Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заходнім палітыкам варта думаць пра магчымасьць канфэдэрацыі Польшчы, Украіны, Беларусі і Літвы, — амэрыканскі палітоляг


Аляксандар Мотыль, палітоляг з Ратгерскага ўнівэрсытэту ў ЗША
Аляксандар Мотыль, палітоляг з Ратгерскага ўнівэрсытэту ў ЗША

Прыйшоў час для заходніх палітыкаў уявіць тое, што раней здавалася неверагодным у адносінах да расейска-ўкраінскай вайны, піша ў амэрыканскім выданьні The Hill палітоляг з Ратгерскага ўнівэрсытэту ў ЗША Аляксандар Мотыль.

Паводле яго, цяпер варта разглядаць тры рэчы, якія здаюцца зусім немагчымымі: пераканаўчую перамогу Ўкраіны, фрагмэнтацыю Расейскай Фэдэрацыі і фармаваньне канфэдэрацыі, у якую ўвойдуць Польшча, Украіна, Беларусь і Літва.

«Мы памыляліся, лічачы, што расейскія ўзброеныя сілы захопяць Ўкраіну за некалькі дзён і што ўкраінцы ня змогуць выцесьніць расейцаў зь вялікай часткі тэрыторыі сваёй краіны. Цяпер, калі ўкраінцы нібыта спыніліся, а расейцы паступова дасягаюць посьпеху на Данбасе, выглядае, што практычна неабмежаваны запас салдатаў і танкаў, які мае Масква, урэшце прывядзе да захопу Ўкраіны.

Гэтае чаканьне, пэўна, будзе ня больш дакладным за папярэднія. Украіна мае падтрымку 50 краін, NATO, ЭЗ і „Вялікай сямёркі“. Цяжкае ўзбраеньне хутка паступіць ва Ўкраіну ў вялікай колькасьці. Украінцы могуць здолець спыніць далейшы расейскі наступ. Але яны таксама могуць здолець выцесьніць расейцаў з усіх акупаваных тэрыторый, у тым ліку з Крыму і Данбасу. Калі такое здарыцца, Пуцін амаль напэўна будзе зрынуты, а ягоны фашысцкі рэжым можа рухнуць», — піша Мотыль.

Больш важна тое, працягвае ён, што магутны сыстэмны шок можа прывесьці да распаду Расейскай Фэдэрацыі, нават пры адсутнасьці моцных нацыянальных рухаў у яе рэгіёнах.

«Нам трэба памятаць, што аддзяленьне настолькі ж часта адбываецца ў выніку сыстэмных падзей у цэнтры дзяржавы, як і ў выніку палітычных схільнасьцяў у правінцыі. Калі дзяржавы аказваюцца ўцягнутымі ў дарагія войны або робяцца нестабільнымі і нефункцыянальнымі з уласных прычынаў, правінцыі, якія ня мелі ніякага жаданьня аддзяляцца, могуць гэта зрабіць, таму што аддзяленьне робіцца адзіным выхадам з сыстэмы, якая разбураецца», — тлумачыць амэрыканскі палітоляг.

«Калі Расейская Фэдэрацыя разваліцца ці нават проста пасьля падзеньня Пуціна, здольнасьць Аляксандра Лукашэнкі ўтрымліваць уладу ў Беларусі зьнікне за адну ноч, — працягвае Мотыль. — Калі ён і ягоны рэжым зьнікнуць і на іх месца прыйдуць дэмакраты, якія арганізавалі масавыя дэманстрацыі ў 2020 годзе, адкрыюцца дзьверы для больш цеснага супрацоўніцтва паміж Польшчай, Украінай, Беларусьсю і Літвой».

Мотыль тлумачыць, што для такога альянсу ёсьць некалькі прычын — у сфэрах бясьпекі, эканомікі і культуры:

  • Расейска-ўкраінская вайна паказала, што Расея ёсьць і доўга будзе заставацца варожай да Эўропы, што Ўкраіна мае важнае значэньне для бясьпекі Эўропы, і асабліва Ўсходняй Эўропы, а пры гэтым занадта шмат краін NATO могуць быць сябрамі толькі ў спрыяльных абставінах.
  • Вайна таксама паказала, наколькі гэтыя чатыры эканомікі ўзаемазалежныя.
  • Гэтыя чатыры народы маюць шмат гістарычных сувязяў (узыходзяць да Рэчы Паспалітай), якія маглі б спрыяць больш цеснаму супрацоўніцтву.

Магчыма, што ніводзін з гэтых сцэнароў не ажыцьцявіцца, або ўсе яны могуць стаць рэальнасьцю, піша Мотыль. «Няма сэнсу рабіць выгляд, што мы жывём у звычайны час і што сучаснасьць — гэта папярэдні паказ будучыні. Немагчымае можа стаць нормай на некалькі гадоў, і палітыкам было б разумна пачаць больш актыўна праяўляць сваю фантазію, каб не апынуцца зноў жа зусім непадрыхтаванымі да немагчымага».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG