Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Цуд на Дняпры», Беларусь за «жалезнай заслонай», ядзерны ўдар. Амэрыканскія экспэрты пра сцэнары вайны ва Ўкраіне


У сакавіку экспэрты амэрыканскага дасьледчага цэнтру Атлянтычная рада апісалі 4 магчымыя сцэнары вайны ва Ўкраіне. Бары Павэл, Пэтэр Энгелькэ і Джэфры Чыміна тады адзначалі некалькі фактараў на карысьць Украіны, у тым ліку моцную міжнародную падтрымку і рашучасьць Кіева змагацца.

Праз чатыры месяцы яны пераглядаюць свае тагачасныя прагнозы і прапануюць, як гэтыя сцэнары могуць зьмяніцца ў сьвятле новых падзей ва Украіне.

Сцэнар 1: «Цуд на Дняпры»

У гэтым сцэнары прагназавалася магчымасьць (якая ў пачатку сакавіка разглядалася як аддаленая) нечакана моцнага ўкраінскага супраціву, які прымусіць Расею хутка пакінуць Украіну. Цяпер гэты сцэнар не выглядае цудам, пішуць экспэрты, бо перамога Ўкраіны на полі бітвы сёньня больш імаверная, чым здавалася ў пачатку сакавіка.

Абнаўленьне за ліпень: узмоцненая заходнімі санкцыямі супраць Расеі, атрымаўшы ўсё больш вайсковай тэхнікі, Украіна вытрымлівае наступ Расеі на ўсходзе. Маючы лепшае абсталяваньне, вышэйшы маральны дух войскаў і лепшае кіраўніцтва і тактыку, украінцы пачынаюць магутныя контранаступы (як яны ўжо зрабілі каля Харкава, дзе адкінулі расейскія войскі да мяжы) і выганяюць маскоўскія войскі з акупаваных Данецку і Луганску, а таксама з паўднёвай Ўкраіны, дзе яны вяртаюць Марыюпаль і іншыя тэрыторыі ўздоўж Азоўскага мора. Затым яны рыхтуюцца да штурму Крыму.

Посьпехі Ўкраіны сутыкаюцца з усё больш рэзкімі пагрозамі эскаляцыі з боку Крамля. Хоць Масква ўжо зьнізіла адчуваньне шоку ад такіх пагроз, паўтараўшы іх шмат разоў, гэтым разам і заходнія, і ўкраінскія спэцслужбы надаюць большую вагу ядзернай пагрозе, таму што яны лічаць, што напад на Крым — гэта сапраўдная «чырвоная лінія» для Масквы.

Гэта момант, калі Расея і Ўкраіна дасягаюць дамоўленасьці аб спыненьні вайны. Украіна згаджаецца трымацца па-за NATO, у той час як Расея згаджаецца паважаць імкненьне Кіева да сяброўства ў Эўрапейскім зьвязе і межы краіны да 2014 году (за выняткам Крыму, рашэньне наконт якога прыпынена на няпэўны тэрмін). Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, тым ня менш, спрабуе заявіць пра перамогу, яго ўвага пераключаецца на ўсё больш хісткую ўнутраную базу ўлады.

Трансатлянтычная супольнасьць ажыўляецца. Як дзяржава, якая валодае ядзернай зброяй, Масква па-ранейшаму небясьпечная, але яе звычайныя ўзброеныя сілы пацярпелі ад удараў. Фінляндыя і Швэцыя далучаюцца да NATO, і, нягледзячы на пагрозы Расеі абедзьвюм краінам, іх уступленьне адбываецца мірным шляхам (Пуцін ужо адзначыў, што прыме сяброўства Фінляндыі і Швэцыі з умовамі). У цэлым сытуацыя зь бясьпекай у Эўропе лепшая для NATO, калі Расея аслабленая і адмаўляецца ад далейшых ваенных авантур, а чальцы Альянсу маюць больш еднасьці.

Сцэнар 2: «Дрыгва»

У гэтым сцэнары прагназавалася магчымасьць (якая ў пачатку сакавіка разглядалася як даволі верагодная), што Расеі ўдасца захапіць Кіеў, зрынуць урад Украіны і ўсталяваць марыянэткавы ўрад. Тым ня менш экспэрты разглядалі такі сцэнар як «Піраву перамогу» Расеі, бо ўкраінцы ў такім выпадку пачынаюць «шырокае, добра ўзброенае і скаардынаванае паўстаньне». Нягледзячы на тое, што гэты сакавіцкі сцэнар ня спраўдзіўся, некаторыя яго элемэнты могуць ажыцьцявіцца — у прыватнасьці, відавочная імавернасьць таго, што канфлікт нізкай інтэнсіўнасьці ва Ўкраіне будзе працягвацца на працягу многіх гадоў, пішуць экспэрты Атлянтычнай рады.

Абнаўленьне за ліпень: хоць Расея і аказваецца няздольнай рэалізаваць свае першапачатковыя ваенныя мэты, ёй удаецца акапацца ўздоўж новых ліній фронту ва ўсходняй і паўднёвай Украіне і ўтрымаць сухапутны мост да Крыму. Нягледзячы на тое, што ўкраінскія сілы ўмацавалі сваю сталіцу і абаранілі сувэрэнітэт сваёй краіны, яны ня ў стане выцесьніць расейскія сілы на іх пазыцыі да 24 лютага. Вайна ператвараецца ў замарожаны канфлікт, і ніводзін з бакоў ня можа дасягнуць перамогі.

Вайна ва Ўкраіне становіцца шматгадовым грузам для Эўропы праз эканамічныя цяжкасьці, зьвязаныя з усё больш жорсткімі санкцыямі. Захоўваецца пэрспэктыва новай эскаляцыі або больш шырокага эўрапейскага канфлікту, у той час як урады краін Эўразьвязу змагаюцца з унутраным ціскам канкурэнтаў адносна таго, наколькі падтрымліваць Украіну.

Расея імкнецца тэрарызаваць Кіеў і гарады на захадзе Ўкраіны ракетнымі ўдарамі далёкага радыюсу дзеяньня, у той час як на лініі фронту пэрыядычна разгараецца канфлікт. Усё лепш узброеная Ўкраіна лёгка адбіваецца ад расейскіх наземных нападаў, але ў цэлым аказваецца ня ў стане вярнуць сэпаратысцкія тэрыторыі, добра ўмацаваныя расейскія пазыцыі на «сухапутным мосьце» або Крым. Нягледзячы на тое, што эканоміка Ўкраіны падмацаваная паглыбленьнем сувязяў з Эўразьвязам, яна моцна пацярпела ад таго, што Расея працягвае душыць яе чарнаморскія парты.

Вайне няма відавочнага канца, і ніводзін з бакоў, здаецца, не жадае адмовіцца ад таго, што ён ужо ўклаў у канфлікт (у сэнсе рэпутацыі, людзей і грошай).

Дома Пуцін можа прэтэндаваць на нейкае падабенства перамогі, забясьпечыўшы тэрытарыяльныя заваёвы ва ўсходняй і паўднёва-ўсходняй Украіне і ўмацаваўшы сваю ўладу над Крымам праз «сухапутны мост». У цэлым пазыцыя Расеі ва Ўкраіне стабільная, хоць яна затрачвае значныя рэсурсы на забесьпячэньне сваіх тэрытарыяльных набыткаў.

Тым ня менш вайна наўрад ці зьяўляецца посьпехам для Расеі: Масква працягвае сутыкацца з сур’ёзным эканамічным і дыпляматычным ціскам з-за мяжы, асабліва ў той час, як Эўропа зьніжае сваю залежнасьць ад расейскіх энэрганосьбітаў і многія заходнія санкцыі застаюцца ў сіле.

Сцэнар 3: «Новая жалезная заслона»

У гэтым сцэнары прагназавалася магчымасьць (якая разглядалася як праўдападобная ў пачатку сакавіка), што Расеі ўдасца ўзяць Кіеў, зрынуць урад Украіны, усталяваць марыянэткавы ўрад, задушыць паўстаньне і падштурхнуць свае ўзброеныя сілы да межаў NATO.

Абнаўленьне за ліпень: хаця Расеі не ўдаецца заваяваць усю Ўкраіну ці нават захапіць Кіеў (прынамсі ў блізкай пэрспэктыве), яна кансалідуе посьпехі ва ўсходняй і паўднёвай Украіне. Межы з гэтымі акупаванымі Расеяй тэрыторыямі ва ўсходняй і паўднёвай Украіне застаюцца ўзброенымі і неаднаразова перарастаюць у адкрыты канфлікт, хоць і для Масквы, і для Кіева цяжка рабіць тэрытарыяльныя заваёвы. Гэтыя межы пазначаюць лінію фронту і новай жалезнай заслоны, якая аддзяляе Расею ад Захаду.

Жалезная заслона выходзіць за межы гэтага замарожанага канфлікту ўнутры Ўкраіны: яна цягнецца з поўначы на поўдзень праз усю Эўропу. Яна пачынаецца на крайняй поўначы ў верхняй частцы Фінляндыі і праходзіць на поўдзень уздоўж межаў краін Балтыі і Польшчы з Расеяй і Беларусьсю, далей ідзе паўночнай мяжой Украіны зь Беларусьсю і ўніз праз акупаваную Расеяй тэрыторыю на ўсходзе і поўдні Ўкраіны.

Гэтая новая жалезная заслона зьяўляецца галоўным месцам геапалітычнай, ваеннай і іншай напружанасьці на працягу 2020-х гадоў, з крызісамі, якія то ўзмацняюцца, то аслабляюцца — напрыклад, Расея нарошчвае сілы ў іншых месцах уздоўж мяжы або аднаўляецца палітычны крызіс у Беларусі, які патрабуе ўвагі Крамля.

Ва ўмовах высокай напружанасьці і пастаяннай заклапочанасьці наконт апэтыту Расеі да канфліктаў большасьць краін Усходняй Эўропы падвойвае інвэстыцыі ў абарону. Адкінутая як ізгой у большай частцы Эўропы, Расея імкнецца ўмацаваць свае некалькі партнэрстваў, якія захаваліся, рыхтуючыся да працяглай канфрантацыі з NATO і іншымі асноўнымі саюзьнікамі і партнэрамі ЗША.

Эўропа трапляе ў сытуацыю, вельмі падобную да пачатку халоднай вайны: два антаганістычныя блёкі глядзяць адзін на аднаго цераз працяглую мілітарызаваную мяжу. Нягледзячы на тое, што ідэалягічны падзел не такі, як у часы халоднай вайны, існуе фундамэнтальнае сутыкненьне сьветапоглядаў, калі дэмакратычны заходні альянс змагаецца з рэваншысцкай і аўтарытарнай Расеяй.

Па меры таго, як антаганісты ўладкоўваюцца ў гэтай новай рэальнасьці, прыходзіць разуменьне, што паралелі з 1940-мі і 1950-мі ўсё ж абмежаваныя: цяперашнія абставіны больш небясьпечныя, улічваючы, што ідзе гарачая вайны на тэрыторыі непасрэдна паміж двума ядзернымі блёкамі.

Сцэнар 4: Вайна NATO і Расеі

У гэтым сцэнары прагназавалася магчымасьць (якая на пачатку красавіка разглядалася як рэальная, але малаімаверная) прамога ваеннага канфлікту паміж NATO і Расеяй. Экспэрты акрэсьлілі некалькі шляхоў да такога канфлікту ў выніку ўмяшаньня NATO або расейскіх удараў (ненаўмысных або наўмысных) па краінах – сябрах NATO.

Ліпеньскае абнаўленьне: На жаль, сцэнар непасрэднага канфлікту застаецца магчымым, хоць і аддаленым, пішуць экспэрты Атлянтычнай рады. Усе тры шляхі па-ранейшаму імаверныя, зь некаторымі зьменамі.

Цяпер экспэрты лічаць, што непасрэднае ўмяшаньне NATO ў вайну ва Ўкраіне менш імавернае, чым гэта было чатыры месяцы таму, улічваючы баявыя дзеяньні ўкраінскіх вайскоўцаў. (Цяпер ад украінцаў гучыць значна менш заклікаў да непасрэднага ўзаемадзеяньня з NATO, напрыклад да стварэньня беспалётнай зоны, якую б забясьпечвала NATO.)

Аднак, як і раней, гэты разьлік можа зьмяніцца. «Мы найбольш занепакоеныя расейскай эскаляцыяй, у прыватнасьці выкарыстаньнем хімічнай, біялягічнай ці, у найгоршым выпадку, тактычнай ядзернай зброі, што, магчыма, выкліча прамое ўмяшаньне NATO», — пішуць экспэрты Атлянтычнай рады.

Расея ўсё яшчэ можа ненаўмысна нанесьці ўдар па тэрыторыі краіны NATO каля мяжы з Украінай або ў іншым месцы, магчыма у краінах Балтыі, празь няспраўнасьць абсталяваньня або пралік апэратара. «Як і раней, мы ня можам выключыць сьпіраль памежных сутыкненьняў, якія прывядуць да адкрытых ваенных дзеяньняў».

Нягледзячы на тое, што Пуцін, падобна, крыху ацьверазеў, паглядзеўшы на вынікі дзейнасьці сваіх вайскоўцаў, ня выключана, што ад адчаю або зману (ці таго і другога разам) ён можа справакаваць вайну з NATO. Ён можа паверыць, што здольны трымаць такі канфлікт абмежаваным і стрымлівацца ў ваенным сэнсе, адначасова выкарыстоўваючы яго, каб умацаваць свае прэтэнзіі на ўладу ў сябе дома і падтрымаць прапагандысцкі наратыў, які цяпер захоўваецца амаль выключна дзякуючы вайне супраць Захаду.

Вядомыя фактары няпэўнасьці

Чатыры месяцы баёў сьведчаць пра тое, што ўзброеныя сілы Ўкраіны пры істотнай і ўсё большай ваеннай падтрымцы Захаду настроеныя і здольныя ня толькі спыніць, але і контратакаваць расейскую армію. Захад таксама ўвёў новыя санкцыі, хоць Эўразьвяз застаецца разьяднаным у пытаньні паступовага спыненьня імпарту расейскіх энэргарэсурсаў.

Тым ня менш шырокае і пасьпяховае ўкраінскае контранаступленьне, якое прывядзе да разьвязваньня вайны на карысьць Кіева, далёка ня пэўнае. Кожны з апісаных вышэй сцэнароў застаецца магчымым, як і іх камбінацыі, напрыклад гібрыдны вынік, які спалучае другі і трэці сцэнары, пішуць экспэрты.

Застаецца шмат няпэўнасьці, у тым ліку тое, колькі (і якія тыпы) ваеннай падтрымкі Захад працягне прапаноўваць Украіне; наколькі вялікая падтрымка насельніцтва застанецца ў заходніх краінах для выдзяленьня значных рэсурсаў на падтрымку Ўкраіны; ці абʼяднаюцца заходнія саюзьнікі і партнэры наконт дадатковых санкцый і адлучэньня ад расейскіх энэрганосьбітаў; ці сутыкнецца Пуцін з выклікам сваёй уладзе ўнутры краіны і ці прыме ён неабдуманае і вельмі сурʼёзнае рашэньне, напрыклад прымяненьне тактычнай ядзернай зброі або правакаваньне прамой канфрантацыі з NATO.

«Як мы ўжо пісалі мінулым разам, войны рэдка ідуць паводле сцэнару, і гэтая прыняла непрадказальныя павароты. Як і ці скончыцца гэтая вайна, пры якіх умовах і яе доўгатэрміновыя наступствы для глябальнага парадку — усё гэта пачне высьвятляцца ў наступныя месяцы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG