Дывэрсіі на інфраструктуры Беларускай чыгункі пачаліся неўзабаве пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну 24 лютага. Тэрыторыя Беларусі і Беларуская чыгунка актыўна выкарыстоўвалася расейскімі войскамі для перавозак тэхнікі, боепрыпасаў і жывой сілы. Адразу ў некалькіх месцах краіны невядомыя пашкодзілі рэлейныя шафы — абсталяваньне, якое аўтаматызуе рух цягнікоў. У выніку адбыліся збоі ў руху эшалёнаў.
Дывэрсіі выклікалі рэзкую рэакцыю з боку ўладаў. Нейкі час перагоны патрулявалі нарады АМАПу і ўнутраных войскаў. Пачаліся масавыя затрыманьні чыгуначнікаў, аднак дывэрсіі гэта не спыніла.
Першых «рэйкавых партызанаў» затрымалі празь некалькі тыдняў пасьля пачатку дывэрсій. На гэты момант праваабаронцам вядома пра больш як дзесяць такіх абвінавачаных. У адну з раскрытых груп уваходзілі тры жыхары Сьветлагорску, якія ніяк не былі зьвязаныя з чыгункай — Дзяніс Дзікун, Дзьмітры Равіч і Алег Малчанаў. Брат Дзяніса Дзікуна Дзьмітры ў размове са Свабодай расказаў, што расьсьледаваньне справы ўсіх траіх ужо практычна завяршылі і неўзабаве матэрыялы могуць перададуць у суд.
«Баюся, што працэс будзе паказальным»
«На гэтым тыдні справу сьледчыя зьбіраюцца перадаваць у пракуратуру, — гаворыць Дзьмітры. — Атрымліваецца, што сьледзтва ўжо скончанае. Баюся, што працэс будзе паказальным».
Дзьмітры расказвае, што перашкод у перапісцы ягонаму брату сілавікі не чынілі. Да Дзяніса даходзяць лісты, яму нават дазволілі спатканьне зь сястрой і нявестай. Утрымліваюць Дзяніса Дзікуна ў гомельскім СІЗА. Зараз яго стан здароўя здавальняючы. Адразу пасьля затрыманьня было іначай, расказвае брат «рэйкавага партызана».
«На так званым „пакаяльным“ відэа відаць, што ў брата разьбіты твар, — гаворыць Дзьмітры. — Апухлае вока, апухласьць на падбародзьдзі. За дзень да затрыманьня мы ўвечары размаўлялі (па відэасувязі. — РС). Я бачыў, як ён выглядаў. У яго на твары не было нават драпін. Ён нармальна адчуваў сябе. Яшчэ ведаю, што, калі яго вялі па РУУС, то брат кульгаў. Яго бачылі іншыя людзі. Дзяніс трымаўся за бок, меў пабіты твар».
Траіх «рэйкавых партызанаў», паводле інфармацыі праваабаронцаў «Вясны», абвінавачваюць паводле артыкулу 289 КК («Акт тэрарызму»). Вядома таксама, што ў матэрыялах справы ёсьць адзін эпізод падпалу рэлейнай шафы ля чыгункі.
«Ніколі актыўна ў пратэстах ня ўдзельнічаў»
Па словах Дзьмітрыя Дзікуна, ягоны брат Дзяніс у 2020 годзе не ўдзельнічаў у пратэстах. З усёй іхнай сям’і толькі сам Дзьмітры быў на акцыях, актыўна выказваў сваю пазыцыю пасьля выбараў 9 жніўня 2020 году.
Дзяніс нарадзіўся ў 1992 годзе, займаўся спортам. Езьдзіў на заробкі ў Расею. Ён мае спэцыяльнасьць токара, працуе на станках. Шмат дапамагаў сястры зь бізнэсам, яна мае краму ў Сьветлагорску. Некалі меў свой пункт на рынку, адкрываў ІП.
«Брат пастаянна займаўся спортам, хадзіў у залю, — працягвае Дзьмітры. — Калісьці футболам вельмі шчыльна займаўся, ён моцна любіць футбол. Актыўна ў пратэстах ён ня ўдзельнічаў ніколі. Але ў Беларусі кожны разумны чалавек бачыць, што адбываецца. Нехта актыўна ўдзельнічае (у пратэстах. — РС), хтосьці неяк па-іншаму. Брат усё выдатна ведаў, што ў краіне адбываецца».
Па словах Дзьмітрыя, з братам падзеі «рэйкавай вайны» яны не абмяркоўвалі. Цяпер ён лічыць, што прычынай, якая магла паўплываць на рашэньне Дзяніса Дзікуна актыўна дзейнічаць, стала вайна Расеі супраць Украіны.
«Яны не сядзелі на месцы, як «канапавыя войскі»
«У Сьветлагорску затрымалі трох чалавек, — працягвае Дзьмітрый. — І, як я разумею, людзі ведалі, што ўся расейская тэхніка едзе на поўнач Украіны празь Беларусь. Што для гэтага выкарыстоўваецца чыгунка. Яны хацелі хаця б неяк дапамагчы Украіне, спыніць гэтую тэхніку, каб яна далей не праходзіла. У справе „рэйкавых партызанаў“ праходзяць 11 чалавек. Зараз будуць судзіць першых трох. Для мяне гэтыя людзі — героі. Яны не сядзелі на месцы, як „канапавыя войскі“. Паспрабавалі хаця б нешта зрабіць».
Дзьмітры гаворыць, што затрыманьні брата і іншых абвінавачаных былі раптоўнымі. Яны адбыліся ранкам 4 сакавіка. Дзяніса Дзікуна затрымлівалі разам зь Дзьмітрыем Равічам — гэта муж роднай сястры Дзікуноў Натальлі. Пра затрыманьне Алега Малчанава, бацькі нявесты Дзяніса Дзікуна, вядома менш. Дзьмітры кажа, што на відэа затрыманьня Малчанава няма, што ў РУУС яго прывезьлі пазьней.
«Падчас затрыманьня брата адбылася невялікая блытаніна, — расказвае Дзьмітры. — Сілавікі нейкі час думалі, што затрымалі мяне, а не Дзяніса. Мы вельмі падобныя зь ім. Калі да нас дадому прыяжджалі сілавікі ў 2020 і 2021 гадах, яны блыталі нас. Пасьля затрыманьня яны яшчэ некалькі гадзін думалі, што затрымалі мяне, а не Дзяніса».
«Сьледчых ганялі, каб яны хутчэй скончылі справу»
Дзьмітры кажа, што ўсе трое абвінавачаных у дывэрсіях на чыгунцы былі знаёмыя паміж сабой даўно. Дзяніс Дзікун да арышту шмат гадоў жыў разам зь дзяўчынай. У Дзьмітрыя Равіча дзьве малыя дачкі, адна ходзіць у школу, другая толькі ў дзіцячы садок. Алег Малчанаў мае двух сыноў і дачку.
«Зараз я спрабую дапамагаць сям’і сам, — кажа Дзьмітрый. — Ці атрымліваюць брат і іншыя затрыманыя нейкую дапамогу ад незнаёмых людзей, я ня ведаю. Ня ведаю таксама, ці піша ім нехта. Чаму так хутка скончылася сьледзтва? Для мяне гэта загадка. Я чуў, што сьледчых падганялі пастаянна, каб яны хутчэй сканчалі справу. Гэта для мяне дзіўна і страшна».
Месца і дата пачатку судовага працэсу ў справе «рэйкавых партызанаў» пакуль невядомыя. Усіх іх утрымліваюць у СІЗА-3 Гомля, дзе судзілі Сяргея Ціханоўскага, Міколу Статкевіча, Ігара Лосіка і іншых абвінавачаных у той справе.