Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі заблякавалі доступ да сайту выданьня Die Welt


«Роскомнадзор» на патрабаваньне Генэральнай пракуратуры Расеі заблякаваў доступ да сайту нямецкай газэты Die Welt, паведамляе «Роскомсвобода».

Гэта было зроблена 9 ліпеня, як паведамляе дзяржаўнае агенцтва ТАСС, «у адпаведнасьці з рэглямэнтам блякаваньня сайтаў, якія зьмяшчаюць заклікі да масавых беспарадкаў, экстрэмізму, удзелу ў незаконных масавых акцыях».

Паводле інфармацыі «Роскомсвободы», Die Welt заблякавалі з усімі дамэнамі і паддамэнамі.

У Die Welt праходзіла трохмесячную стажыроўку былая рэдактарка расейскага Першага каналу Марына Аўсяньнікава, якая выступіла ў жывым этэры з антываенным плякатам і пасьля таго была вымушаная пакінула Расею. Некалькі дзён таму Аўсяньнікава паведаміла, што пакідае газэту.

«Роскомнадзор» пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне, паводле дадзеных праваабаронцаў, заблякаваў больш за 3000 сайтаў, у тым ліку сацыяльныя сеткі і старонкі расейскіх публічных фігур, якія выступаюць супраць вайны. Зь ціскам сутыкнуліся 213 мэдыяў: 181 зь іх заблякаваў «Роскомнадзор», 21 спыніла працу само, яшчэ 11 вырашылі не пісаць пра вайну або выкарыстоўваць толькі інфармацыю Міністэрства абароны Расеі.

Так, былі заблякаваныя «Настоящее время», «Радио Свобода», «Крым. Реалии», Голас Амэрыкі, New Times, «Тайга.инфо», DOXA, «Эхо Москвы», «Дождь», «Медуза», расейская служба BBC, Deutsche Welle і іншыя.

28 траўня «Роскомнадзор» заблякаваў сайты службаў «Радыё Свабода» ў Казахстане, Таджыкістане і Туркмэністане — «Радио Азаттык», «Радио Озоди» і «Радыё Азатлык», 2 чэрвеня — сайт армянскай службы «Радыё Свабода», а 17 чэрвеня — сайт беларускай службы «Радыё Свабода».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG