Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Запоем чытаў навіны „русского мира“ і крычаў, што на Кіеў трэба скінуць ядзерную бомбу». Што за людзі кіруюць ГУБАЗіКам


Зьлева направа: Вячаслаў Арлоўскі, Мікалай Карпянкоў, Міхаіл Бедункевіч
Зьлева направа: Вячаслаў Арлоўскі, Мікалай Карпянкоў, Міхаіл Бедункевіч

Цягам апошніх двух гадоў Галоўнае ўпраўленьне МУС па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) пераўтварылася з малазаўважнай структуры, якая зрэдку зьяўлялася ў стужках з навінамі аб затрыманьні наркакур’ераў, у палітычную паліцыю, адказную за рэпрэсіі ў краіне.

Супрацоўнікі ГУБАЗіКу штодзённа затрымліваюць апанэнтаў рэжыму, прымушаючы іх здымацца ў пакаяльных відэа. Што за людзі кіравалі і кіруюць гэтай структурай? Пра гэта Свабода спытала ў былога начальніка другога аддзелу трэцяга ўпраўленьня ГУБАЗіКу Аляксандра Азарава, які цяпер уваходзіць у аб’яднаньне сілавікоў ByPol.

Мікалай Карпянкоў. «Лічыўся самадурам»

Мікалай Карпянкоў узначальваў ГУБАЗіК цягам шасьці гадоў (2014–2020). Яму 53 гады, родам зь Менску. Скончыў Ульянаўскую вышэйшую танкавую камандную вучэльню (1989). Пачынаў кар’еру ў якасьці вайскоўца.

Мікалай Карпянкоў
Мікалай Карпянкоў

У 1993 годзе трапіў у органы ўнутраных спраў Беларусі. Ад 1995 да 2003 служыў у службе аховы Лукашэнкі. Потым узначаліў спэцпадразьдзяленьне па барацьбе з тэрарызмам «Алмаз». Супрацоўнікі «Алмазу» ў 2006-м брутальна затрымлівалі Аляксандра Казуліна, а ў 2010-м адзначыліся пры зьбіцьці Ўладзімера Някляева і Міколы Статкевіча.

Вызвалены ад пасады 27 сьнежня 2010 году, праз восем дзён пасьля выбараў. Працаваў на розных пасадах у структуры МУС, у тым ліку ўзначальваў упраўленьне наркакантролю і супрацьдзеяньня гандлю людзьмі.

«Карпянкоў трапіў у апэратыўную службу досыць выпадкова, ён лічыўся „салдафонам“, — кажа Аляксандар Азараў. — Калі толькі прыйшоў у ГУБАЗіК, то прымушаў супрацоўнікаў займацца адзінаборствамі, арганізаваў адмысловыя стрэльбы, усе шмат бегалі-скакалі. Ён фанат спэцназу».

Былы супрацоўнік ГУБАЗіКу кажа, што Карпянкоў слаба разьбіраўся ў апэратыўнай рабоце, але паважаў тых, хто ў гэтым кеміў лепш за яго. Заўсёды прыслухоўваўся да добрых опэраў.

«Тыя, каго ён лічыў аўтарытэтамі, навязвалі яму свой парадак дня. Карпянкоў прымаў словы такіх людзей за чыстую манэту. У МУС яго лічылі самадурам. Яго не любіў былы першы намесьнік міністра Валянцін Міхневіч, сам міністар Ігар Шуневіч не любіў, бо Карпянкоў заўжды хадзіў у Раду бясьпекі бязь іх ведама. То бок скакаў праз галаву, у міліцыі так не прынята, ён ішоў не да свайго прамога начальніка Міхневіча, а мог ісьці да каго хацеў».

Аляксандар Азараў кажа, што Карпянкоў лічыўся фанатам «русского мира». Аднойчы падчас сьвяткаваньня 100-годзьдзя беларускай міліцыі ён зачытваў даклад, дзе пра беларускую старонку ў гісторыі міліцыі не было ані слова.

Мікалай Карпянкоў стаў шырока вядомы пасьля таго, як біў шкло ў дзьвярах кавярні O’Petit 6 верасьня 2020 году. Тады ён адзіны быў бяз маскі.

«Гэта быў дзень нараджэньня Карпянкова. У яго канчаўся кантракт, яго чакалі провады на пэнсію. І такім чынам ён зрабіў спробу ня проста застацца на пасадзе, але і пайсьці на павышэньне. Хацеў, каб яго заўважылі», — мяркуе Азараў.

Гэта ў Карпянкова атрымалася. У хуткім часе ён быў прызначаны намесьнікам міністра ўнутраных спраў, камандуючым унутранымі войскамі.

«Для яго Беларусь і Расея — гэта адзінае цэлае. Украінцаў ён лічыць фашыстамі, а праціўнікаў рэжыму — маргіналамі, якія праплачаныя Захадам», — расказвае Азараў.

Міхаіл Бедункевіч. «З кожнага заробку купляў кнігу пра расейскага цара»

Намесьнік начальніка ГУБАЗіКу, начальнік трэцяга ўпраўленьня Міхаіл Бедункевіч мае 44 гады, родам з Асіповічаў. Яго лічаць галоўным адказным за тое, што ГУБАЗіК пераўтварыўся ў палітычную паліцыю.

«Ён таксама фанат „русского мира“, хоць яго род паходзіць са старой беларускай шляхты. Раней яны былі каталікамі, але потым прынялі праваслаўе. Тым ня менш ён здрадзіў сваім караням, яго ўсё беларускае моцна раздражняе», — кажа Азараў.

Міхаіл Бедункевіч
Міхаіл Бедункевіч

Да партрэту Бедункевіча ён дадае той факт, што супрацоўнік ГУБАЗіКу ў 2014 годзе моцна перажываў за падзеі на Данбасе, калі там пачалася вайна.

«Ён запоем чытаў навіны „русского мира“, радаваўся, калі забівалі ўкраінцаў, крычаў, што на Кіеў трэба скінуць ядзерную бомбу. Бедункевіч любіць чытаць пра расейскіх цароў, купіў адмысловы набор кніжак. Казаў, што з кожнага заробку набывае новы томік», — расказвае Азараў.

У ByPol кар’ерны посьпех Бедункевіча зьвязваюць з удалым шлюбам — ён жанаты з пляменьніцай колішняга міністра ўнутраных спраў Уладзімера Данько. У 30 гадоў Бедункевіч стаў начальнікам упраўленьня ГУБАЗіКу.

«Ён добры опэр, але ня любіць працаваць па законе, а хоча зрабіць людзям як мага горш. Для яго на першым месцы стаяць асабістыя крыўды. У нас быў супрацоўнік, які падазраецца ў крадзяжы з сэйфу ГУБАЗіКу 270 тысяч даляраў. Ён пасьля гэтага зьехаў за мяжу. Гэты чалавек быў сябрам і земляком Бедункевіча. Замест таго каб весьці распрацоўку гэтай крымінальнай справы, Бедункевіч займаўся асабістай помстай — цкаваў сваякоў, хацеў атруціць курэй бабулі таго супрацоўніка, прынамсі дзяліўся такім плянам, але пры мне гэтага ўсё ж не зрабіў».

Былы супрацоўнік ГУБАЗіКу кажа, што да Бедункевіча заўжды прыслухоўваўся Карпянкоў.

«Гэта была ідэя Бедункевіча — перасьледаваць пратэстоўцаў. Агульны настрой у ГУБАЗіКу тады быў: калі пераможа народ, то будзем працаваць з народам. Але Бедункевіч усё ініцыяваў і ініцыяваў рэпрэсіі».

Міхаіл Бедункевіч, са словаў былога калегі, імкнуўся браць ад службы ўсё па максымуме, карыстаўся сваім становішчам.

«Супрацоўнікі куплялі для яго будаўнічыя матэрыялы, потым перавозілі на службовым аўто, дапамагалі рабіць рамонт. Вазілі жонку і дзяцей па асабістых справах, але Бедункевічу ўсё гэта заўжды сыходзіла з рук», — кажа Азараў.

Ігар Луневіч. «Здаваць людзей — яго сутнасьць»

Начальнік другога аддзелу трэцяга ўпраўленьня ГУБАЗіКу. Мае 40 гадоў.

«Гэты чалавек быў маім намесьнікам. Яго найперш цікавіць кар’ерны рост, ён гатовы даносіць на ўсіх, каб падняцца па службе. На ўсіх нарадах цокаў абцасамі: „Дазвольце выконваць“. Бедункевіч на гэта адказваў: „Малайчынка, добры супрацоўнік“. „Вінаваты, выпраўлюся“, — гэта другая ягоная любімая фраза. Аднойчы быў выпадак, калі раздавалі ўзнагароды ў ГУБАЗіКу, то Луневіч так чаканіў крок, што ўся заля засьмяялася».

Ігар Луневіч
Ігар Луневіч

Пры гэтым Азараў кажа, што Луневіч імкнецца пазьбягаць публічных канфліктаў, а наадварот, лічыць за лепшае сядзець ціха.

«Мне ён заўжды казаў, каб ні з кім не сварыўся. А калі ёсьць нейкі канфлікт, каб купіў бутэльку гарэлкі і ішоў мірыцца. Здаваць людзей — гэта яго сутнасьць. Некалькі разоў было, калі зьліваў інфармацыю, якую мог ведаць толькі ён. Ён халерык, любіць рух, ня можа сядзець на адным месцы».

Пасьля пэўнага часу працы ў ГУБАЗіКу Луневіч перайшоў у самую сакрэтную службу МУС — Дэпартамэнт выкананьня апэратыўна-вышуковай дзейнасьці (ДВАВД), але ў хуткім часе зноў вярнуўся ў ГУБАЗіК, хоць і страціў у пасадзе.

«Яго доўга не хацелі браць назад, казалі, што ён здрадзіў службе. Луневіч казаў, што яму не падабаецца сядзець у кабінэце, а хочацца езьдзіць на вобшукі, затрыманьні. Толькі нядаўна даведаўся, што ён не спрацаваўся з начальнікам ДВАВДу Іванам Падгурскім, які даў яму час для пошуку новай працы. Падгурскі нават не паглядзеў на тое, што калісьці працаваў разам з бацькам Луневіча. Таму ён і папрасіўся назад».

Вячаслаў Арлоўскі. «Стараліся лішні раз яму руку ня ціснуць»

Начальнік аддзелу ГУБАЗіКу, 42 гады. Менавіта ён часьцей за астатніх супрацоўнікаў Упраўленьня агучвае тыя ці іншыя новаўвядзеньні, якія ініцыяваў ГУБАЗіК.

Вячаслаў Арлоўскі
Вячаслаў Арлоўскі

«Ён працаваў у цэнтральным апараце МУС ва ўпраўленьні прававога забесьпячэньня. Займаўся распрацоўкай заканадаўчых актаў, унутраных інструкцый, загадаў. Ён граматны супрацоўнік, яго заўважыў і забраў да сябе Карпянкоў. Быў опэрам у 1-м упраўленьні, але працай опэра не займаўся ніколі. Працаваў над унясеньнем зьменаў у законы па тэрарызьме, экстрэмізьме, паправак у Крымінальны кодэкс», — кажа Аляксандар Азараў.

Былы супрацоўнік ГУБАЗіКу кажа, што Арлоўскага з Карпянковым зьвязвае крэпкае сяброўства.

«Карпянкоў пастаянна адпраўляў Арлоўскага ў замежныя паездкі, нават не зьвязаныя зь яго працай. Напрыклад, ён пастаянна езьдзіў у Македонію на канфэрэнцыі па ўзбраеньні. Іншыя супрацоўнікі глядзелі на гэтае сяброўства са зьдзіўленьнем. Увогуле ў ГУБАЗіКу Арлоўскаму стараліся лішні раз руку ня ціснуць. Я неяк дапамагаў яму з атрыманьнем візы, дык на мяне таксама коса пазіралі».

Азараў кажа, што Арлоўскі граматна працуе з дакумэнтамі. Някепска гаворыць на камэру, таму менавіта яго абралі быць «гаварушчай галавой ад ведамства».

«Быў цікавы выпадак, калі падчас пратэстаў Арлоўскі казаў, што склаў трывожны чамаданчык і ў выпадку чаго хуценька паедзе ў Расею».

Дзьмітры Ковач. «Рэпутацыя мажора-карупцыянэра»

Першы намесьнік кіраўніка ГУБАЗіКу, начальнік першага ўпраўленьня. Мае 43 гады, родам зь Ялізава Асіповіцкага раёну.

«У ГУБАЗіКу ўсе пра яго казалі, што карупцыянэр. Ён апранаўся заўжды з іголачкі, хадзіў толькі ў дарагіх брэндавых рэчах. Машыны ў яго таксама былі дарагія, часта мяняў. На яго глядзелі як на мажора-карупцыянэра. Па працы ня ведаю, каб ён нешта раскрываў», — кажа Азараў.

Аляксандар Алёкса. «Лічыўся шэрым кардыналам»

Начальнік першага аддзелу трэцяга ўпраўленьня ГУБАЗіКу, якое займаецца супрацьдзеяньнем экстрэмізму ў радыкальных групах. Узрост — 44 гады.

«Ён займаўся футбольнымі фанатамі. Датычны да іх затрыманьня. Расправа над анархістамі — таксама ягоных рук справа. Яго аддзел ідэнтыфікаваў па тварах людзей, якія выходзілі на вуліцы».

Азараў кажа, што Алёкса таксама падтрымлівае ідэі «русского мира», але робіць гэта ня так яўна, як Карпянкоў і Бедункевіч.

«Яго яшчэ называлі „шэрым кардыналам“, ён мае ўплыў на Бедункевіча, умее да яго падысьці. Алёкса стараецца нідзе не сьвяціцца, але шмат чым кіруе», — кажа Аляксандр Азараў.

Зьвесткі, зьмешчаныя ў матэрыяле, ананімна пацьвердзіў яшчэ адзін былы супрацоўнік ГУБАЗіКу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG