У панядзелак, 18 ліпеня, тэлеканал «Дождь» аднаўляе сваю працу. Першая трансьляцыя пачнецца на Youtube а 20-й гадзіне.
«Пасьля вымушанага прыпыненьня эфіру ў сакавіку нам удалося захаваць каманду і галоўныя прынцыпы: як і апошнія 12 гадоў, мы будзем расказваць пра падзеі і зьявы без цэнзуры і маніпуляцый. Вяртаньне „Дождя“ ў эфір будзе паступовым: спачатку выпускі навін і некалькіх аўтарскіх праграм, затым кантэнту будзе станавіцца больш. Ужо ўвосень мы плянуем запусьціць некалькі новых праектаў», — паведаміў канал у прэс-рэлізе.
З прычыны прынятых у Расеі рэпрэсіўных законаў журналісты выданьня былі змушаныя выехаць з краіны і цяпер працуюць з-за мяжы. Яны адкрылі ў Латвіі новую кампанію і атрымалі эўрапейскую ліцэнзію на вяшчаньне. На першым этапе студыі будуць разьмяшчацца ў Рызе, Амстэрдаме, Тбілісі і Парыжы. У Латвіі «Дождь» супрацоўнічае з тэлекампаніяй TV3, у Грузіі — з тэлекампаніяй Formula.
Тэлеканал актыўна асьвятляў пратэсты ў Беларусі 2020 году і падзеі, якія ішлі за гэтым, палітычныя суды і арышты.