Што з крымінальнай справай пасьля сьмерці ўнутры пэнітэнцыярнай сыстэмы?
Справы няма. Ідзе праверка. Яе вядзе Сьледчы камітэт Магілёўскай вобласьці, а канкрэтна падпалкоўнік Павал Старыкаў.
Што ведаюць родныя Вітольда пра ход праверкі?
Нічога. Першыя некалькі месяцаў брат Андрэй Ашурак рэгулярна званіў сьледчаму. Той адказваў, што не гатовыя экспэртызы. Апошняя гутарка адбылася 6 жніўня 2021 году. Тады Андрэй задаў Старыкаву нязручныя пытаньні, чаму, прыкладам, у Вітольда была забінтаваная галава. Больш Старыкаў на тэлефанаваньні не адказваў.
У лістападзе Андрэй паслаў запыт на інфармацыю ў Сьледчы камітэт і пракуратуру. Адказ з СК прыйшоў сёлета ў лютым. У ім гаворыцца, што брат не зьяўляецца законным прадстаўніком Вітольда і ня мае права ведаць пра ход праверкі.
«Сказалі, што я ніхто, проста стаяў і курыў», — сумна ўсьміхаецца Андрэй.
Ён абураецца тым, што пра канец праверкі і заведзеную справу дагэтуль нічога не чуваць.
«Няўжо экспэртызы не гатовыя за год? Што вы верзяце? За каго вы нас прымаеце?» — кажа ён.
Што думаюць родныя пра рэальныя прычыны сьмерці?
Яны мяркуюць, што Вітольда білі перад сьмерцю і слаба кармілі.
«Я ня думаю, што быў загад забіць. Гэта бязглузда, нелягічна. Проста за працай былі спэцыялісты-садысты, якім біць — гэта любімы занятак. Яны перастараліся і забілі», — разважае Андрэй Ашурак.
Ён успамінае, як на ягоных «сутках» у 2020 годзе ахоўнік патлумачыў яму, што вязьні «мусяць адчуць» усю нязручнасьць зьняволеньня.
Андрэй Ашурак мяркуе, што сьмерць ягонага брата ўратавала жыцьцё іншым вязьням, бо цяпер турэмшчыкі асьцерагаюцца закатоўваць людзей да сьмерці. Пра гэта ж пісаў са шклоўскай калёніі палітвязень Павал Севярынец.
Што са сваякамі Вітольда?
Брат Андрэй зь сям’ёй, а таксама некаторыя сябры Вітольда выехалі зь Беларусі летась у сьнежні, бо іх папярэдзілі пра імаверны арышт. Андрэй Ашурак думае, што ён перашкаджаў беларускаму рэжыму тым, што намагаўся даведацца праўду пра сьмерць брата.
«Я не такі чалавек, каб калі мяне не пасадзіць, то ўсё прапала ў іх. Не, вядома. Проста, калі ўпарта шукаць праўду, прыйдзе момант, калі скажуць: «Хлопцы, заткніце яго неяк, любым спосабам», — мяркуе Андрэй Ашурак.
Удава Вітольда Вольга і маці Алена Міронаўна застаюцца ў Бярозаўцы. Маці нядаўна споўнілася 84 гады, здароўе ейнае за год не пагоршылася.
Хто даглядае пахаваньне Вітольда?
«Уся Бярозаўка даглядае, напэўна», — кажа Андрэй Ашурак.
На магілу хтосьці рэгулярна прыносіць сьвежыя кветкі. Амаль штодня на могілкі ходзіць маці. Пасьля гадавіны сьмерці ўдава плянуе паставіць помнік на магіле.
На якія рэчы варта зьвярнуць увагу ў абставінах сьмерці Вітольда Ашурка?
Цела аддалі з забінтаванай галавой «ад макаўкі да носа». У моргу гэта патлумачылі тым, што ўдарылі нябожчыка, дастаючы зь лядоўні. Пазьней Сьледчы камітэт заявіў, што Вітольд упаў і ўдарыўся галавой аб трубу ў прыбіральні.
Афіцыйна называлі розныя прычыны сьмерці. 21 траўня па тэлефоне жонцы ў калёніі сказалі, што ў Вітольда спынілася сэрца. 25 траўня, калі аддалі цела і стала вядома пра забінтаваную галаву, СК паказаў відэа з падзеньнямі і ўдарам галавой аб трубу. У заключэньні аб сьмерці прычына сьмерці не пазначаная.
Не аказалі належнай мэдычнай дапамогі. Вітольд падаў перад сьмерцю некалькі разоў, як вынікае зь відэа СК. Пасьля першага падзеньня, імаверна 20 траўня, яму заклеілі лоб плястырам і пакінулі аднаго ў камэры, але не перавялі ў мэдчастку і не абсьледавалі. Потым патлумачылі гэта тым, што ён нібыта сам адмовіўся.
Давялі да таго, што Вітольд падаў. Незалежная экспэртка Надзея Гурманчук раней выказвала думку, што такі стан маглі выклікаць некаторыя рэчывы ў арганізьме. Блізкія мяркуюць, што Вітольда маглі біць і не карміць у апошнія дні перад сьмерцю.
Перад сьмерцю Вітольд моцна схуднеў, стаў «як падлетак», адзначала маці. Труну зь ім лёгка падымалі двое мужчын. Прычым падчас суду ў студзені і апошняга спатканьня з братам у красавіку ён выглядаў значна лепш — як чалавек, якому хапае ежы.
Вітольд памёр у машыне «хуткай дапамогі», якая так і ня выехала з тэрыторыі калёніі. Гэта вынікае з запісаў у журнале калёніі, якія апублікавалі расьсьледнікі. Паміж прыездам «хуткай» і клінічнай сьмерцю прайшло 20 хвілін. Незразумела, навошта было марнаваць час на перанос пацыента ў машыну, а не праводзіць рэанімацыйныя мерапрыемствы на месцы.
Зьнік дзёньнік, пра які Вітольд пісаў у лістах сябрам і ў якім ён апісваў свой штодзённы побыт у турме.
У апошнім лісьце сяброўцы ад 25 красавіка Вітольд паведаміў пра жоўтыя нашыўкі на адзеньні, якія абавязаныя былі насіць «палітычныя». У гэтым жа лісьце ўпершыню не было ягонай традыцыйнай фразы «Жыве Беларусь!», якую прапускалі ўсе іншыя цэнзары.
Вечар памяці Вітольда Ашурка пачнецца 21 траўня ў Беларускім доме ў Варшаве (вуліца Крынічная, 6) а 18-й гадзіне. На ім Андрэй Ашурак упершыню зачытае апошняе слова Вітольда ў судзе, сябры падзеляцца ўспамінамі пра Вітольда, засьпявае музыка Алесь Дзянісаў.
Хто такі Вітольд Ашурак
- Вітольд Ашурак — палітычны і грамадзкі актывіст. Сябар партыі БНФ, абласны каардынатар руху «За свабоду». Жыў і працаваў у Бярозаўцы (Лідзкі раён). Нарадзіўся 13 кастрычніка 1970 году. Памёр 21 траўня 2021-га ў папраўчай калёніі № 17.
- Прыйшоў у палітыку пасьля Плошчы-2010 і арышту пасьля яе. Тады ж перайшоў на беларускую мову. Неаднойчы балятаваўся ў мясцовыя дэпутаты і парлямэнт. Ні разу туды ня трапіў.
- Падымаў экалягічныя пытаньні, у тым ліку пра забруджваньне паветра шклозаводам «Нёман» у Бярозаўцы, забруджваньне рэк Дзітва і Нёман, якое выклікала паморак рыбы. Выходзіў на акцыі і адзіночныя пікеты. Яго ня раз затрымлівалі і штрафавалі.
- Разам з паплечнікамі ўшаноўваў мясьціны паўстанцаў Каліноўскага на Горадзеншчыне і Берасьцейшчыне, ставіў каліноўцам помнікі і крыжы. Удзельнічаў у цырымоніі перапахаваньня паўстанцаў Каліноўскага ў Вільні ў 2019 годзе.
- Ашурак стаў лідэрам пратэстаў у Лідзе падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году. 9 жніўня да Лідзкага райвыканкаму прыйшлі тысячы чалавек, незадаволеныя агучанымі вынікамі галасаваньня. Вітольд у той вечар і раней заклікаў усіх да мірнага вырашэньня пытаньня.
- Актывіста затрымалі ўвечары 9 жніўня і асудзілі на 20 сутак: 15 за ўдзел у «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве», 5 дадалі за «непавагу да суду», бо Вітольд ня ўстаў, калі ўвайшоў судзьдзя. Яго выпусьцілі празь 5 дзён, калі сталі выпускаць усіх «палітычных». На плошчу ў Лідзе яго прывёз на сваёй машыне сам начальнік Лідзкага РАУС.
- Паўторна Ашурка затрымалі 19 верасьня 2020 году. Ён мусіў адбыць прыпынены арышт (15 дзён), яшчэ 15 сутак далі за тыя акцыі, на якія ён хадзіў у жніўні і верасьні.
- Празь месяц яго ня выпусьцілі з ізалятара. На Вітольда завялі дзьве крымінальныя справы за падзеі 9 жніўня: за «арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (артыкул 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі) і за тое, што нібыта ўдарыў каленам у жывот міліцыянта Антона Кацілу (артыкул 364 КК Беларусі).
- Суд праходзіў у Лідзе ў закрытым рэжыме. Судзьдзя Максім Філатаў 18 студзеня 2021 году асудзіў Ашурка на 5 гадоў калёніі. Таксама актывіст мусіў выплаціць 1000 рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды пацярпеламу міліцыянту Кацілу.
- Вітольд Ашурак быў прызнаны палітвязьнем.
- 21 красавіка Ашурка перавялі з горадзенскай турмы ў шклоўскую калёнію. Цягам месяца ад яго амаль не было лістоў, хаця перад гэтым лісты сябрам і сваякам ад яго прыходзілі часта. У адным з апошніх ягоных лістоў упершыню не было фразы «Жыве Беларусь!», якой ён завяршаў кожны ліст.
- 21 траўня родным паведамілі са шклоўскай калёніі, што Вітольд Ашурак памёр ад «спыненьня сэрца».
- Цела аддалі сваякам празь 5 дзён. Галава «ад макаўкі да носу» была забінтаваная. У магілёўскім моргу патлумачылі гэта тым, што цела нібыта ўдарылі галавой, калі вымалі зь лядоўні. У дакумэнтах прычына сьмерці Ашурка не названая.
- У той жа вечар зьявілася змантаванае зь некалькіх кавалкаў відэа Сьледчага камітэту, на якім нібыта апошнія моманты жыцьця Ашурка. Відаць чалавека ў пустой камэры ў робе з надпісам «ШИЗО». Ён стаіць, хістаючыся, а потым двойчы падае, б’ецца галавой. Супрацоўнік турмы перабінтоўвае яму галаву пасьля першага падзеньня і зноў пакідае аднаго ў камэры. Са словаў Сьледчага камітэту, Ашурак адмовіўся ад шпіталізацыі.
- Сваякі думаюць, што Вітольда забілі ў калёніі.
- Вітольда пахавалі на бярозаўскіх могілках пад бел-чырвона-белым сьцягам і з гімнам «Магутны Божа». Крымінальную справу па факце сьмерці Вітольда Ашурка не завялі.