Прадпрыемства «Беларуськалій», якое трапіла пад амэрыканскія і эўрапейскія санкцыі, вымушана прадаваць прадукцыю прыкметна таньней, чым Расея і Канада.
Пры гэтым многія звыклыя рынкі збыту або застаюцца закрытымі, або пастаўкі на іх знаходзяцца пад вялікім пытаньнем. Тым часам ня выключаныя новыя санкцыі. На гэтым фоне «Беларуськалій» скараціў здабычу і заняўся рамонтам на рудніках.
Працягваюць рамонт
На другім рудніку працягваецца рамонт. На работах па замене каната на скіпавай шахтнай пад’ёмнай машыне задзейнічаны калектыў участка ўздыму рудніка. Гэта як рамонтны, так і тэхналягічны пэрсанал.
«Работы накіраваны на павышэньне бясьпекі эксплуатацыі шахтавых падʼёмных машын», — удакладняюць на прадпрыемстве.
На чацьвёртым рудніку рамонтныя работы часткова ўжо завяршылі.
Запусьцілі новы варыянт адгрузкі калію
«Беларуськалій» 12 ліпеня паведаміў, што пачаў адгрузку калію хлёрыстага грануляванага ў 20-футавыя марскія кантэйнэры, умяшчальнасьць якіх складае 26,5 тоны прадукцыі.
«Гэта адзін з новых варыянтаў адгрузкі прадукцыі спажыўцу, які да гэтага не прымяняўся, — паведамлялі на прадпрыемстве. — Раней вырабленая на абагачальнай фабрыцы прадукцыя грузілася навалам у вагоны альбо затарвалася ў мяккія кантэйнэры».
Ці ёсьць праца і заробкі ў шахтароў
Работнікі «Беларуськалія», зь якімі ўдалося пагаварыць выданьню, расказалі, што трэцяе і чацьвёртае рудаўпраўленьні набіраюць абароты па рамонту. Раней, у красавіку, прадпрыемства запусьціла рамонт адразу на ўсіх пяці рудаўпраўленьнях. Гэта нетыповая сытуацыя для прадпрыемства. Як мінімум апошнія некалькі гадоў аб такім масавым рамонце не паведамлялася, рудаўпраўленьні былі загружаныя працай.
«На трэцім рудаўпраўленьні спрабуюць паставіць „стаханаўскі“ рэкорд на праходчым комплексе», — расказаў адзін з работнікаў.
«Чацьвёртае рудаўпраўленьне працуе стабільна. Ідзе пастаянная адгрузка ў марскія кантэйнэры, на саміх кантэйнэрах часта герогліфы напісаны, але плятформы, якія іх возяць, прыпісаны да Санкт-Пецярбургу», — паведаміў яшчэ адзін работнік прадпрыемства.
Супрацоўнікі «Беларуськалію» расказваюць, што на астатніх трох рудаўпраўленьнях загружанасьць ніжэйшая, «працуюць зь мінімальнай здабычай, бо шахту цалкам спыніць нельга, інакш пойдуць затапленьні і гэтак далей».
«Заробкі таксама прыкладна на тым жа ўзроўні, што і раней, калі гаварыць пра шахтароў, — сказаў адзін з работнікаў. — Але ведаю, што праз санкцыі амаль перасталі хадзіць насыпныя вагоны, ад гэтага моцна ўпалі заробкі ў аглядчыкаў вагонаў. Але гэтых работнікаў вельмі мала, па астатніх пакуль заробкі прыкладна як былі, за выключэньнем выпадкаў падразаньня прэмій».
Раней шахтар аднаго з рудаўпраўленьняў расказваў, што ў тых, хто заняты на здабычы калію, тарыфны аклад у межах 2000 рублёў.
«Для параўнаньня, у добры месяц з працай у выходныя можна было атрымаць і 6-8 тысяч», — адзначаў работнік. Дзьве траціны ад «голага» акладу ў такім выпадку складае каля 1330 рублёў. Пры гэтым магчымыя іншыя даплаты.
Санкцыі супраць «Беларуськалію»
У пачатку сьнежня мінулага года зарабілі санкцыі ЗША супраць «Беларуськалію», якія ўвялі ў жніўні 2021 году. У адрозьненьне ад эўрапейскіх абмежаваньняў, пад забарону трапіла ўся прадукцыя гэтага прадпрыемства. Гэта прывяло да таго, што з 1 лютага 2022-га спыніўся транзыт беларускіх калійных угнаеньняў праз Літву.
Дапамагчы Менску зь перавозкай прадукцыі ўзялася Масква.
Сярод магчымых варыянтаў называліся пастаўкі праз порт Мурманску. Аднак да запуску маршруту пакуль справа не дайшла. Варыянт пераарыентаваць транзыт на Украіну таксама праваліўся.
Яшчэ адзін удар па «Беларуськалію» нанесла нарвэская Yara — кампанія спыніла супрацоўніцтва. Пад пытаньнем знаходзяцца пастаўкі «Беларуськалію» ў Бразылію, Індыю, Кітай, а таксама на афрыканскі рынак.