Сьцісла:
- Сьведчаньні пра сыстэматычнае зьбіваньне затрыманых і зьняволеных траплялі да праваабаронцаў ужо шмат дзесяцігодзьдзяў, але гэта мала цікавіла шырэйшае грамадзтва.
- Ахвярамі гвалту часта робяцца людзі са слаба абароненых групаў, тыя ж бяздомныя. «Гэтыя людзі ня могуць сябе абараніць — і ў іншых пытаньнях, і ў гэтым таксама».
- Асноўная віна за мяжу гвалту ляжыць на камандзірах, бо шарагоўцы выконваюць загад. А загады ідуць з самага верху. «Самі амапаўцы пачуваюць сябе гэткай прэтарыянскай гвардыяй Лукашэнкі».
- Праваахоўныя органы і сыстэму выкананьня пакараньняў трэба «разьбіраць і зьбіраць па новай». Туды павінны прыйсьці новыя людзі зь іншай падрыхтоўкай і новай устаноўкай.
Праваабарончы цэнтар «Вясна» ад 1996 году дакумэнтуе ўжываньне гвалту супраць затрыманых і ў месцах зьняволеньня. Старшыня цэнтру Алесь Бяляцкі кажа, што цяперашнія катаваньні адрозьніваюцца ад мінулых толькі нябачаным раней маштабам. Яшчэ ў другой палове 90-х былі сьведчаньні, што АМАП ня толькі зьбіваў затрыманых, але і браў удзел у катаваньнях зьняволеных у турмах.
«Падрыхтоўка садыстаў, якія фактычна маюць права ўжываць неабмежаваны гвалт да мірных грамадзянаў, — гэта частка цяперашняй дзяржаўнай сыстэмы», — кажа Бяляцкі.
«На сьпіне „малявалі“ бел-чырвона-белы сьцяг»
Актывіст «Маладога фронту» Аляксей Шыдлоўскі ў 1997 годзе быў зьняволены і пазьней асуджаны на паўтара года. Яго і Вадзіма Лабковіча вінавацілі ў тым, што яны напісалі на сьцяне райвыканкаму ў Стоўпцах «Жыве Беларусь!» і «Пазьняк — наш прэзыдэнт», на помніку Дзяржынскаму — «Кат», і замянілі над райвыканкамам афіцыйны сьцяг на бел-чырвона-белы.
«Калі ў верасьні 1997 году нас з Вадзімам Лабковічам прывезьлі аўтазакам са Стоўпцаў у Жодзінскі сьледчы ізалятар, я зразумеў, што тры тыдні ў стаўпецкім ізалятары, пры ўсіх яго мінусах былой вайсковай стайні, хутка пададуцца раем.
У прыёмным пакоі ўсе сьцены былі выкладзеныя кафлянай пліткай. Адчуваньне, быццам ты ў вялізнай гарадзкой лазьні ў кампаніі хлопцаў, у якіх у руках замест венікаў гумовыя дручкі.
Начальнік зьмены гучна аб’явіў, што калі той, хто прыехаў па этапе, пачуе сваё прозьвішча, ён павінен выйсьці наперад, схіліўшы галаву, і назваць сваё імя, імёны сваіх родных, жонак, бацькоў і дзяцей. А таксама артыкулы, паводле якіх абвінавачваецца, і ўсё гэта без запінкі.
За затрымку паабяцаў жорсткае зьбіцьцё. Але падмануў. Білі ўсіх — і хто адказваў без затрымкі, і хто прасіў ня біць, і хто маўчаў. Білі наводмаш, бязьлітасна, пакуль цела глуха ня падала на зямлю.
Калі дайшла нашая з Вадзімам чарга, афіцэр аб’явіў, што на этапе сёньня „бэнээфаўцы“, аматары сьцягоў, і папрасіў для нас асаблівай увагі. Мяне пачалі праганяць праз калідор, у якім кожны стараўся трапіць па сьпіне дручком. Бегаў я тады хутка, таму трапляла іх менш за палову. Пасьля некалькіх прагонаў мяне папрасілі ісьці пешкі, а пасьля проста павалілі на падлогу жыватом на зямлю і, садраўшы верхнюю частку вопраткі, пачалі „маляваць“ на сьпіне бел-чырвона-белы сьцяг.
Я тады яшчэ трымаў распачатую ў Стоўпцах галадоўку, таму перад вачыма паплыло, і я страціў прытомнасьць. Апрытомнеў у іншым калідоры, куды мяне, відаць, перанесьлі, папрасілі падняцца і зрабіць расьцяжку. Атрымлівалася ня вельмі, і таму білі зноў».
«Білі, пакуль у іх былі сілы і настрой»
Аляксей Шыдлоўскі кажа, што ў нечым яму «пашанцавала», бо пасьля рэанімацыі яго перавялі ня ў камэру СІЗА, а ў турэмны шпіталь.
«Там умовы ўтрыманьня лепшыя, і садыстаў туды не пускалі. Два месяцы я адлежваўся, пакуль не загадалі ісьці назад у пекла.
Камэру нашую білі па некалькі разоў на тыдзень. Плянава, без шаленства, як па гадзіньніку. Ні за што. Выводзілі ўсіх на калідор на расьцяжку і білі, пакуль у іх былі сілы і настрой. У камэры ў гэты час нішчылі нашыя асабістыя рэчы, залівалі падлогу вадою ў некалькі сантымэтраў і пасьля сваёю зубною шчоткаю прымушалі гэтую мокрую падлогу драіць. Ніякай лёгікі выхаваньня ў гэтым не было. Не было маралі, што мы павінны зрабіць, каб ня білі. Быў адзін голы садызм і ашалелыя ад асалоды вочы „воінаў“, якія ўчора скончылі вясковую школу, а сёньня атрымалі абсалютную ўладу над іншымі людзьмі.
Пасьля было яшчэ шмат чаго. Карцар, дзе забаранялі па 16 гадзін сядзець. Ці азярцо з памыяў ужо ў зоне, якое прымушалі вычэрпваць дзіравай шайкай і пераносіць у іншае месца. Каб пасьля іншы атрад пераносіў яго назад.
Усё, што спачатку здавалася дрэнным сном, пасьля стала звыклым і штодзённым. І выветрылася толькі празь некалі месяцаў пасьля вяртаньня на свабоду ў 1999 годзе».
«Па некалькі хвілінаў кожнага малацілі дубінкамі»
Падчас «Маршу свабоды» ў Менску 17 кастрычніка 1999 году адбыліся бойкі дэманстрантаў зь міліцыяй і масавыя затрыманьні. Алесь Бяляцкі кажа, што тады «Вясна» атрымала сама меней 16 заяваў пра катаваньні.
Актывіст беларускай дыяспары, стваральнік інтэрнэт-рэсурсу siabry.org Павал Кірылёнак быў адным з затрыманых у той дзень, але са скаргамі нікуды не зьвяртаўся. «Мяне вельмі добра запалохалі — бо сказалі, што абавязкова будзе працяг, крымінальная справа. У выніку так і адбылося — праз гэтую крымінальную справу мне і давялося зьехаць».
Кірылёнак расказвае, што адразу пасьля затрыманьня, у аўтазаку, у разьлічаны на аднаго так званы «стакан» (на міліцэйскім жаргоне) саджалі па 3–4 чалавекі. «Гадзіну ў такім стане вазілі па ўсім Менску, падбіралі яшчэ нейкіх людзей. Потым недзе 4 гадзіны ў РАУС без вады і прыбіральні. А не кармілі фактычна тры дні ад моманту затрыманьня. Папіць за два з паловай дні атрымлівалася толькі тады, калі раз на дзень на хвіліну давалі схадзіць у прыбіральню».
Калі людзей павезьлі на Акрэсьціна, уначы перад судом АМАП зьбіваў кожнага дубінкамі па некалькі хвілін, кажа Кірылёнак.
«Да ўсіх затрыманых ставіліся як да тых, хто нападаў на міліцыю.
Білі амаль усіх аднолькава — па нырках, па нагах, па сьпіне. Але калі я ўжо быў на Акрэсьціна, недзе празь дзень да нас у камэру прывялі хлопца зь „Белага Легіёну“ — па ім адразу было відаць, як моцна ён пабіты, у тым ліку і па твары. Яму дасталася больш, чым астатнім.
Перад тым як разьмеркавалі па камэрах на Акрэсьціна, была вельмі прыніжальная працэдура, калі ўсіх пашыхтавалі ў калідоры і некалькі гадзін быў надгляд. Зазіралі літаральна ва ўсе дзіркі. А потым трэба было яшчэ хадзіць па калідоры паўпрыседам і стаяць у нейкіх абсалютна ненатуральных позах. Калі стаіш так амаль гадзіну, дык здаецца, што зараз упадзеш. Пра ўсе гэтыя дэталі я чытаў і наконт цяперашніх затрыманьняў».
«Спраўляць патрэбы даводзілася фактычна пасярод пакою»
Павал Кірылёнак кажа, што ўмовы на Акрэсьціна ў 1999 годзе таксама можна назваць катаваньнямі:
«У камэрах не было ніякіх ложкаў ці матрацаў — замест іх быў нейкі драўляны памост. На яго зьмяшчалася толькі палова з тых прыблізна 15 чалавек, што былі ў камэры ў першыя дні.
Каля дзьвярэй была нічым не агароджаная дзірка ў падлозе на невялікім узвышэньні. Спраўляць патрэбы даводзілася фактычна пасярод пакою на вачах ва ўсіх прысутных. Сьвятло не выключалася — лямпачка міргала ўсю ноч і не давала спаць. Душ — раз на тыдзень».
«Засунуў мне ў рот паліцэйскую дубінку»
Алесь Бяляцкі ў гутарцы з Радыё Свабода працытаваў некалькі заяваў затрыманых пасьля «Маршу свабоды», якіх зьбівалі ў міліцэйскіх аўтобусах, калі перавозілі з Савецкага і Партызанскага РАУСаў. Вось урывак са сьведчаньняў Уладзімера Чарнова, які ў 1999 годзе быў ужо ў сталым веку:
«На кучу з нашых целаў закінулі дзьвюх маладых жанчын і, пагражаючы ім згвалтаваньнем і аральным сэксам, запатрабавалі ад іх сьпяваць песьню „В траве сидел кузнечик“, потым „Солнечный круг“. Зьбітыя і спалоханыя жанчыны пачалі сьпяваць, але вельмі слаба, тады яны пачалі тыцкаць у іх дручкі. Мужчын прымушалі падпяваць, але ніхто ня мог празь зьбіцьцё сьпяваць. У прыватнасьці, яны пачалі патрабаваць, каб я падпяваў, але я ня мог. Тады адзін амапавец на імя Ігар сказаў, што мы зараз табе зробім, і яны ўтрох пачалі выломліваць рукі, а гэты Ігар засунуў мне ў рот паліцэйскую дубінку і пачаў пракручваць у роце да таго часу, пакуль не перакрыў мне паветра і я пачаў траціць прытомнасьць ад удушша. Пасьля чаго мяне ўдарылі нагой у лоб, і я на час страціў прытомнасьць».
Заява Ўладзімера Чарнова завяршаецца тым, што ён быў асуджаны на працягу 5 хвілін без адваката і абаронцы.
«Мы бачым тую ж самую парадыгму дзеяньняў з боку амапаўцаў, — кажа Алесь Бяляцкі. — І тады ж адбывалася такая самая судовая „карусэль“».
У адным з тагачасных зваротаў таксама згадваўся цяперашні камандзір Менскага АМАПу Дзьмітры Балаба, які ў 1999 годзе камандаваў узводам.
«Цярпелі і маўчалі амаль усе»
Алесь Бяляцкі тлумачыць, што большая частка інфармацыі пра гвалт супраць затрыманых і зьняволеных не даходзіць да праваабаронцаў. Ахвярамі часта робяцца людзі са слаба абароненых групаў, тыя ж бяздомныя. «Гэтыя людзі ня могуць сябе абараніць — і ў іншых пытаньнях, і ў гэтым таксама».
Аляксей Шыдлоўскі кажа, што пасьля зьняволеньня часта задаваўся пытаньнем: адкуль гэта ў нашых людзей?
«Гэта не былі іншаземныя найміты, якія катавалі сваіх суайчыньнікаў па турмах, а свае вясковыя хлопцы. Але, відаць, у той страшнай сыстэме, якая засталася з 1930-х, сваіх ужо няма. Трапляючы туды, ты становісься вінцікам. Калі ня будзеш круціцца, сам трапіш пад кувалду сыстэмы.
Мне падаецца, зьмяніць гэта можна было на пачатку 1990-х. Жыхары Стоўпцаў ведалі, а часам, я думаю, і чулі ўжывую, як у нашым РАУС здабывалі прызнаньні. Усе гэтыя зламаныя дзьвярмі пальцы і паўпрыдушаныя шыі былі бачныя пасьля ў судзе. Але ж там былі злачынцы, большасьць зь іх сапраўды нешта скрала альбо некага забіла. Таму — няхай. Так, мне здаецца, думала большасьць.
І замест таго, каб пабудаваць прававую дзяржаву, дзе самы гнюсны мярзотнік будзе мець свае правы і абарону, мы стварылі монстра, для якога лёс чалавека ня значыць нічога. Так, мы. Бо цярпелі і маўчалі амаль усе. А ў 2020 годзе, калі большасьць паўстала, каб паказаць сваю прагу да свабоднага жыцьця, закасьцянелая сыстэма скінула маску лісьлівага прэсавага сакратара і паказала свой сапраўдны твар. Усьмешку з вусамі ці то Лукашэнкі, ці то Джугашвілі».
«Калі ёсьць загад ня біць, яны ня бʼюць»
Алесь Бяляцкі кажа, што асноўная віна за мяжу гвалту ляжыць на камандзірах, бо шарагоўцы выконваюць загад. «9 і 10 жніўня ў іх быў загад: ніякіх межаў! Гэтае бязьмежжа гвалту было ім дазволена зьверху... Калі ў іх ёсьць загад ня біць, яны ня бʼюць. Калі ёсьць загад біць, яны бʼюць».
Паводле Бяляцкага, відавочна, што загады ідуць з самага верху. «Самі амапаўцы пачуваюць сябе гэткай прэтарыянскай гвардыяй Лукашэнкі», — кажа ён. Той жа Ўладзімер Чарноў, які пісаў скаргу ў 1999 годзе, апісваў, як у адказ на ягоныя словы, што ён ведае людзей з кіраўніцтва Міністэрства ўнутраных спраў, пачуў ад амапаўцаў: яны прызнаюць толькі Лукашэнку.
«Цяпер ёсьць толькі бізун»
Што трэба будзе зрабіць новай уладзе, каб сыстэма катаваньняў не засталася нязьменнай? Алесь Бяляцкі, які сам правёў у зьняволеньні амаль тры гады, лічыць, што праваахоўныя органы і сыстэму выкананьня пакараньняў трэба «разьбіраць і зьбіраць па новай».
Ён тлумачыць, што туды павінны прыйсьці новыя людзі зь іншай падрыхтоўкай і новай устаноўкай, бо цяпер асноўная задача супрацоўнікаў — «ператварыць людзей у быдла»: зрабіць жыцьцё зьняволеных як мага цяжэйшым і разбурыць чалавечую асобу.
«Сыстэма павінна даваць шанец на выпраўленьне, магчымасьці, каб чалавек зразумеў і пачаў будаваць нешта новае. Цяпер гэтага няма — ёсьць толькі бізун».