Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы від на жыхарства атрымалі больш за 50 тысяч грамадзян Беларусі


Маніфэстацыя салідарнасьці зь Беларусьсю ў Варшаве, жнівень 2021
Маніфэстацыя салідарнасьці зь Беларусьсю ў Варшаве, жнівень 2021

Грамадзяне Беларусі складаюць другую па колькасьці групу іншаземцаў у Польшчы. Колькасьць беларусаў, якія атрымалі від на жыхарства ў гэтай краіне, перавысіла 50 тысяч чалавек.

Пра гэта 29 чэрвеня паведаміла польская Ўправа для спраў іншаземцаў (Urząd do spraw cudzoziemców).

Паводле зьвестак гэтага ведамства, колькасьць грамадзян Украіны зь відам на жыхарства ў Польшчы перавысіла 300 тысяч чалавек пад канец 2021 году.

Паводле паведамленьня ўправы, спрашчэньне выдачы візаў і доступ да рынку працы зрабілі Польшчу вельмі прывабным кірункам для беларускіх мігрантаў. Прадпрымальнікі і спэцыялісты ІТ-індустрыі могуць скарыстацца праграмай Poland. Bussines Harbour — комплексным пакетам, які спрыяе пераезду на тэрыторыю Польшчы. А ўладальнікі так званай гуманітарнай візы могуць працаваць, ня мусячы атрымліваць дадатковыя дазволы.

З пачатку 2021 году да сёньня колькасьць беларускіх мігрантаў у Польшчы зь легальным дазволам на побыт узрасла амаль на 90%.

Управа для спраў іншаземцаў адзначае, што большасьць беларусаў маюць дазвол на сталае пражываньне, выдадзены ў сувязі з польскімі каранямі і валоданьнем Картай паляка.

Каля 55 працэнтаў грамадзян Беларусі зь дзейнымі відамі на жыхарства ў Польшчы — гэта людзі ва ўзросьце ад 20 да 39 гадоў. Дзеці і падлеткі да 20 гадоў складаюць 17%, а людзі, старэйшыя за 40 гадоў, — каля 28%.

Тэрытарыяльнае разьмеркаваньне беларусаў, якія аселі ў Польшчы, даволі нераўнамернае. Найбольш жыве ў Мазавецкім ваяводзтве (цэнтар: Варшава) — 19 тысяч чалавек; у Падляскім ваяводзтве (цэнтар: Беласток) — 9 тысяч. Даволі часта беларускія мігранты выбіраюць таксама іншыя ваяводзтвы Польшчы: Малапольскае ваяводзтва (цэнтар: Кракаў; 4,2 тыс.), Паморскае ваяводзтва (цэнтар: Гданьск; 4 тыс.) і Люблінскае ваяводзтва (цэнтар: Люблін; 3,2 тыс.).

Гэтыя зьвесткі, адзначае Ўправа для справаў іншаземцаў, не ўключаюць асобаў, якія часова знаходзяцца ў Польшчы на падставе візаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG