Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі павялічылі пэнсіі. Колькі атрымаюць былы настаўнік, міліцыянт і топ-чыноўнік


Беларускія грошы, ілюстратыўнае фота
Беларускія грошы, ілюстратыўнае фота

З 1 жніўня ў Беларусі чарговы раз павялічылі пэнсіі, сёлета гэта ўжо другое падвышэньне. Першы раз у 2022 пэнсіі павышалі ў сакавіку, тады яны вырасьлі на 7%. Агульны рост пэнсій склаў 17%, але гэта менш, чым памер сярэднегадавой інфляцыі ў чэрвені. Яна, паводле афіцыйных дадзеных Белстату, склала 17,3%. Расказваем, хто якія пэнсіі атрымлівае ў Беларусі і ці хапае іх на жыцьцё.

Удвая менш, чым у Літве

Пасьля падвышэньня ў сакавіку сярэдні памер пэнсіі па ўзросьце ў Беларусі складаў 580 рублёў. У жніўні беларускія пэнсіянэры ў сярэднім атрымаюць 638 рублёў, альбо 236 эўра ў пераліку. Для параўнаньня, у Літве ў 2022 годзе сярэдняя пэнсія складае 465 эўра, што амаль удвая больш.

Пры гэтым, як расказалі Свабодзе некалькі пэнсіянэраў, у рэальнасьці пэнсіі былых бюджэтнікаў, настаўнікаў і лекараў, звычайна ніжэйшыя за тыя, якія Белстат называе сярэднімі.

«За мінулы месяц атрымала крыху больш за 480 рублёў. Колькі будзе ў жніўні, ня ведаю пакуль, — расказала Свабодзе былая настаўніца, якая выйшла на пэнсію яшчэ да выбараў 2020 году. — Ніхто з маіх знаёмых і былых калег не атрымлівае больш за 500 рублёў. Адкуль афіцыйныя лічбы, я ня ведаю. Грошай хапае толькі пры ўмове, што пэнсіянэр мае падпрацоўку. Усе стараюцца недзе працаваць. У ахову ці некуды яшчэ ўладкавацца. Там плацяць яшчэ менш, чым атрымліваецца пэнсіі, але ў суме можна жыць».

Афіцыйны бюджэт сярэдняга пражытковага мінімуму ў Беларусі ў 2022 годзе складае 297 рублёў. Ён адрозьніваецца для розных катэгорый насельніцтва, а для пэнсіянэраў нават ніжэйшы — 224 рублі. Менш за іх, паводле беларускіх чыноўнікаў, грошы патрэбны толькі немаўлятам, якія могуць выжываць за 187 рублёў у месяц.

Пэнсіі сілавікоў амаль удвая вышэйшыя

Афіцыйнай інфармацыі аб памеры пэнсій, якія атрымліваюць былыя беларускія сілавікі, у Беларусі не публікуюць. Як паведамілі ў размове са Свабодай два былыя супрацоўнікі міліцыі, такія пэнсіі прыкладна ўдвая большыя, чым у пэнсіянэраў, якія працавалі ў іншых бюджэтных арганізацыях або ў прамысловасьці.

У адкрытым доступе ёсьць дакумэнт Мінабароны, паводле якога вайскоўцы маюць права ісьці на пэнсію па так званай «выслузе гадоў» ужо пасьля 20 гадоў службы. Як расказалі Свабодзе былыя міліцыянты, падобная сыстэма прынятая і ў МУС. Пэнсіянэрам можна стаць ужо ў 40 гадоў, пры гэтым спачатку дзяржава будзе выплачваць ня поўны памер належнай былому міліцыянту пэнсіі, а яе частку. Паступова яна будзе павялічвацца.

Пэнсія паводле працоўнага стажу існуе і для іншых прафэсій, якія фінансуюцца зь бюджэту, але там памер неабходнага стажу значна большы. Для настаўнікаў, напрыклад, ён складае 30 гадоў працы па прафэсіі.

Памер пэнсіі былога міліцыянта альбо вайскоўца ў Беларусі залежыць ад вялікай колькасьці фактараў — званьня, месца службы і іншых. Як расказвалі Свабодзе ў канцы 2020 году былыя сілавікі, якія звольніліся з МУС у званьні падпалкоўніка, памер іх пэнсіі складаў на той момант ад 700 да 1000 рублёў. З улікам усіх падвышэньняў у жніўні 2022 году яны атрымаюць прыкладна ад 800 да 1200.

Колькі атрымліваюць былыя чыноўнікі

Памер пэнсій для чыноўнікаў у Беларусі рэгулюецца законам «Аб дзяржаўнай службе ў Беларусі» і ўказамі Лукашэнкі «Аб штомесячным грашовым утрыманьні асобных катэгорый дзяржаўных службоўцаў». Указы дазваляюць ня толькі аддзячыць былым чыноўнікам за адданасьць, але і караць тых, хто наважыўся перайсьці на бок апанэнтаў рэжыму. Такім чынам Лукашэнка зрабіў у канцы 2020 году, калі пазбавіў даплат шэраг дыпляматаў.

Агулам беларускія чыноўнікі могуць разьлічваць на падвышаную пэнсію ўжо пасьля 5 гадоў працы, а памеры выплат непасрэдна залежаць ад чыноўніцкага заробку. 75% ад былога заробку — для тых, хто займаў вышэйшыя дзяржаўныя пасады. 65% — для чальцоў ураду, амбасадараў, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і чальцоў Савету Рэспублікі. Зыходзячы з памеру заробку дэпутата ў 2,5 тысячы рублёў, можна падлічыць, што пасьля падвышэньняў 2022 году ў жніўні памер пэнсіі для такіх асобаў будзе складаць каля 2000 рублёў у месяц. Гэта больш, чым сярэдні заробак у краіне (ён складае каля 1560 рублёў. — РС).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG