Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад танкіста да намесьніка міністра. Гісторыя карʼеры Мікалая Карпянкова


Мікалай Карпянкоў
Мікалай Карпянкоў

Кар’ера камандуючага ўнутранымі войскамі зрабіла моцны скачок за апошні год, аднак працаваць дзеля гэтага Мікалай Карпянкоў пачаў яшчэ ў сярэдзіне 90-х.

Імя Мікалая Карпянкова даўно пачало зьяўляцца ў СМІ. Шырокую вядомасьць ён атрымаў пасьля таго, як у верасьні 2020-га ўласнаручна біў шыбу ў кавярні O’Petit на менскай Нямізе. З таго часу Карпянкоў вызначыўся шэрагам гучных заяў, а таксама атрымаў падвышэньне да камандзіра Унутраных войскаў МУС. Свабода згадвае, з чаго пачыналася кар’ера Мікалая Карпянкова.

Танкіст

Мікалай Карпянкоў нарадзіўся ў Менску ў 1968 годзе.

Вучыўся ў менскай сувораўскай вучэльні, якую ў той час узначальваў герой Савецкага Саюзу, славуты танкіст Фёдар Рудзкі. Ці паўплывала гэта на выбар будучай вайсковай прафэсіі Мікалая Карпянкова, сказаць складана. Аднак адразу пасьля заканчэньня вучобы 17-гадовы Карпянкоў паступіў ва Ўльянаўскую танкавую вучэльню, якая рыхтавала для Савецкай арміі камандзіраў танкавых войскаў. Цяпер яе ўжо не існуе, але ў савецкі час гэтая навучальная ўстанова лічылася найлепшым месцам для падрыхтоўкі афіцэраў танкавых войскаў.

Ульянаўскую вучэльню Мікалай Карпянкоў скончыў незадоўга да распаду СССР, у 1989 годзе. Маладога афіцэра накіравалі служыць на радзіму, у Менск, у раскватараваную ва Ўруччы 120-ю мотастралковую дывізію. На яе ўзбраеньні былі і танкі, таму ведам 21-гадовага Мікалая Карпянкова можна было знайсьці месца.

Распад СССР і незалежнасьць Беларусі Карпянкоў сустрэў акурат на вайсковай службе ва Ўруччы. Аднак у 1993 годзе ён пакінуў войска і пайшоў на працу ў міліцыю.

Спэцназавец

Пакінуўшы службу ў войску, Мікалай Карпнякоў стаў камандзірам баявой групы падразьдзяленьня «Беркут» — своеасаблівага міліцэйскага спэцназу, створанага пры МУС БССР усяго за некалькі тыдняў да падпісаньня Белавескіх пагадненьняў. Першапачаткова асноўнай задачай «Беркута» было задушэньне забурэньняў на тэрыторыі турмаў і калёній. Падразьдзяленьне нават непасрэдна падпарадкоўвалася Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў.

У «Беркуце» Мікалай Карпянкоў служыў пад кіраўніцтвам будучага міністра ўнутраных спраў Уладзімера Навумава. Неўзабаве пасьля выбараў 1994 году «Беркут» быў расфармаваны, а замест яго стварылі новае спэцпадразьдзяленьне «Алмаз», якое павінна было займацца барацьбой з арганізаванай злачыннасьцю. Разам са сваім начальнікам у «Алмаз» перайшоў і Мікалай Карпянкоў. Але прапрацаваў ён там толькі год: ужо ў 1995-м Карпянкоў перайшоў у Службу аховы кіраўніка дзяржавы, дзе затрымаўся на 8 гадоў і зноў перасекся са сваім былым шэфам Навумавым (Навумаў кіраваў Службай аховы Лукашэнкі ў 1999–2000 гадах, пасьля чаго быў прызначаны на пасаду міністра МУС).

Паралельна з працай у Службе аховы Лукашэнкі Мікалай Карпянкоў вучыўся ў Акадэміі МУС у Менску, а пасьля яе заканчэньня ў 2002 годзе атрымаў пасаду камандзіра «Алмазу», якую займаў да 27 сьнежня 2010 году.

Юрыст Алег Воўчак мяркуе, што менавіта падначаленыя Мікалая Карпянкова ўдзельнічалі ў пабіцьці кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна на пачатку сакавіка 2006 году, калі Казулін спрабаваў трапіць на «ўсебеларускі сход». Па вэрсіі Воўчака, выкладзенай ім у скарзе на імя пракурора Менску Куліка, загад затрымліваць Казуліна аддаваў асабіста Карпянкоў, які знаходзіўся на месцы падзей у цывільнай вопратцы.

Паводле непацьверджанай інфармацыі, байцы «Алмазу» удзельнічалі таксама ў затрыманьні і пабіцьці другога кандыдата ў прэзыдэнты, Уладзімера Някляева, увечары 19 сьнежня 2010 году. Для Някляева тыя падзеі скончыліся стратай прытомнасьці, паездкай у шпіталь і турэмным зьняволеньнем. Усяго праз тыдзень пасьля гэтага Карпянкоў пазбавіўся сваёй пасады ў «Алмазе» і неўзабаве ўзначаліў 6-е ўпраўленьне ГУБАЗіК, якое займалася барацьбой з экстрэмізмам і тэрарызмам.

На судовым працэсе ў справе Уладзімера Някляева яго пабіцьцё невядомымі на вуліцы Калектарнай не разглядалася.

Затрымліваў Канавалава і Кавалёва

Як казаў сам Карпянкоў у інтэрвію часопісу «Садружнасьць», у першы год працы ў ГУБАЗіКу ён удзельнічаў у апэрацыі затрыманьня падазраваных у арганізацыі выбуху ў менскім мэтро Канавалава і Кавалёва. Падрабязнасьці той апэрацыі Карпянкоў у размове з журналістамі не раскрыў, аднак паведаміў, што за яе атрымаў асабістую падзяку ад тагачаснага кіраўніка МУС Куляшова.

Ужо ў 2012-м Мікалай Карпянкоў узначаліў Упраўленьне барацьбы з наркагандлем і гандлем людзьмі ў крымінальнай міліцыі Менску.

«Самае галоўнае, што ў нас ёсьць стрыжань і характар, якія каваліся ў 90-я, — казаў Мікалай Карпянкоў. — Нашая місія ганаровая і адказная».

У верасьні 2014 году Мікалай Карпянкоў вярнуўся ў ГУБАЗіК і ўзначаліў гэтую структуру. Падчас нядзельных маршаў жніўня і верасьня яго можна было бачыць на скрыжаваньні вуліцы Леніна і Рэвалюцыйнай. Карпянкоў у цывільным, не хаваючы твару за маскай, асабіста кіраваў сваімі падначаленымі, якія з дапамогай бранятэхнікі блякавалі падыходы да будынку ГУБАЗіКу.

Сілавікі разганяюць пратэст у дзень інаўгурацыі Лукашэнкі 23 верасьня 2020. Кіраўнік ГУБАЗіКу Мікалай Карпянкоў — у цэнтры
Сілавікі разганяюць пратэст у дзень інаўгурацыі Лукашэнкі 23 верасьня 2020. Кіраўнік ГУБАЗіКу Мікалай Карпянкоў — у цэнтры

Намесьнікам міністра МУС і камандзірам унутраных войскаў Мікалая Карпянкова прызначыў асабіста Лукашэнка адмысловым указам 19 лістапада 2020 году. Ужо пасьля гэтага ў інтэрнэце былі апублікаваныя аудыёзапісы, на якіх чалавек з падобным да Мікалая Карпянкова голасам заклікае сілавікоў да самых жорсткіх дзеяньняў супраць дэманстрантаў, а таксама расказвае пра сапраўдныя прычыны сьмерці Аляксандра Тарайкоўскага.

На пасадзе камандзіра ўнутраных войскаў МУС Мікалай Карпянкоў працягвае рабіць гучныя заявы. Сярод апошніх, у прыватнасьці, можна згадаць яго ідэю раздаць дружыньнікам сьмяротную зброю для патруляваньня вуліц Менску дзеля яе «гуманнага прымяненьня».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG