Раніцай 18 траўня КДБ затрымаў дырэктара газэты «Белорусы и рынок» Канстанціна Залатых. Таксама затрымалі бухгальтарку газэты Юлію Кахно. З галоўным рэдактарам Андрэем Александровічам зьнікла сувязь.
Па словах жонкі Залатых, яму інкрымінуюць артыкул 130 КК Беларусі — «Распальваньне нацыянальнай варожасьці». У яго канфіскавалі ноўтбук і сродкі сувязі. Прыкладна гадзіну таму дырэктар «Белорусы и рынок» у суправаджэньні траіх сьледчых зайшоў у рэдакцыю газэты.
Пасьля 16-ай гадзіны выданьне паведаміла, што галоўны рэдактар Андрэй Александровіч выйшаў з КДБ пасьля допыту. Ён пад падпіскай аб неразгалошваньні і праходзіць сьведкам па справе аб распальваньні нацыянальнай варожасьці, заведзенай супраць дырэктара «Белорусы и рынок» Канстанціна Залатых. На волі і бухгальтарка выданьня Юлія Кахно.
«Белорусы и рынок» — адно з апошніх незалежных выданьняў, якое ня толькі працуе ў Беларусі, але і выдае папяровы штотыднёвік. Газэта ў асноўным прысьвечаная эканоміцы. Акрамя папяровай вэрсіі, у яе ёсьць тг-канал @belrynok, Youtube-канал і канал у TikTok.
Акурат год таму ўлады разграмілі партал Tut.by.
Змаганьне ўлады супраць недзяржаўных СМІ
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду. На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».