглі вярнуцца ў Феадосію. Ключы пакінулі суседцы, каб яна за кватэрай прыглядала. Але выйшла інакш.
Як пачалася вайна, суседка перастала выходзіць на сувязь. А год таму на дзьвярах кіеўскай кватэры жанчын зьявілася запіска:
«Я ваш сусед Валодзя, і вашы кватэры прададзены».
Цяпер там жыве расейскі вайсковец, ва Ўкраіне аб’яўлены яго вышук за дэзэртырства.
Жанчыны падазраюць, што да продажу кватэры мае дачыненьне суседка, якая перайшла на бок Расеі і, як і ейны муж, працуе ў вайсковай частцы. Яны мяркуюць, што крымскі натарыюс празь фіктыўныя дакумэнты на падстаўных асобаў аформіў даверанасьць на продаж кватэры.
Жанчыны ня раз зьвярталіся ў расейскую адміністрацыю Крыму. Там пасьля некалькіх адмоваў усё ж такі завялі справу. Але як ідзе расьсьледаваньне, яны ня ведаюць.
Алена Калесьнічэнка сьцьвярджае, што ў ейным доме ўжо 7 такіх кватэраў, «і, значыць, гэта ўжо нейкая масавая зьява».
Значна большы маштаб мае ў Крыме так званая «нацыяналізацыя маёмасьці». Яе праводзяць з 2014 году. У 2022 да сьпісу тых, у каго можна забіраць нерухомасьць, дадалі «грамадзян недружалюбных краін».
Папраўдзе гэта ўсе грамадзяне краінаў Эўропы, у тым ліку Ўкраіны, кажа экспэрт грамадзкай арганізацыі «Рэгіянальны цэнтар правоў чалавека» Мікіта Пятровец:
«Фактычна гэта спосаб выявіць нязгодных: калі ты ня згодны, мы забяром у цябе маёмасьць, калі яна ў цябе ёсьць»
Расейская ўлада незаконна экспрапрыюе прадпрыемствы, заводы, банкі, санаторыі, гатэл, іншую нерухомасьць — як прыватную, так і дзяржаўную.
Сярод іншага, у 2023 годзе за 44 мільёны расейскіх рублёў (гэта больш як 160 тысяч даляраў) прадалі кватэру сям’і Зяленскіх у Ялце.
У 2008 годзе жыхарка Кіеўшчыны Юлія Сьцяжко набыла ўчастак у Алупцы за 100 тысяч даляраў. Яна кажа, што на гэта пайшлі ашчаджэньні ўсёй сям’і.
«Бацькі выйшлі на пэнсію, у плянах былі дзеці. І была ідэя пабудаваць дом для летняга адпачынку, у пэрспэктыве зь пераездам».
Але пабудавацца яна не пасьпела і пасьля анэксіі Крыму туды не вярнулася.
А ў 2020 годзе Ўладзімір Пуцін уключыў амаль усю тэрыторыю Крыму ў памежную зону. У ёй іншаземцам, у тым ліку ўкраінцам, нельга быць уласьнікамі зямлі. І гэта стала яшчэ адным спосабам адчужэньня маёмасьці жыхароў Крыму.
Усяго за тры гады колькасьць зямельных участкаў ва ўласнасьці так званых замежных грамадзянаў у Крыме зьменшылася больш як напалову — з 11 да 5 тысяч.
Што зь ейным участкам у Крыме, Юлія Сьцяжко ня ведае. Тэарэтычна ён мусіў быць прададзены, а грошы нейкім чынам пералічаныя ёй.
Летась Эўрапейскі суд правоў чалавека прызнаў незаконнымі дзеяньні Расеі ў Крыме, у тым ліку парушэньне права на мірнае валоданьне маёмасьцю. Расея ніякіх рашэньняў ЭСПЧ не выконвае.
Усяго ў Эўрапейскім судзе больш за тысячу пазоваў украінцаў аб парушэньнях правоў чалавека ў Крыме. Каля 60% зь іх тычацца акурат адчужэньня маёмасьці.
Міністарка маёмасных і зямельных адносінаў Крыму нядаўна заявіла, што летась расейскія ўлады нацыяналізавалі ў Крыме 900 аб’ектаў, зарабіўшы на гэтым больш як 30 мільёнаў даляраў.
Цяпер адчужаныя ўчасткі і грашовыя кампэнсацыі прапануюць расейскім вайскоўцам, якія ваююць супраць Украіны.
Праваабаронцы адзначаюць, што ў большасьці выпадкаў уласьнікі ня ведаюць, што іхную зямлю ўжо адабралі. Таму раяць манітараваць сытуацыю і дакумэнтаваць рашэньні акупацыйнай адміністрацыі як доказы для будучых пазоваў.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.