Лінкі ўнівэрсальнага доступу

15 хвілін на чытаньне, 30 хвілін на шпацыр. Стала вядома, як жыве Калесьнікава ў калёніі


Марыя Калесьнікава. Архіўнае фота
Марыя Калесьнікава. Архіўнае фота

Пра ўмовы ўтрыманьня палітзьняволенай Марыі Калесьнікавай ў гомельскай ПК №4 расказала на сваёй старонцы ў фэйсбуку Алена Макарава.

«Маша Калесьнікава флейтыстка, працуе швачкай у гомельскай турме (папраўчай калёніі. — РС). Пазьменна, па восем гадзін. Астатні час — палітвучоба і іншае выяданьне мозгу. На чытаньне за дзень — пятнаццаць хвілін. Паўгадзіны на прагулку», — напісала Алена Макарава.

Паводле яе, разам з Калесьнікавай у камэры знаходзіцца 17 жанчын. Сярод іх Марыя — адзіная «палітычная», з жоўтай нашыўкай на вопратцы.

«Сукамэрніцы яе цураюцца. Яна — той самы грэх, ад якога трэба трымацца далей. У кожнай камэры па адным „палітзлачынцу“, ім забаронена размаўляць паміж сабой нават на шпацыры».

Алена Макарава адзначыла, што пасылкі Марыі можна атрымліваць 4 разы на год па 50 кг.

«Іх ёй прывозіць тата, але яго яна не бачыць. Спатканьні з татам — раз на тры месяцы па гадзіне, праз шкло. 10 хвілін на тыдзень можна гаварыць зь ім, але калі прагучыць нешта, што чалавеку, які праслухоўвае, не даспадобы, размова перарываецца.

Сябры спрабавалі перадаць ёй дзіцячую цацку-флейту, ёй яе паказалі, але не выдалі. Яна прасіла ноты. Двойчы ўдалося пераслаць іх, перапісаныя ад рукі, ва ўнутранай частцы ліста. У апошні час лісты ад сяброў да Машы не даходзяць».

Пры гэтым аўтарка паста адзначыла, што, нягледзячы на такія ўмовы ўтрыманьня, Марыя не адчайваецца.

«Яна напоўнена ўнутранай сілай і з-за сьценак падтрымлівае бацьку і сястру. Як падтрымлівае, чым? Любоўю і нязломнай усьмешкай. У ёй такі стрыжань, што яна і ў няволі адчувае сябе свабоднай».

Кіраўніцу штабу Віктара Бабарыкі на выбарах 2020 году Марыю Калесьнікаву схапілі сілавікі 7 верасьня 2020 году, спрабавалі прымусова яе вывезьці ва Ўкраіну. Аднак Калесьнікава на мяжы парвала на шматкі свой пашпарт, вылезла праз вакно з аўтамабіля і вярнулася на тэрыторыю Беларусі. Там яе адразу затрымалі.

Калесьнікаву судзілі ў закрытым рэжыме разам зь юрыстам Максімам Знакам. Яе прызналі вінаватай паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу і 6 верасьня 2021 году яе асудзілі на 11 гадоў калёніі.

Што трэба ведаць пра вырак Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку

Прысуд палізьняволеным Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку вынесьлі 6 верасьня 2021 году. Былых удзельнікаў выбарчага штабу Віктара Бабарыкі і сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады судзілі разам за зачыненымі дзьвярыма. Вырак — 11 гадоў калёніі Калесьнікавай і 10 — Знаку. Судзьдзя Сяргей Епіхаў.

Іх прызналі вінаватымі паводле трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:

  • змова з мэтай захопу ўлады;
  • заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы;
  • стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраўніцтва ім.
Максім Знак і Марыя Калесьнікава ў судзе 6 верасьня 2021
Максім Знак і Марыя Калесьнікава ў судзе 6 верасьня 2021

Працэс заняў 17 паседжаньняў.Віны ніхто з палітвязьняў не прызнаў.
Марыя Калесьнікава і Максім Знак далучыліся да выбарчага штабу Віктара Бабарыкі ў траўні 2020-га — амаль адразу пасьля таго, як той абвясьціў пра сваё рашэньне ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Абое сталі тварамі кампаніі нароўні з самім Бабарыкам — зьяўляліся на працэдуры падачы дакумэнтаў аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў ЦВК, падавалі туды сабраныя Бабарыкам подпісы за вылучэньне, актыўна камэнтавалі ход кампаніі і пляны штабу пасьля затрыманьня самога Бабарыкі.

Пасьля стварэньня аб’яднанага штабу і Максім Знак, і Марыя Калесьнікава працягнулі актыўную дзейнасьць у выбарчай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай. Пасьля стварэньня Каардынацыйнай рады Знак і Калесьнікава ўвайшлі ў яе прэзыдыюм.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG