Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я чуў, як на калідоры б’юць маю маці». Сабралі падрабязнасьці пра суд у справе Мікалая Аўтуховіча


У судзе на працэсе Аўтуховіча, травень 2022
У судзе на працэсе Аўтуховіча, травень 2022

Амаль месяц у горадзенскай турме працягваецца працэс Мікалая Аўтуховіча, а таксама людзей, якіх аб’ядналі зь ім у адну справу. Аўтуховіч праходзіць у якасьці абвінавачванага адразу па дванаццаці артыкулах крымінальнага кодэксу, сярод якіх адзін «расстрэльны».

У адрозьненьне ад многіх іншых падобных судоў, гэты зрабілі адкрытым, ён шырока асьвятляецца ў дзяржаўных СМІ. Свабода паразмаўляла зь некалькімі людзьмі, якія сочаць за працэсам. У мэтах бясьпекі мы не называем іх імёнаў і прыводзім іх сьведчаньні ў нашым пераказе.

Хто праходзіць па справе?

Мікалаю Аўтуховічу 59 гадоў. У мінулым гэта афіцэр, які прайшоў вайну ў Афганістане. У незалежнай Беларусі быў уласьнікам службы таксі ў Ваўкавыску. У яго нярэдка ўзьнікалі праблемы зь мясцовым начальствам. У 2004 годзе Аўтуховіч спрабаваў трапіць у парлямэнт, незалежныя сацыёлягі нават засьведчылі яго перамогу ў першым туры. Аўтуховіч прайшоў праз два турэмныя тэрміны, абодва разы яго прызнавалі палітвязьнем. У зьняволеньні ён трымаў працяглыя галадоўкі, уцякаў ад міліцыі з-пад хатняга арышту.

Мікалай Аўтуховіч у 2016 годзе
Мікалай Аўтуховіч у 2016 годзе

Аўтуховіча судзілі ў 2010-м за падрыхтоўку тэракту — нібыта ён рыхтаваў замах на старшыню Горадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанку і намесьніка міністра па падатках і зборах Васіля Камянко. Аднак асудзілі яго за пяць знойдзеных пры вобшуку патронаў. Тады Мікалай атрымаў 5,5 года (вызвалены ў 2014-м).

Сяргей Разановіч
Сяргей Разановіч

Таксама па справе праходзіць сям’я праваслаўнага сьвятара зь Берасьця Сяргея Разановіча. Ён быў настаяцелем царквы ў вёсцы Сьцяпанкі Жабінкаўскага раёну. Разам з бацюшкам на лаве падсудных ягоная жонка Любоў і сын Павал. Любоў Разановіч у мінулым валодала службай таксі ў Берасьці, з таго часу і знае Аўтуховіча. У 2006 годзе трымала галадоўку. Павал працаваў у аддзеле прымусовага выкананьня Маскоўскага раёну Берасьця. Менавіта ў іх дома і затрымалі Аўтуховіча.

Любоў Разановіч
Любоў Разановіч

Павал Разановіч
Павал Разановіч

Уладзімер Гундар — 60-гадовы краязнаўца з Баранавіч. У мінулым таксама прайшоў вайну ў Афганістане. Інвалід, ня мае нагі. Ужо асуджаны на тры гады зьняволеньня за «гвалт у дачыненьні да службовай асобы».

Уладзімер Гундар
Уладзімер Гундар

Вольга Маёрава — у мінулым актывістка АГП. Яе абвінавачваюць у вядзеньні сацыяльных сетак кампаніі «Да Волі», якую ініцыяваў Аўтуховіч. Затрымалі ў Крупскім раёне.

Вольга Маёрава
Вольга Маёрава

Галіна Дзербыш — пэнсіянэрка з аграгарадку Абухава ў Горадзенскім раёне. Мае анкалёгію і праблемы з сэрцам. Яна, маўляў, давала Аўтуховічу сваю машыну для «разьведкі мясцовасьці».

Галіна Дзербыш
Галіна Дзербыш

Яшчэ адна пэнсіянэрка Ірына Мельхер і яе сын Антон — зь Берасьця. Віктар Сьнегур — з Гомельскай вобласьці, яго абвінавачваюць у дапамозе зь перасячэньнем мяжы. Менш вядомыя асобы — Ірына Гарачкіна і Павал Сава.

У судзе на працэсе па справе Аўтуховіча, травень 2022
У судзе на працэсе па справе Аўтуховіча, травень 2022

У чым іх абвінавачваюць?

У абвінавачаньні прысутнічаюць наступныя артыкулы КК: 289 «Акт тэрарызму», 357 «Змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам», 295 «Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў», 285 «Удзел у злачыннай арганізацыі», 130 «Распальваньне варожасьці», 361 «Заклікі да дзеяньняў, якія прычыняюць шкоду нацыянальнай бясьпецы Беларусі».

І гэта толькі самыя цяжкія з цэлага букета абвінавачаньняў. Калі гаварыць прасьцей, то людзей абвінавачваюць у падпале недабудаванага дома ў Ваўкавыску, які належаў мясцоваму супрацоўніку міліцыі. А таксама ў падпалах аўтамабіляў супрацоўнікаў сілавых органаў у Ваўкавыску і Горадні. У выніку гэтых дзеяньняў ніхто не пацярпеў.

Абвінавачваньне сьцьвярджае, што пры вобшуку ў доме Разановічаў, дзе часова жыў Аўтуховіч, было знойдзена мноства зброі: аўтаматы, пісталеты, тратылавыя шашкі.

Пры чым тут Украіна?

Сьледзтва сьцьвярджае, што «група Аўтуховіча» дзейнічала па ўказаньні ўкраінскіх спэцслужбаў. Маўляў, канчатковай мэтай была зьмена ўлады і фізычная расправа над Аляксандрам Лукашэнкам.

У судзе прагучала, што «ўзброеная арганізаваная група» была ўтвораная з ініцыятывы Галоўнага ўпраўленьня выведкі Мінабароны Ўкраіны. «Па заданьні ўкраінскіх спэцслужбаў зьбіраў зьвесткі пра сілавікоў і чыноўнікаў, рыхтаваў тэракты. Зьбіраўся выкрадаць расейскіх вайскоўцаў з мэтай атрыманьня інфармацыі ад іх аб задачах, плянах і разьмяшчэньні войскаў на тэрыторыі Беларусі», — гэта таксама частка абвінавачаньня.

Хто судзьдзя?

Працэс вядзе судзьдзя Максім Філатаў. Ён вядомы тым, што асудзіў на 5 гадоў зьняволеньня актывіста зь Бярозаўкі Вітольда Ашурка, які пазьней пры нявысьветленых абставінах загінуў у шклоўскай калёніі. На самым пачатку 2022 году Філатава прызначылі судзьдзём у Горадзенскі абласны суд. Максім Філатаў пад санкцыямі Эўразьвязу.

Павал Разановіч і катаваньні

Адзін зь фігурантаў справы Павал Разановіч, даючы паказаньні, заявіў, што супраць яго прымяняліся фізычныя і псыхалягічныя катаваньні для таго, каб ён падпісаў загадзя падрыхтаваныя паказаньні.

Разановіч нават назваў прозьвішчы людзей, адказных за катаваньні — гэта сьледчы КДБ зь Берасьця Цярошын, а таксама начальнік сьледчага аддзелу горадзенскага КДБ Варанецкі.

Разановіч сьцьвярджаў, што Цярошын прыйшоў да яго з падрыхтаваным «сцэнарам» на чатыры аркушы, які Павал павінен быў падпісаць. Што тычыцца Варанецкага, то той палохаў абвінавачанага карцарам, а таксама судзьдзямі, якія пакараюць Разановіча па максымуме.

Судзьдзя спытаў у Разановіча, як ён, чалавек зь юрыдычнай адукацыяй, мог такое падпісаць. Адказ быў наступны: «Супрацоўнікі КДБ палохалі мяне арыштам жонкі, а па калідоры ў той час вадзілі і білі маці, і я чуў яе крыкі. У такіх умовах падпішаш і не такое».

«Закон цяпер не працуе. Мы і ёсьць цяпер закон», — перадаваў словы сьледчага Варанецкага Павал Разановіч на судзе. Таксама ён заявіў, што ў камэру ўвесь час зьмяшчалі «падсадных вязьняў», якія спрабавалі выцягнуць зь яго нешта па справе.

Павал Разановіч абвяргае, што ў іх дома магла быць нейкая зброя. Ён называў «глупствам» і «домыслам» абвінавачаньні ў падрыхтоўцы зьмены ўлады.

У паказаньнях Разановіча-малодшага было запісана, што Аўтуховіч любіў здымаць свае дзеяньні на мабільны тэлефон, а потым усім хваліцца зробленым. На судзе Разановіч-малодшы абверг гэтыя словы і сказаў, што ніколі ня бачыў ніякіх відэа ад Аўтуховіча.

Бацюшка і ракеты

А вось сьвятар Сяргей Разановіч увогуле не даваў у судзе паказаньняў — было вырашана зачытаць ягоныя сьведчаньні, якія даваліся ў час папярэдняга сьледзтва.

Кажуць, што бацюшка моцна хваляваўся, калі адказваў нават на пытаньні пра сваю біяграфію, яму цяжка давалася зьвязаць між сабой некалькі словаў.

Менавіта з агучаных пракуроркай Людмілай Герасіменкай паказаньняў Сяргея Разановіча стала вядома, што нібыта Аўтуховіч з Гундарам плянавалі правезьці праз украінскую мяжу гранатамёт і баявыя ракеты з ЗША з мэтай зьбіць самалёт Аляксандра Лукашэнкі.

На гэтым частка залі пачала сьмяяцца — маўляў, такое яны чулі толькі ў амэрыканскіх баевіках.

Пры гэтым ва Ўладзімера Гундара, які нібыта і быў адказны за перавозку ў Беларусь зброі, няма адной нагі. Да клеткі ён даходзіць на мыліцах, якія потым забіраюць. Гундару цяжка нават устаць зь месца, калі да яго зьвяртаецца судзьдзя. На судзе ён заявіў, што пры затрыманьні яго білі — гэтага ня ведалі нават ягоныя сваякі.

Гарачкіна і Сава

Таксама зачытваліся паказаньні Ірыны Гарачкінай і Паўла Савы. Што гэта за людзі?

Павал Сава — чалавек, за плячыма якога дзьве судзімасьці. У мінулым ён ужываў наркотыкі. Жанчына, зь якой жыве і мае дзіця Сава, — траюрадная пляменьніца Аўтуховіча.

Калі Сава ўстаў даваць паказаньні, то выбачаўся перад прысутнымі. Сказаў, што яны ні ў чым не вінаватыя. «Прабачце мне, вы вартыя лепшага. Я разумею, што, хутчэй за ўсё, не дажыву да прысуду».

Пракурор на гэтым задала пытаньне судзьдзі: ці ведае Сава, што ён можа не даваць паказаньні? Замест гэтага могуць зачытаць тое, што ён казаў на сьледзтве.

Аўтуховіч зьвяртаўся да судзьдзі з хадайніцтвам, каб зьмянілі меру стрыманьня для жанчын, што праходзяць па справе, а таксама для Ўладзімера Гундара. Калі гэтае хадайніцтва адхілілі, то Мікалай сказаў: «А гэтага вы дакладна не адхіліце. Хадайнічаю зьмяніць меру стрыманьня Паўлу Саву, які актыўна супрацоўнічаў са сьледзтвам».

Самому Саву гэта не спадабалася, ён адказаў: «Мікалай, калі ты будзеш злараднічаць, то я табе яшчэ зладжу».

Паказаньні Савы былі блытаныя, ён ня мог дакладна сказаць, якое імя ў Галіны Дзербыш, дзе яна жыве.

Паміж дзьвюма клеткамі з абвінавачанымі была ўсталяваная мэталічная перагародка. Таму людзі з адной клеткі не маглі бачыць людзей у іншай. Дзербыш прасіла, каб ёй паказалі Саву, што за чалавек яе агаворвае, чаму ў іх не было вочнай стаўкі. У гэтым адмовілі. Аднак перад адным з наступных паседжаньняў перагародку прыбралі.

Ірына Гарачкіна — жанчына, якую з Аўтуховічам зьвязвалі рамантычныя адносіны. Яны шмат разам адпачывалі, перамяшчаліся па краіне. Допыт Гарачкінай праходзіў без адваката. Ёй нібыта паабяцалі, што ў выпадку падпісаньня сьведчаньняў яе адпусьцяць. Яна паверыла гэтым абяцаньням. Прычым сьведчыла Гарачкіна ня толькі супраць Аўтуховіча, але і супраць Маёравай, Любові Разановіч і іншых.

У значнай частцы абвінавачаньне грунтуецца якраз на паказаньнях Савы і Гарачкінай.

Чаму Аўтуховіч і матушка Разановіч у адзіночных клетках?

Шмат хто зьвярнуў увагу, што Мікалая Аўтуховіча і Любоў Разановіч трымаюць у асобных невялікіх клетках. Ніколі раней на судах такога не было.

Гэта матывавалі тым, што Разановіч асабліва буйная, таму зьмяшчаць яе разам зь іншымі абвінавачанымі можа быць небясьпечна. Спадарыня Любоў у мінулым вясьлярка. Як шмат у каго з былых прафэсійных спартоўцаў, у яе праблемы з суставамі. Яна часта спрабуе ўстаць у клетцы.

Аўтуховіч у асобнай клетцы як галоўны фігурант справы. Напярэдадні суду Мікола трапіў у адзіночную камэру з прусакамі, вельмі сырую. Гэта адбілася на яго здароўі. Людзі кажуць, што Аўтуховічу нават складана даваць паказаньні.

Сваёй віны ён не прызнае. «Набралі пэнсіянэраў і інвалідаў. Ніводзін чалавек ня мае дачыненьня да таго, што тут агучваецца», — сказаў Аўтуховіч.

У Вольгі Маёравай, калі яна была на судзе, з камэры скралі яе рэчы — майкі зь беларускім арнамэнтам і бела-чырвоны швэдар.

Відавочцы кажуць, што ўдзельнікі працэсу імкнуцца падтрымаць адзін аднаго на судзе. Магчымасьць размаўляць адзін з адным — гэта ўжо вялікая справа, асабліва ў выпадку Аўтуховіча і Дзербыш, якіх амаль увесь час трымалі ў адзіночных камэрах.

Гладкая ляпіла жуйку на лаву

Працэс наведваюць дзяржаўныя журналісты. Сярод іх прапагандыстка «Советской Белоруссии» Людміла Гладкая. З сваякамі зьняволеных яна паводзіць сябе вельмі спакойна. «Нявінна, нібыта анёлак», — кажуць відавочцы. Праўда, потым у публікацыях яна піша пра «зьвяр’ё ў клетках».

Ксенія Лебедзева зь «Беларусь-1», паводле сьведчаньняў, наадварот, паводзіцца даволі агрэсіўна, не дае праходу сваякам, тыкае ім у твар мікрафон, патрабуе сказаць хоць нешта.

Горадзенскія дзяржаўныя журналісты паводзяць сябе ціха, не ідуць на канфлікты.

Быў характэрны момант, калі Гладкая зь Лебедзевай наляпілі жуйкі на лавы ў залі паседжаньняў. Ім праз гэта нават рабілі заўвагі.

Галоўнае пра «справу Аўтуховіча»

Пра затрыманьне «групы Аўтуховіча» дзяржаўныя СМІ расказалі ўвечары 8 сьнежня 2020 году. Паводле іх, за падпаламі дома міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Горадні стаіць групоўка, якой кіраваў ваўкавыскі прадпрымальнік і былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч.

Спачатку Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 218 КК «Наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці, учыненае агульнанебясьпечным спосабам». Потым Генпракуратура перакваліфікавала яго на ч. 1 арт. 289 — «Акт тэрарызму», які прадугледжвае пазбаўленьне волі да 15 гадоў. Некаторым з абвінавачаных інкрымінавалі частку 3 гэтага ж артыкулу, паводле якой пагражала сьмяротнае пакараньне.

Частка 3 артыкулу 289 прадугледзваецца, калі акты тэрарызму «учыненыя арганізаванай групай, або з прымяненьнем аб’ектаў выкарыстаньня атамнай энэргіі, або з выкарыстаньнем радыяактыўных рэчываў або ядзерных матэрыялаў, моцнадзейных, таксычных хімічных або біялягічных рэчываў або спалучаныя з забойствам чалавека».

Разгляд «справы Аўтуховіча» цягнуўся 5 месяцаў. Працэс праходзіў у горадзенскай турме.

Падчас працэсу падсудныя неаднаразова заяўлялі пра ціск і катаваньні з боку сілавікоў і адміністрацыі турмы. Сярод іншага фігуранты заяўлялі, што справа супраць іх сфабрыкаваная.

Працэс вёў судзьдзя Максім Філатаў, які знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу. Ён вядомы тым, што асудзіў на 5 год зьняволеньня актывіста зь Бярозаўкі Вітольда Ашурка, які пазьней пры нявысьветленых абставінах загінуў у шклоўскай калёніі.

17 кастрычніка 2022 году Філатаў вынес выракі:

  • Мікалаю Аўтуховічу — 25 гадоў зьняволеньня (першыя 5 гадоў у турме, 20 гадоў — у калёніі строгага рэжыму), штраф 1000 базавых велічынь і пазбаўленьне званьня прапаршчыка ў адстаўцы.
  • Уладзімеру Гундару — 18 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Паўлу Саву — 20 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Вользе Маёравай — 20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Віктару Сьнегуру — 19 гадоў калёніі строгага рэжыму.
  • Галіне Дзербыш —20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Любові Разановіч — 15 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Сяргею Разановічу — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Павал Разановіч — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Ірыне Мельхер — 17 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Ірыне Гарачкінай — 6 год і 1 месяц калёніі агульнага рэжыму.
  • Антону Мельхеру — 2,5 гады калёніі агульнага рэжыму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG