8 траўня Эўрапейскі суд пацьвердзіў законнасьць рашэньня суду агульнай юрысдыкцыі ЭЗ, прынятага ў верасьні 2023 году, пра мэтазгоднасьць санкцый Эўразьвязу супраць расейскага бізнэсоўца Міхаіла Гуцэрыева. Ягоная апэляцыя была адхіленая, піша «Позірк» з спасылкай на партал Global Sanctions.
У рашэньні суду найвышэйшай інстанцыі ЭЗ адзначаецца, што Гуцэрыеў атрымліваў выгаду ад рэжыму прэзыдэнта Лукашэнкі і падтрымліваў яго, будучы заўважным бізнэсоўцам у жорстка рэгуляваных і эканамічна значных калійным і энэргетычным сэктарах.
Эўрапейскі суд зазначыў, што «Гуцэрыеў ня меў рацыі, калі сьцьвярджаў, што ягонае ўключэньне ў сьпіс было абгрунтавана толькі мінулымі дзеяньнях»:
«Суд агульнай юрысдыкцыі пастанавіў, што Гуцэрыеў па-ранейшаму валодаў або кантраляваў адпаведныя кампаніі, якія сьведчаць пра атрыманьне выгады ад рэжыму / падтрымку рэжыму („Славкалий“, „Русснефть“, „Нефтиса“) на момант яго ўключэньня і знаходжаньня ў санкцыйным сьпісе», — гаворыцца ў судовай пастанове.
На дадатак Гуцэрыеў абавязаны кампэнсаваць судовыя выдаткі.
Гуцэрыеў трапіў пад санкцыі Эўразьвязу ў чэрвені 2021 году за тое, што
- ён даўні сябар Аляксандра Лукашэнкі, што дазволіла яму «займець значны капітал і ўплыў сярод палітычнай эліты Беларусі»,
- ён падтрымліваў Лукашэнку ў нафтавых спрэчках з Расіяй,
- ягоная расейская кампанія была адзінай, якая працягвала экспарт нафты на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы падчас энэргетычнага крызісу паміж Беларусьсю і Расіяй на пачатку 2020 году.
- ягоная кампанія «Славкалий» будавала прадпрыемства для вытворчасьці хлярыстага калію каля Любані ў Менскай вобласьці.
- Лукашэнка «падтрымаў Гуцэрыева пасьля таго, як супраць яго ў Расеі пачалі крымінальную справу»
- Лукашэнка «дзякаваў Гуцэрыеву за яго фінансавыя ахвяраваньні на дабрачыннасьць і шматмільярдныя інвэстыцыі ў Беларусь».
Міхаіл Гуцэрыеў — набліжаны да Аляксандра Лукашэнкі расейскі бізнэсовец. Сярод бізнэс-інтарэсаў Гуцэрыева ў Беларусі — Мазырскі НПЗ, здабыча калійных угнаеньняў, гатэль «Рэнэсанс», рэзыдэнцыя «Краснасельскае».
Падарунак Лукашэнку ў выглядзе «Майбаха» ў 2012 годзе зьвязваюць менавіта зь імем Гуцэрыева. Бізнэс Міхаіла Гуцэрыева трапіў пад санкцыі ЭЗ яшчэ ў канцы чэрвеня 2021 году менавіта за супрацоўніцтва з Лукашэнкам.
З пачаткам вайны санкцыі супраць бізнэсоўца толькі ўзмацніліся: ён трапіў у санкцыйныя сьпісы Польшчы і Канады.
Форум