Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ежа будзе даражэйшай». Як дэфіцыт украінскага збожжа можа паўплываць на Беларусь


Збожжа. Ілюстрацыйнае фота
Збожжа. Ілюстрацыйнае фота

Беларусь раней завозіла збожжа зь іншых краін, у тым ліку з Украіны.

Вайна выклікае ўсё больш асьцярог, што ў сьвеце ўзьнікне дэфіцыт збожжа. Украіна — на сёмым месцы сярод вядучых пастаўшчыкоў пшаніцы ў сьвеце, Расея — на чацьвёртым. Глядзім, як гэта можа закрануць Беларусь.

У каго Беларусь раней купляла збожжа

Летась Беларусь закупіла збожжа на 157,1 мільёна даляраў, вынікае з дадзеных Белстату. На 51,1 мільёна даляраў Беларусь купіла пшаніцы. Найбольш закупілі ў Расеі — на 48,4 мільёна даляраў, у ЭЗ — на 2,4 мільёна даляраў.

Жыта для насеньня Беларусь летась закупіла на 3,6 мільёна даляраў, на 1,39 мільёна даляраў — ва Ўкраіне.

Ячменю Беларусь купіла летась на 25,1 мільёна даляраў, на 24 мільёна даляраў — у Расеі. Кукурузы Беларусь купіла летась на 58,1 мільёна даляраў, зь іх на 10,4 мільёна — ва Ўкраіне.

Як дэфіцыт збожжа можа паўплываць на Беларусь

Беларусь дэфіцыт збожжа закране ў выглядзе інфляцыі на спажывецкія тавары. Пра гэта гаворыць старшы навуковы супрацоўнік Beroc Леў Львоўскі.

«Беларусь — краіна, якая вырабляе шмат прадуктаў харчаваньня, так што галоднымі беларусы не застануцца. Асобныя віды тавараў могуць зьнікнуць. Напрыклад, піцу будуць рабіць не з мукі найвышэйшага гатунку, а горшай, будзе іншы смак. Нейкі падвід хлебабулачных вырабаў можа зьнікнуць. Ежа будзе даражэйшай, Беларусь сутыкнецца зь яшчэ большай інфляцыяй у цэнах на прадукты харчаваньня», — гаворыць Леў Львоўскі.

Інфляцыя будзе расьці, бо ў сьвеце стане менш збожжа, таму што Расея і Ўкраіна былі аднымі з асноўных вытворцаў зерня.

«Калі нейкага тавару становіцца меней, то цэны растуць. Любы вытворца выбірае, куды павезьці прадукт — у Беларусь, ці туды, дзе заплацяць больш. Можна абмежаваць вываз збожжа зь Беларусі, але туды ўсё адно прыйдзе цэнавы шок», — запэўнівае Леў Львоўскі.

Ці можа Беларусь сама сябе забясьпечыць збожжам?

У Беларусі ня самыя ўрадлівыя глебы. Да таго ж пасяўная збожжа ўжо скончылася, каб больш зямлі аддаць пад яго, зазначае Леў Львоўскі.

«Ужо позна, бо пляны па пасяўной ужо распрацаваныя. Некаторыя культуры добра растуць у Беларусі, і калі іх замяніць на збожжа, то беларусы проста абяднеюць, бо адмовяцца ад таго, што ў Беларусі добра расьце», — кажа Леў Львоўскі.

Паводле Белстату, у красавіку гадавая інфляцыя дасягнула 16,8%. Пры гэтым цэны ў гадавым вымярэньні на тавары павялічыліся на 19%, а на прадукты дасягнулі 18,6%.

Месячная інфляцыя ў красавіку склала 1,6%. За красавік прадукты падаражэлі на 3,9%. Нехарчовыя тавары ў красавіку прыбавілі ў цане на 0,7%, а платныя паслугі, паводле афіцыйнай статыстыкі, патаньнелі на 1,3%.

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.

20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG