Гэта — апошняя кропка, канчатковае завяршэньне таго «фінскага шляху», на які на працягу многіх пасьляваенных дзесяцігодзьдзяў адны глядзелі з зайздрасьцю і захапленьнем, іншыя — падазрона і зь недаверам.
Фінляндыя доўгія дзесяцігодзьдзі вымушана была заставацца блізкай і з Масквой, і з Захадам. «Фінляндызацыю» многія крытыкавалі — за абмежаваньне сувэрэнітэту, за падтакваньне Маскве, за праявы несамастойнасьці і падпарадкаванасьці. Але ці не яна дапамагла стаць колішняй небагатай і занядбанай паўночнай ускраіне Расейскай імпэрыі адной з самых прывабных у сьвеце краін для жыцьця? Падобным мог бы стаць і шлях Беларусі. Калі б не Лукашэнка.
Гэта была самая прасавецкая з капіталістычных дзяржаў. І самая капіталістычная — з прасавецкіх. Адзінае адносна дасягальнае для грамадзян СССР «несацыялістычнае замежжа».
Трапіць на «сапраўдны Захад» (у Заходнюю Нямеччыну, Францыю, Італію, ня кажучы ўжо пра ЗША ці Вялікую Брытанію) савецкаму чалавеку было надзвычай складана: выпускалі туды хіба што намэнклятуру самага высокага рангу.
А вось убачыць Фінляндыю шанец быў: існавалі нават турыстычныя пуцёўкі. Праўда, набыць іх мелі магчымасьць пераважна партыйныя і камсамольскія актывісты. Вярталіся, канечне ж, з валізкамі, набітымі фінскімі курткамі, амэрыканскімі джынсамі, японскімі магнітоламі, «сапраўдным фінскім сэрвэлятам»... І з моцна падарванай верай у перавагі сацыялістычнага ладу жыцьця.
Гэта была адзіная адносна прачыненая фортка ў заходні сьвет. І тое, што ў гэтую фортку мог убачыць савецкі чалавек, яго шакавала. Бо бачыў ён там заможнасьць і свабоду — тое, чаго не было на радзіме.
Свабодная краіна ля калючага дроту
Фінляндыі пасьля вайны ўдалося тое, што не атрымалася ў ніводнай іншай эўрапейскай краіны (апроч Нарвэгіі), якія мелі агульную мяжу з СССР: яна ня трапіла ў «сацыялістычны лягер».
Канечне, гэта мела сваю немалую цану. Аддаляцца ад калючай агароджы лягера сацыялізму Фінляндыя не магла: Масква б такога не дазволіла. Гэта быў пэўны кампраміс, згода на абмежаваны сувэрэнітэт за магчымасьць адносна свабодна жыць па суседзтве з агрэсіўнай імпэрыяй.
Да прыкладу, пры галасаваньнях у ААН дэлегацыя Фінляндыі нязьменна падтрымлівала пункт гледжаньня СССР (ну, у скрайнім выпадку — устрымлівалася). У пасьляваенныя гады ў Фінляндыі забараняліся амэрыканскія фільмы, якія маглі быць расцэненыя як антысавецкія. Не дазвалялася антысавецкая літаратура. Хэльсынкі нязьменна выдаваў назад у СССР савецкіх перабежчыкаў.
На думку некаторых заходніх гісторыкаў, палітычная блізкасьць паміж фінляндзкім істэблішмэнтам і Масквой была такая, што савецкае Палітбюро мела фактычнае права вэта на прызначэньні ў кабінэт міністраў. А ў тых палітыкаў, каго лічылі антысаветчыкамі, было вельмі мала шанцаў на пасьпяховую кар’еру.
Але зь іншага боку — Фінляндыя пазьбегла саветызацыі эканомікі. Захоўваючы цесныя адносіны з Захадам, яна атрымлівала адтуль інвэстыцыі і тэхналёгіі. І актыўна гандлявала з СССР: купляла там па выгадных цэнах паліва і сыравіну, а пастаўляла на ўсход машыны і «шырспажыў».
Маючы добрыя адносіны з Масквой, маленькая Фінляндыя стала найбуйнейшым гандлёвым партнэрам СССР сярод несацыялістычных краін. Такі курс быў настолькі выгадны, што колішняя аграрна-лясная Фінляндыя хутка правяла індустрыялізацыю і ў сярэдзіне 70-х дасягнула таго ж узроўню жыцьця, што і краіны Заходняй Эўропы.
Капіталізм з чалавечым тварам Урха Кеканэна
Тое, што пазьней на Захадзе трохі паблажліва-прыніжальна назвалі «фінляндызацыяй», у савецкай гісторыі называлася «прагрэсіўнай лініяй Паасікаві-Кеканэна».
Урха Калева Кеканэн быў абраны прэзыдэнтам у 1956-м, пасьля Паасікаві, але фактычна на вяршыні ўлады ў Хэльсынкі апынуўся значна раней. У 1948 годзе стаў сьпікерам парлямэнту, у 1950-м — прэм’ер-міністрам. Ужо ў 1948-м ён сядзеў за адным сталом са Сталіным: на банкеце ў Крамлі пасьля падпісаньня савецка-фінскай дамовы аб дружбе. Калі Сталін выступіў з кароткай прамовай з нагоды дамовы, то па старой грузінскай традыцыі зьвярнуўся да самага малодшага за сталом. Малодшым аказаўся 47-гадовы Кеканэн. На пытаньне Сталіна: «А што фіны скажуць наконт дамовы?» Кеканэн адказаў з гумарам і адважна: «А хіба гэта дамова? Гэта ж дыктат Паасіківі!» На што Сталін з усьмешкай заўважыў: «Я сваім таварышам тое ж кажу, а яны ня вераць!».
Кеканэн здаваўся яшчэ больш вечным і незьмяняльным, чым «дарагі таварыш Леанід Ільіч Брэжнеў». 50-я, 60-я, 70-я гады — усё гэта для Фінляндыі — эпоха Кеканэна. Ён часта і ахвотна прыяжджаў у Савецкі Саюз. Бываў на паляваньні з Брэжневым. Хадзіў у горныя паходы з Касыгіным: у 1969 годзе яны нават разам пераадолелі Каўкаскі хрыбет, прайшоўшы 200 кілямэтраў, хоць абодвум было ўжо за 60.
Калі Кеканэн прылятаў з афіцыйным візытам, яго сустракалі, нібы якога-небудзь лідэра сацыялістычнай краіны. З абавязковымі працяглымі тэлерэпартажамі на Цэнтральным тэлебачаньні, абдымкамі, пацалункамі і абменам узнагародамі. Кеканэн — ці не адзіны з прэзыдэнтаў капіталістычных дзяржаў, адзначаны ордэнам Леніна і міжнароднай Ленінскай прэміяй — гэтак у Маскве ўзнагароджвалі толькі кіраўнікоў «братніх сацыялістычных краін». Для Кеканэна зрабілі выключэньне.
На цокалі помніка Паасіківі ў Хэльсынкі высечана ягонае палітычнае крэда, якое можна лічыць і палітычным лёзунгам ягонага пасьлядоўніка Кеканэна: «Усьведамленьне рэальных фактаў ёсьць падмурак любой палітыкі».
На першых ролях у Фінляндыі Кеканэн заставаўся 33 гады, адбыў чатыры прэзыдэнцкія тэрміны, пакуль самастойна, з прычыны кепскага стану здароўя не падаў у адстаўку 27 кастрычніка 1981 году.
«Фінаў, як і нас, то адзін моцны сусед браў у свае жалезныя рукі, то другі»
Беларусы здаўна прыглядаліся да гістарычнага досьведу Фінляндыі, паколькі бачылі ў ім агульныя рысы зь лёсам Беларусі.
Цётка (Алаіза Пашкевіч) пасьля сваёй паездкі на пачатку XX стагодзьдзя ў расейскую тады яшчэ Фінляндыю пісала:
«Фінаў, як і нас, то адзін моцны сусед браў у свае жалезныя рукі, то другі. І абодва суседзі паводле свае сілы і змогі стараліся быць дабрадзеямі-апекунамі... Чыноўнікам туды і дарогу лёс клаў, каб у мацнейшага шукаць узнагарод, чыноў і высокіх пэнсій. Духавенства таксама стала на баку мацнейшых. Адзін народ толькі, учапіўшыся сваімі ніўкамі да цьвёрдых скал, астаўся верным прадзедавай мове і прадзедавым звычаям».
У сучаснай Беларусі, ужо пры Лукашэнку, адзін час яўна зь цікавасьцю прыглядаліся да «фінскага шляху» і ягоных дасягненьняў. Прынамсі, міністру замежных спраў Уладзіміру Макею відавочна падабалася гэтая мадэль.
Пачынаючы з 2014 году ён то тут, то там нагадваў пра ідэю «Хэльсынкі-2» — новую мірную ініцыятыву глябальнай бясьпекі — паводле аналёгіі з Хэльсынскімі пагадненьнямі 1975 году, якія сталі зорным часам вонкавай палітыкі Кеканэна. Гэта тады ў Хэльсынскім Заключным акце быў замацаваны прынцып непарушнасьці пасьляваенных межаў. Але Менск так і ня стаў Хэльсынкі-2, а Лукашэнка не паўтарыў узьлёт Кеканэна. Каб стаць на фінскі шлях, мала цесных стасункаў з Крамлём. Патрэбен яшчэ і давер Захаду, і дэмакратычныя інстытуты ўнутры краіны. У гэтым сэнсе Беларусь 10-х гадоў XXI стагодзьдзя мала чым нагадвала Фінляндыю 70-х. А пасьля падзеяў 2020-га пра гэта і ўвогуле недарэчна стала гаварыць.
Ці магла Беларусь пайсьці шляхам «фінляндызацыі», стаць усходнеславянскай Фінляндыяй (нэўтральнай, прыхільнай і да Расеі, і да Захаду)? Магла, але — не з Лукашэнкам. Ён занадта любіць асабістую ўладу і наўрад ці добра ведае гісторыю, нягледзячы на свой дыплём гісторыка, атрыманы ў Магілёўскім пэдынстытуце.
Пасьля Кеканэна
У сёньняшняй Фінляндыі Кеканэна памятаюць і шануюць. У Хэльсынкі ёсьць вуліца, названая ў яго гонар; ягоным імем названы буйны нацыянальны парк на поўначы краіны; дзейнічае музэй у доме ў Тамініемі, дзе ён усё жыцьцё пражыў (у тым ліку пасьля адстаўкі). Калі вы паедзеце ў Фінляндыю і зірняце на досыць сьціплыя прэзыдэнцкія апартамэнты Кеканэна (ці то на афіцыйную рэзыдэнцыю, ці то на загарадны дом) — у вас адпадуць многія пытаньні наконт таго, чаму ў лукашэнкаўскай Беларусі немагчыма тое, што было магчыма ў Фінляндыі часоў Кеканэна.
Чаму фіны ўсё ж адмовіліся ад таго шляху, якім так доўга ішлі разам з Кеканэнам? Для іх усё зьмяніў люты 2022-га. Нэўтралітэт побач з агрэсарам перастае гарантаваць мір і незалежнасьць, эканоміка і дабрабыт патрабуюць абароны ад хцівага суседа. Фіны хочуць мець сваю, а не чужую будучыню.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.