Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Распытвалі пра рэйкавую справу»: Як лекар зь Віцебску эвакуаваўся зь Беларусі пасьля затрыманьня


Яўген Павелка
Яўген Павелка

Яўген Павелка працаваў лекарам у паліклініцы, 25 сакавіка 2022 году да яго на працу прыйшлі сілавікі. Свабода распытала яго пра ад’езд зь Беларусі і адаптацыю на новым месцы.

Яўген Павелка — 24-гадовы беларускі лекар. Раней ён працаваў у футбольным клюбе «Віцебск», але адтуль яго звольнілі праз удзел у акцыях мэдыкаў супраць гвалту. Да 25 сакавіка гэтага году Яўген працаваў у віцебскай паліклініцы як лекар-інтэрн, пакуль па яго не прыйшлі сілавікі.

«Гісторыя ад’езду ў мяне клясычная — я выехаў зь Віцебску ў Смаленск, там нават асабліва не глядзелі пашпарт. Пасьля я дабраўся цягніком да Масквы, адтуль ва Ўладзікаўказ і пасьля ў Грузію. Суткі на дарогу, даволі камфортна, але хацелася як найхутчэй зьехаць з Расеі. Гэта ўсё было хутка, часу спужацца не было», — расказвае Яўген.

«Пачалі перасьледаваць яшчэ ў 2015 годзе»

Гісторыя перасьледу Яўгена беларускімі сілавікамі цягнецца яшчэ з 2015 году, тады ён займаўся праблемай платных адпрацовак для студэнтаў.

«У 2015 годзе я вучыўся на першым курсе ўнівэрсытэту і таксама вучыўся ў акадэміі студэнцкага лідэрства. Я займаўся праблемай адмены платных адпрацовак, езьдзіў з адукацыйным візытам у Літву. Пасьля паездкі мяне выклікалі ў дэканат, там былі супрацоўнікі з КДБ, яны далі мне зразумець, што я не павінен актыўнічаць. Пасьля гэтага я публічна не выступаў, але ўдалося давесьці Мінадукацыі, што платныя адпрацоўкі незаконныя. У 2016 годзе я стаў сябрам Задзіночаньня беларускіх студэнтаў», — расказвае Яўген.

У 2020 годзе хлопец далучыўся да акцый мэдыкаў супраць гвалту.

Яўген Павелка
Яўген Павелка

«У першыя ж дні пратэстаў мяне звольнілі з футбольнага клюбу „Віцебск“. Некаторы час я яшчэ чакаў, што па мяне прыйдуць, бо былі фатаздымкі ў сацсетках. Толькі 25 сакавіка 2022 году мяне выклікалі ў адміністрацыю паліклінікі, дзе я працаваў, а там ужо чакалі сілавікі. Яны прад’явілі пастанову на вобшук, я нават не пасьпеў паглядзець, зь якой справай гэта зьвязана. Пасьля высьветлілася, што з „рэйкавай справай“ (вывядзеньне з ладу чыгуначных шафаў, каб спыніць перасоўваньне расейскай тэхнікі). Я не разумеў большасьці пытаньняў, бо гэта былі хутчэй пытаньні да супрацоўніка чыгункі, чым да лекара», — прыгадвае Яўген.

«Сілавікі настойвалі на супрацоўніцтве»

Яўген Павелка
Яўген Павелка

Падчас ператрусу ў яго дома сілавікі нічога крамольнага для сябе не знайшлі.

«Допыт праходзіў ня цяжка, звычайная размова. Адзін з супрацоўнікаў прапанаваў ці нават настаяў на супрацоўніцтве. Я тады якраз вярнуўся ў ФК „Віцебск“. Таму мне прапанавалі дзяліцца інфармацыяй, але дакладна сказаць, што я мусіў рабіць, не змаглі. Сказалі, што са мной зьвяжуцца. Мне параілі зьяжджаць. Думаў некалькі дзён, і пасьля зьвярнуўся ў BySol», — расказвае Яўген.

Чаму яго апытвалі наконт «рэйкавай справы», сілавікі так і не змаглі патлумачыць. Па справе ён праходзіў як сьведка, аднак усё адно зь ім запісалі «пакаяльнае відэа».

Цяпер Яўген Павелка жыве ў Варшаве, кантактуе зь лекарамі наконт ліцэнзіі, каб можна было працаваць і пацьвярджаць дыплём. Таксама займаецца ўласным праектам, які зьвязаны з здаровым ладам жыцьця і фітнэсам.

Яўген Павелка
Яўген Павелка

«Некаторы час я працаваў у фітнэс-клюбе, мая спэцыялізацыя — спартовая мэдыцына. Я хачу запусьціць сэрвіс пэрсаналізаванага кіраваньня здароўем: харчаваньне, фітнэс. Цяпер я яго дапрацоўваю», — анансуе Яўген.

Што да цяперашняй сытуацыі зь беларускай мэдыцынай, то, паводле Яўгена, там дэфіцыт кадраў. Асабліва гэта было заўважна ў момант пандэміі.

«Бывала, што падчас пандэміі я вёў да трох участкаў адзін — гэта да 9 тысяч чалавек. Даходзіла да 20 выклікаў за дзень, хоць да пандэміі іх было ў разы менш. Пасьля палітычнага крызісу зьехала шмат лекараў з досьведам, а ў маладых калегаў цяпер ёсьць пляны наконт ад’езду, таму, мяркую, бліжэйшым часам можам назіраць масавы ад’езд», — кажа Яўген.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG