Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Полк Каліноўскага» 1944 году. Як дыктатар Франка разьбіў войска апанэнтаў рэжыму напрыканцы вайны


Франціска Франка
Франціска Франка

Усе гістарычныя аналёгіі недакладныя і недарэчныя. Але менавіта ўсе — і тыя, якія адпавядаюць нечыім спадзевам і надзеям, і тыя, якія не. Ну вось пра адну прыгадаю.

Кастрычнік 1944 году. Англічане і амэрыканцы ўжо практычна вызвалілі ад нацысцкай акупацыі Францыю. А ўва Францыю пасьля паразы ў грамадзянскай вайне ў Гішпаніі ў 1938 годзе зьбеглі тысячы, калі не дзясяткі тысячаў рэспубліканцаў. І ня ўсе яны сядзелі, склаўшы рукі. Многія пасьля паразы Францыі ў вайне ў 1940 годзе ўліліся ў шэрагі францускага Супраціву нацызму.

І ў кастрычніку 1944 году некаторыя зь іх вырашылі, што прыйшла іх гадзіна, прыйшоў час, каб вызваліць бацькаўшчыну-Гішпанію ад памагатага фашыстаў, ад саюзьніка Гітлера, ад саюзьніка тых, зь кім яны ў партызанцы ваявалі доўгія гады акупацыі Францыі — ад дыктатуры Франсіска Франка.

Фашызм ужо цярпеў усеэўрапейскую паразу: Францыя была практычна ачышчаная ад нацы, Мусаліні быў адхілены ад улады над усёй Італіяй і туліўся ў кантраляванай немцамі Рэспубліцы Сало, Франка пад ціскам амэрыканцаў адклікаў Блакітную дывізію з вайны з СССР.

Фашызм паігрываў і можна было спадзявацца, што ён абрынецца і ў Гішпаніі пад ўдарам рашучых і вопытных воінаў.

І ў кастрычніку 1944 году 8 тысячаў (!) гішпанцаў — вэтэранаў францускага Супраціву і грамадзянскай вайны ў Гішпаніі — са зброяй у руках рушылі з Францыі за Пірынеі, на вызваленьне бацькаўшчыны ад дыктатуры.

Большасьць зь іх мелі левыя погляды, некаторыя былі камуністамі. Хадзілі чуткі (памылковыя), што іх рэйд блаславіў Сталін. Плян быў зразумелы — заняць хоць нейкую тэрыторыю на ўсходзе Гішпаніі, абвясьціць урад, а далей... ну ясна ж, што далей. Міжнароднае прызнаньне з боку дзяржаваў, якія тады вялі вайну з фашызмам, паўстаньне па ўсёй Гішпаніі, пераможны ўваход у Мадрыд. Франка ж ніхто не падтрымлівае, акрамя яго галаварэзаў, так бы мовіць, «Франціска3%».

Вызвольны корпус здолеў заняць нават некалькі паселішчаў. Але ў даліне Аран быў разгромлены ўрадавымі войскамі Франка. Тыя, хто ня быў забіты і ня трапіў у палон, адступілі назад у Францыю.

Пра дэталі рэйду можна пачытаць тут.

Такі фінал гэтага вызвольнага паходу меў, акрамя іншага, і геапалітычныя перадумовы. Ані Вашынгтон, ані Лёндан зусім не гарэлі жаданьнем падтрымліваць зрынаньне Франка. Па-першае, бо была больш важная задача — разгром Нямеччыны, а па-другое, яны ўяўлялі, што зрынаньне дыктатуры можна прывесьці да перамогі «чырвоных», да перамогі ў Гішпаніі Сталіна.

Прыкладны тымі ж меркаваньнямі кіраваўся і лідэр францускага Супраціву, герой змаганьня з нацызмам — генэрал Шарль дэ Голь. Перашкаджаць гішпанцам з францускага Супраціву ваяваць з Франка ён ня стаў, але і дапамагаць таксама. Ён меў і ў Францыі праблемы і з кансалідацыяй сваёй улады і з пазбаўленьнем ад уплыву камуністаў, якія складалі ладную, калі ня большую частку Супраціву.

Нарэшце, Сталін. Майстры партызанскага супраціву ў яго былі і высокай кваліфікацыі. Дарэчы, сталінскія «гішпанцы» адзначыліся і ў Беларусі — Станіслаў Ваўпшасаў і Наум Эйтынгон выконвалі далікатныя місіі ў Гішпаніі падчас грамадзянскай вайны, а потым, падчас Другой сусьветнай вайны, былі значнымі фігурамі ў кіраўніцтва партызанскім рухам у Беларусі. Але гэтыя і іншыя майстры партызанкі не былі чараўнікамі. І свае спецы, але ў іншым жанры, былі і ў Франка. І Сталін добра пралічыў, што гераічны рэйд гішпанскіх рэспубліканцаў кастрычніка 1944 году скончыцца тым, чым ён і скончыўся.

Больш за тое, вынік бітвы ў даліне Аран меў для Масквы адназначна адмоўныя наступствы. Справа ў тым, што за гады Другой сусьветнай у Гішпаніі было створанае якое-ніякае антыфранкісцкае падпольлье. Частка якога была арганізаваная і кантраляваная Масквой. Але зразумела, што пасьля рэйду гішпанскіх вэтэранаў Супраціву і іх паразы ў даліне Аран спэцслужбы Франка разгарнулі жахлівую кампанію тэрору ўнутры краіны. І тагачасныя гішпанскія каты — франкісцкія Карпянковы і Бедункевічы — выпалілі дашчэнту ўсю падпольную сетку, якая стваралася гадамі. Таварышч Сталін быў у выніку вельмі засмучаны.

Хоць ідэалягічна ён быў антыподам Франка, але ў здольнасьці апошняга да эфэктыўнага зьверства сумневаў ніякіх ня меў.

Дапамагаць вызваліцелям Гішпаніі, падтрымліваць іх тады ніхто ня стаў. Але і перашкаджаць таксама. Магло ж атрымацца, у прынцыпе. Гіпатэтычны посьпех таго рэйду па вялікім рахунку нікому ня шкодзіў, акрамя Франка, зразумела. Так што перашкаджаць ня сталі.

Гэта я да чаго? А ні да чаго. І ў палку Каліноўскага няма, наколькі вядома, 8 тысячаў байцоў і блізка, і Байдэн — і ня Рузвэльт і ня Сталін, і Зяленскі — не дэ Голь, і Лукашэнка — ня Франка, і нават Пуцін — ня Гітлер, прынамсі, зараз ня Гітлер узору кастрычніка 1944 году.

Проста карысна ведаць гісторыю, варта памятаць, як цікава часам складаюцца даволі цынічныя разьлікі моцных сьвету гэтага.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG