У праекце «Ворагі рэжыму» мы размаўляем зь людзьмі, якіх найбольш баяцца беларускія ўлады. Гэта гутарка з афіцыйнай прадстаўніцай групы «Кібэрпартызаны» Юльянай Шаметавец.
Сьціслы зьмест:
- Факультэт міжнародных адносінаў і пляны працаваць у Макея.
- Першы канфлікт зь дзяржавай у асобе БРСМ.
- Пошукі квіткоў у Беларусь перад выбарамі 2020-га і стан пасьля 9 жніўня.
- Страх перад «Кібэрпартызанамі».
- Беларусь пасьля Лукашэнкі.
20 чэрвеня КДБ Беларусі абнавіў «сьпіс тэрарыстаў» (асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці). Сярод новых яго фігурантаў зьявілася і прэсавая сакратарка «Кібэрпартызанаў» Юльяна Шаметавец.
«Нехта зь сяброў мне напісаў, што вось такая навіна: я ў сьпісе тэрарыстаў, — расказвае Юльяна ў размове са Свабодай. — Якія пачуцьці? Мне здавалася, я была ў такіх сьпісах з моманту майго пачатку працы ў якасьці публічнага твару „Кібэрпартызанаў“. Таму сюрпрызу не адбылося. Увогуле я думаю, што гэта ў першую чаргу мэсэдж для тых людзей, якія засталіся ў Беларусі альбо актыўнічаюць за мяжой. Каб неяк напалохаць іх. Але папраўдзе, у сьпісе ты альбо не, гэта нічога ня значыць. Калі Лукашэнка хоча кагосьці зьнішчыць, ён усё адно гэта зробіць і бязь сьпісаў».
Па словах Юльяны, занясеньне ў адзін сьпіс зь яшчэ 90 сумленных беларускіх «тэрарыстаў» азначае плённасьць працы «Кібэрпартызанаў» і тое, што іх дзейнасьць уплывае на рэжым.
«Колькі ў мяне на сёньня крымінальных спраў, я нават не лічыла, — прызнаецца дзяўчына. — Ведаю, што там ёсьць артыкул „За арганізацыю тэрарыстычнай дзейнасьці“, гэта ўжо сьмяротнае пакараньне, таму іншыя не асабліва і цікавяць. Мне ўжо дастаткова, таму пра іншыя я не ведаю».
«Шалёная ідэя працаваць у МЗС»
Юльяна нарадзілася ў Менску, вучылася ў сярэдняй школе № 65 з ангельскім ухілам. Пасьля быў ліцэй БДУ і факультэт міжнародных адносінаў гэтага ж унівэрсытэту, дзе Юльяна вывучала сусьветную эканоміку.
«Маё асэнсаваньне сябе ў беларускай культуры і нават палітыцы пачалося яшчэ ў падлеткавым узросьце, — расказвае Юльяна. — Памятаю, як я чытала пра Плошчу 2006 году, як задавала бацьку пытаньні пра тое, што там адбываецца. У мяне была магчымасьць падарожнічаць, езьдзіць у Эўропу. Бачыць, што адбываецца там, што робіцца ў Беларусі. Канчаткова ўсё асэнсавалася пасьля Плошчы 2010 году. Яна вельмі мяне ўразіла. У такім узросьце яшчэ ідэалістычная канцэпцыя сьвету і калі нешта вельмі несправядлівае адбываецца, то гэта ў чалавеку вельмі моцна адгукаецца».
Юльяна расказвае, што ў сьнежні 2010 году была яшчэ падлеткам. У вечар дня выбараў яна была ля Акадэміі навук. Пасьля вярнулася дадому, за разгонам мітынгу сачыла ў інтэрнэце. Адной з пацярпелых ад дзеяньняў сілавікоў тады стала знаёмая Юльяны.
«Мне шанцавала з настаўнікамі, зь людзьмі ў маім асяродзьдзі, — расказвае Юльяна. — Беларускую гісторыю і культуры я вывучала зь дзяцінства. Гэта не ішло непасрэдна зь сям’і, але можна было вывучаць усё ў інтэрнэце, у кнігах: галоўнае, каб была цікавасьць. Ужо ў старшых клясах я разумела, што маё жыцьцё будзе зьвязанае зь Беларусьсю. І трэба, каб дыктатура сышла, бо такі рэжым не дае магчымасьцяў для разьвіцьця ні моладзі, ні ў цэлым усім, хто не зьвязаны з рэжымам».
Падчас вучобы ў БДУ ў Юльяны была «шалёная ідэя» пайсьці працаваць у МЗС, каб паўплываць на зьмены ў краіне адтуль. Дзяўчыне здавалася, што гэтае ведамства лібэральнейшае за астатнія. Міністар Макей размаўляў па-беларуску, насіў вышыванкі. Але з часам яна зразумела, што, гуляючы паводле ўнутраных правілаў сыстэмы, паўплываць на яе вельмі складана.
«Забараніла брату ўступаць у БРСМ»
«Ужо падчас вучобы ў БДУ я пачала стажавацца ў Празе, — расказвае Юльяна пра тое, якім чынам трапіла за мяжу. — Гэта пачалося з трэцяга курсу. Калі я скончыла навучаньне на „міжнародных адносінах“ у БДУ, то паехала вывучаць паліталёгію ў магістратуру ў ЗША. У дзяцінстве я хацела стаць прэзыдэнтам, мне пра гэта тата расказваў. Але цяпер я ўвогуле не хачу, каб у Беларусі былі прэзыдэнты, каб нехта ведаў іхнае імя. Лепей за ўсе, каб была парлямэнцкая рэспубліка».
Юльяна расказвае, што яе непаразуменьні зь дзяржавай пачаліся яшчэ з навучаньня ў школе, калі на яе ціснулі, каб «загнаць» у БРСМ. Дзяўчына ўжо тады лічыла Лукашэнку перажыткам савецкага часу, які стрымлівае разьвіцьцё краіны.
«Я на свае вочы бачыла, хто там уступае ў гэты БРСМ, што гэта папулісцкая і прапагандысцкая дзейнасьць, — кажа Юльяна. — Не хацела ў такім удзельнічаць. Не разумела, чаму я павінна ў гэта ўсё ісьці, і не пайшла. Брату таксама забараніла, хоць на іх ціснулі нашмат больш. Але я была выдатніцай, таму на мяне ціск быў не такі вялікі».
Пасьля ад’езду на вучобу за мяжу Юльяна пэрыядычна наведвала Беларусь, але апошні раз у Менску яна была каля 6 гадоў таму. Спачатку з ЗША не было магчымасьці прыяжджаць, пасьля здарыўся 2020 год з пандэміяй і пазьней выбарамі. Пасьля іх дзяўчына зразумела, што ў Беларусь зможа вярнуцца няхутка.
«Шчыра кажучы, выяжджаючы з краіны, я спачатку хацела проста навучыцца нечаму, пабачыць, як працуе дэмакратыя на Захадзе, — прызнаецца Юльяна. — Пасьля прыехаць і данесьці гэтыя веды да людзей, зрабіць штосьці. Пазьней былі моманты злосьці. Калі ў 2015 годзе людзі ня выйшлі, калі вайна ва Ўкраіне пачалася ў 2014-м. Здавалася, што ўсім усё адно, што ўсе людзі сьпяць. Думала, паеду тады ў ЗША, раз усім усё адно. Маім сябрам у тым ліку. Але злосьць мінае, любоў да краіны застаецца. Усё адно ўдзельнічала ў акцыях ды адукацыйных кампаніях, зьвязаных зь Беларусьсю. У ЗША ўсе вельмі шануюць сваю ідэнтычнасьць і зь цікавасьцю ставяцца да іншых нацыянальнасьцяў».
«Пасьля 9 жніўня тыдзень не магла працаваць»
У 2017 годзе Юльяна пазнаёмілася зь дзеячом беларускай дыяспары ў ЗША Зьмітром Шчыгельскім, пачала ўдзельнічаць у розных імпрэзах. Пачалася яе супраца з дыяспарай, праца над тым, як можна падрыхтаваць беларускае грамадзтва да зьменаў у будучыні.
«Перад жніўнем 2020 году я была ўпэўненая, што будуць пратэсты, — расказвае Юльяна. — Але каб такога маштабу, то не магла сабе ўявіць. Што людзі ў вёсках будуць выходзіць, у невялікіх гарадах. Я вельмі эмацыйна рэагавала на гэта. Раней заўсёды здавалася, што апазыцыйная тусоўка — гэта такі маргінальны асяродак. А выявілася, што мы нацыя, гатовая да пераменаў, самаарганізацыі і пабудовы справядлівай дэмакратычнай сыстэмы. Хаця ўжо ў 2017 годзе пратэсты „дармаедаў“ паказалі, што рэжым уплывае на людзей эканамічна. Што палітыка ўплывае на ўсе ўзроўні жыцьця».
Юльяна кажа, што думала пра тое, каб паляцець у Менск падчас пратэстаў, яе спынілі толькі праблемы зь амэрыканскай візай. У выніку дзяўчына засталася ў Штатах. Ноч з 9 на 10 жніўня яна правяла ў Telegram.
«У нас ужо была позьняя ноч, — успамінае Юльяна. — Сядзела ўвесь час на Telegram, узяла адгул на працы. Не працавала цэлы тыдзень, нічога не магла рабіць. Увесь час чытала навіны ў Telegram, кантактавала з беларусамі, якія тут, у Нью-Ёрку, працуюць у ААН у беларускім прадстаўніцтве. Сядзела, пісала ім мэйлы, што трэба перайсьці на бок народу. Консулу беларускаму пісала. Хоць нешта спрабавала зрабіць. Зьвязвалася зь сябрамі тут, у ЗША. З афіцыйных асобаў беларускіх мне ніхто не адказаў. Толькі адзін хлопец напісаў, што ён ужо не ў беларускім прадстаўніцтве працуе, а проста ў ААН. Параіла яму публічна даць ацэнку падзеям, але ён прамаўчаў».
«„Кібэрпартызанам“ я спачатку адмовіла, было страшна»
У «Кібэрпартызаны» Юльяна трапіла праз супрацу са Зьмітром Шчыгельскім (цяпер — палітычны прадстаўнік руху «Супраціў») і конкурсны адбор. Калі пачалося фармаваньне груп супраціву рэпрэсіям і дзеяньням афіцыйных беларускіх уладаў, Юльяна ўцягнулася ў іх працу. Яна даведалася, што «Кібэрпартызаны» шукаюць кагосьці, хто б мог прадстаўляць іх у СМІ і публічнай прасторы.
«Тады быў выбух цікавасьці, у тым ліку з боку заходніх мэдыя, — успамінае Юльяна. — Важна было тлумачыць, чым „Кібэрпартызаны“ займаюцца чым гэта адрозьніваецца ад хакерства і іншых кірункаў падобных, у Расеі ў тым ліку. Яны шукалі чалавека: трэба было разумець беларускія падзеі, валодаць ангельскай мовай. Зьміцер прапанаваў мне паспрабаваць дапамагчы „Кібэрпартызанам“. Тады яшчэ не было зразумела, ці я падыду. Было нефармальнае ананімнае інтэрвію (і для іх, і для мяне таксама), каб зразумець, якая стратэгія ў суполкі, якія ў іх каштоўнасьці».
Юльяна прызнаецца, што спачатку адмовілася ад прапановы. Дзяўчыне стала страшна, і яна вырашыла дапамагаць суполцы толькі непублічна. Аднак неўзабаве ў беларускую турму трапіў адзін зь сяброў Юльяны, і яна зразумела, што павінна зрабіць усё магчымае, каб сытуацыя ў Беларусі зьмянілася.
«Вырашыла паспрабаваць, — расказвае яна. — Пачалі працу. У мяне была ідэя, як можна зьвязацца з акадэмічнай супольнасьцю тут, у ЗША. Тут гэта вельмі важна. Гэта экспэрты, якія могуць уплываць і на палітычныя рашэньні. Цяпер я не шкадую, што ўвязалася ў гэта. Цяжка, вядома. Гэта ўсё ўплывае на сям’ю і шмат на што яшчэ. Але ёсьць разуменьне, што па-іншаму ніяк. Асабліва, калі пачалася вайна. Трэба змагацца за тыя каштоўнасьці, у якія ты верыш. Ціск, які сёньня адбываецца на мяне, ніяк не параўнаць з тым, што адчуваюць людзі ў беларускіх турмах альбо людзі, якія застаюцца ва Ўкраіне».
«Муж сам прапанаваў адмовіцца ад расейскай»
Акрамя працы з «Кібэрпартызанамі», Юльяна мае і асноўны свой занятак: яна працуе ў амэрыканскай некамэрцыйнай арганізацыі, дзейнасьць якой ніякім чынам не зьвязаная зь Беларусьсю. Займаецца дапамогай людзям, якія перажылі Галакост. У абавязкі Юльяны ўваходзіць усё, што зьвязана з атрыманьнем грантаў.
«Муж мяне падтрымлівае, безумоўна, ён амэрыканец, — расказвае Юльяна пра сям’ю. — Шмат не буду гаварыць пра яго, паважаю асабістую прастору мужа. Ён вельмі мяне падтрымлівае, бяз гэтага мне было б нашмат цяжэй. Муж ведае і гісторыю Беларусі, і палітычныя абставіны. Я нават жартую, што ён ужо мог бы даваць камэнтары СМІ аб сытуацыі ў нашай краіне».
Юльяна расказвае, што пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне муж нават прапанаваў ёй перайсьці зь некаторых расейскіх выразаў, якія сям’я выкарыстоўвае ў штодзённым жыцьці, на беларускія. Бо расейская, маўляў, гэта мова ворага.
«Мы няшмат расейскай карысталіся, гэта маглі быць нейкія ўрыўкі з маіх размоваў з роднымі ў Беларусі, але ён першы прапанаваў перайсьці на беларускую, — дзеліцца Юльяна. — І хоць расейская застаецца ў маім жыцьці, і гэта нармальна, я стараюся часьцей размаўляць па-беларуску».
Акрамя «тэрарызму» і асноўнай працы Юльяна любіць у вольны час чытаць, прычым некалькі кніг адначасова. Зараз чытае «Толькі не кажы маёй маме» Адама Глёбуса і вельмі шкадуе, што позна дабралася да гэтай кніжкі. Таксама твор італьянскай пісьменьніцы Элеаноры Фэрантэ пра жанчын, якія вырасьлі ў Нэапалі пасьля вайны.
«Хайкінг (пешы турызм. — РС) таксама дапамагае, нават ня ведаю, як гэтае слова перакласьці, — гаворыць Юльяна. — Тут, у Нью-Ёрку, гэта велізарная культура. Усе, калі ёсьць вялікія выходныя, едуць за горад і там гуляюць. Тут існуюць вялікія абшары для гэтага. Мы на мінулых выходных таксама езьдзілі ў горы. Яны не велізарныя, там нескладаныя маршруты. Але гэта дапамагае перавесьці дух і перазагрузіць мазгі. Там вельмі прыгожа, вельмі добрае надвор’е было. Ёга таксама мяне ратуе».
«Праца пачнецца пасьля сыходу Лукашэнкі»
Перамены ў Беларусі Юльяна па-ранейшаму зьвязвае з актыўнасьцю людзей. Яна гаворыць, што толькi калi большасьць людзей падтрымае рашучыя зьмены, улiчваючы сытуацыю, у якой апынуўся беларускi народ, толькi тады гэта можа прывесьці да зьмены ўлады. Сваю ролю ў гэтым павінны адыграць і тыя, хто цяпер жыве за межамі Беларусі ў суседніх краінах, перакананая жанчына.
«Пасьля пачнецца перабудова, — кажа Юльяна. — Трансфэр улады. Прыбраць Лукашэнку — гэта яшчэ ня значыць, што Беларусь стане свабоднай. Важна, каб не прыйшоў „Лукашэнка 2.0“, каб не прыйшлі расейскія грошы, каб не пачалася пабудова прарасейскіх партый. Пасьля таго, як Лукашэнка сыдзе, ва ўсіх будзе эўфарыя некалькі дзён, а то і тыдняў. Але потым пачнецца сапраўдная вельмі цяжкая праца. Пра гэта важна думаць, каардынавацца зь людзьмі, якія будуць гатовыя працаваць. Я бачу гэта ўсё як шлях зьмены мысьленьня найперш».
Сама Юльяна ў першую чаргу хацела б прыехаць у вёску, дзе яна праводзiла кожнае лета ў дзяцiнстве.
«Гэта такая клясычная гісторыя, — кажа жанчына. — Лета гарадзкога ў вёсцы. Яна немаленькая. Там ёсьць яшчэ свае жыхары, таксама шмат хто прыяжджае на лета з гораду. Гэта тое, пра што я мару, што бачу ў сваіх снах. Гэта таксама мой дом. Тыя шчасьлівыя месяцы, якія я праводзіла ў сваёй вёсцы. Вядома, я сумую па Менску, па шмат якіх месцах там. Але вёска — гэта чамусьці першае, пра што я заўсёды ўспамінаю».