Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эвакуацыя абаронцаў Марыюпалю, абстрэл Львова. 83-і дзень вайны Расеі супраць Украіны

абноўлена

Зьбіты расейскі вайсковы верталёт, вёска Малая Рогань, Харкаўская вобласьць, 16 траўня 2022
Зьбіты расейскі вайсковы верталёт, вёска Малая Рогань, Харкаўская вобласьць, 16 траўня 2022

Свабода працягвае сачыць за падзеямі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Вайна ідзе з 24 лютага, загінулі тысячы цывільных і вайскоўцаў, звыш 5,5 мільёна чалавек сталі ўцекачамі, яшчэ каля 7 мільёнаў хаваюцца ў іншых абласьцях. Расейскія ракеты і бомбы разбурылі многія аб’екты інфраструктуры.

Галоўнае на гэты момант

  • Расея і Ўкраіна спынілі перамовы.
  • Раніцай 17 траўня ракетамі абстралялі вёску Дзясна на Чарнігаўшчыне.
  • У ноч на 17 траўня расейскія войскі ракетамі абстралялі Львоў і вайсковы аб'ект на мяжы з Польшчай. У абодвух выпадках, пэўна, спрацавала ўкраінская супрацьпаветраная абарона.
  • Паводле дадзеных украінскіх вайскоўцаў, расейцы ўмацоўваюць занятыя пазыцыі ў Херсонскай і Мікалаеўскай абласьцях, а наступ спынілі.
  • З «Азоўсталі» эвакуавалі 266 украінскіх вайскоўцаў, іх абмяняюць на расейскіх палонных.
  • Спадарожнік зафіксаваў чацьвёртае месца масавага пахаваньня ў Марыюпалі.
  • Украінскія войскі выйшлі на мяжу з Расеяй у Харкаўскай вобласьці.
  • Украіна кантралюе толькі 10% Луганскай вобласьці.
  • Расея працягвае выкарыстоўваць забароненую зброю для атак на Марыюпаль.
Тэрытарыяльны кантроль Украіны на 11 траўня 2022
Тэрытарыяльны кантроль Украіны на 11 траўня 2022

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Што адбываецца 17 траўня

Украінскі Генштаб: расейскае войска наступае па ўсёй лініі сутыкненьня ў Данецкай вобласьці

У вечаровай зводцы за 17 траўня Генштаб Узброеных сіл Украіны паведамляе, што Расея абстраляла з самалётаў Су-35 навакольлі Бахмута, Клінавага, Салядара і Ваўчаяркі Данецкай вобласьці.

Паводле інфармацыі Генштабу, расейскія войскі вядуць наступ на паўночнаданецкім і славянскім напрамках. Наступ у напрамку Мар’інкі пацярпеў няўдачу.

У Марыюпалі асноўныя намаганьні Расея засяродзіла на блякаваньні ўкраінскіх падразьдзяленьняў у раёне завода «Азоўсталь».

На запароскім кірунку актыўных баявых дзеяньняў не вядзецца, але войска РФ абстрэльвае ўкраінскія пазыцыі з артылерыі і мінамётаў і абсталёўвае другую лінію абароны.

У Львоўскай, Чарнігаўскай і Сумскай абласьцях Расея абстрэльвае абʼекты вайсковай і цывільнай інфраструктуры.

Захоўваецца пагроза абстрэлаў тэрыторыі Ўкраіны з боку Беларусі.

На харкаўскім напрамку падразьдзяленьні расейскай арміі спрабуюць не дапусьціць прасоўваньня ўкраінскіх войскаў да дзяржаўнай мяжы Ўкраіны.

З «Азоўсталі» эвакуавалі 266 украінскіх вайскоўцаў, іх абмяняюць на расейскіх палонных

Намесьніца міністра абароны Ўкраіны Ганна Маляр паведаміла, што 53 цяжкапараненыя і 211 параненых украінскіх салдатаў, вывезеных з заводу «Азоўсталь», знаходзяцца на тэрыторыі ўкраінскіх гарадоў, захопленых расейскай арміяй.

«Цяжкапараненыя — гэта 53 асобы — эвакуаваныя ў Новаазоўск, дзе ім акажуць мэдычную дапамогу. Гэта тэрыторыя, якая на сёньня часова занятая ворагам і не падкантрольная Ўкраіне. Яшчэ 211 асоб (у здавальняючым стане) даставілі ў Аленеўку — гэта таксама тэрыторыя, непадкантрольная і часова занятая ворагам», — паведаміла Ганна Маляр 17 траўня ў Кіеве на брыфінгу.

Абодва гэтыя гарады знаходзяцца на той частцы тэрыторыі Данецкай вобласьці, якую кантралюе так званая «ДНР».

Пазьней агенцтва Reuters са спасылкай на відавочцаў паведаміла, што сама меней сем аўтобусаў выехалі з тэрыторыі заводу «Азоўсталь» у Марыюпалі. Агенцтва апублікавала фатаграфіі аўтобусаў і вайскоўцаў у іх, заявіўшы, што некаторыя з украінскіх вайскоўцаў «не выглядалі параненымі».

Расея дапытае ўкраінскіх абаронцаў «Азоўсталі»

У Сьледчым камітэце РФ ужо заявілі, што плянуюць дапытаць украінскіх абаронцаў «Азоўсталі» і праверыць іх «на датычнасьць да зьдзейсьненых супраць цывільнага насельніцтва Данбасу злачынстваў». Генпракуратура РФ тым часам зьвярнулася ў Вярхоўны суд з просьбай прызнаць полк «Азоў» тэрарыстычнай арганізацыяй, паседжаньне пройдзе 26 траўня. Раней у Дзярждуме РФ выступілі супраць абмену палонных байцоў «Азова», заявіўшы, што гэта «нацысцкія злачынцы», якіх трэба судзіць.

Расея і Ўкраіна спынілі перамовы

Аб спыненьні перамоўнага працэсу спачатку паведаміў намесьнік міністра замежных спраў Расеі Андрэй Рудэнка: «Украіна выйшла практычна зь перамоўнага працэсу», — сказаў Рудэнка, а на ўдакладняльнае пытаньне адказаў, што перамовы не вядуцца «ні ў якім выглядзе».

Пазьней гэта пацьвердзіў кіраўнік офіса прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк. «Працэс перамоваў паміж Украінай і РФ прыпынены. Аднак ён будзе адноўлены, і, як мне здаецца, мадэратарам будзе Зяленскі», — сказаў Падаляк. Чыноўнік адзначыў, што Ўкраіна не зьбіраецца аддаваць штосьці, «каб захаваць твар Пуціна».

Расейскія войскі пачалі спробу прарыву мяжы ў раёне Бранскай вобласьці

Кіраўнік Сумскай вобласьці Дзьмітры Жывіцкі паведаміў, што расейскія войскі распачалі спробу прарыву дзяржаўнай мяжы Ўкраіны ў раёне горада Сярэдзіна-Буда — ён мяжуе з Бранскай вобласьцю. Акрамя таго, паводле чыноўніка, працягваецца бой на поўначы Шосткінскага раёну. Жывіцкі таксама сьцьвярджае, што Сумская вобласьць падвяргаецца расейскім атакам з раніцы 17 траўня. «Уздоўж мяжы ёсьць пажары, выкліканыя абстрэламі», — паведаміў ён.

«Схемы»: Расея выкарыстоўвае цывільны міжнародны аэрапорт Белгарада ў ваенных мэтах

Праект «Радыё Свабоды» «Схемы» сьцьвярджае, што расейскае войска выкарыстоўвае міжнародны аэрапорт Белгарада ў ваенных мэтах. 14 траўня на спадарожнікавых здымках Planet Labs на тэрыторыі аэрапорта былі зафіксаваныя 8 верталётаў і некалькі аўтамабіляў; побач з узьлётнай паласой стаяць намёты, ва ўсходняй частцы — сьляды ад праезду аўтамабільнай тэхнікі.

Сябра праўленьня «Ўкраінскага мілітарнага цэнтру» Юры Збанацкі мяркуе, што ў намётах могуць знаходзіцца вайскоўцы ці захоўвацца баявыя камплекты і паліва; выкарыстаньне аўтамабільнай тэхнікі магло спатрэбіцца празь неабходнасьць павялічыць апэратыўнасьць. Іншы ваенны экспэрт (яго імя «Схемы» не называюць) вызначыў верталёты па абрысах як шматмэтавую мадэль савецкай распрацоўкі «Мі-8», якая выкарыстоўваецца як для ваенна-транспартных, так і для баявых задач.

Расавіяцыя аб’явіла аб прыпыненьні аэрапорта Белгарада з пачатку ўварваньня Расееі 24 лютага, з таго часу яго праца не аднаўлялася.

Міжнародны крымінальны суд накіраваў ва Ўкраіну экспэртаў для расьсьледаваньняў ваенных злачынстваў

Пракурор Міжнароднага крымінальнага суда Карым Хан паведаміў, што 17 траўня ва Ўкраіну накіраваліся 42 сьледчыя, судмэдэкспэрты і дапаможныя ўдзельнікі судаводзтва для расьсьледаваньня ваенных злачынстваў і наданьня падтрымкі ўкраінскім уладам. Па словах Хана, гэта самая вялікая дысьлякацыя супрацоўнікаў яго офіса з моманту яго стварэньня. Значную частку ўдзельнікаў камандзіроўкі складуць экспэрты зь Нідэрляндаў.

Украінская выведка: Расея кінула на вайну супраць Украіны больш за 160 тысяч вайскоўцаў

Паводле зьвестак украінскай выведкі, агульная зводная групоўка расейскіх войскаў, якія ўдзельнічаюць у вайне супраць Украіны (уключаючы рэзэрвы), налічвае каля 167 тысяч чалавек. Пра гэта паведаміў міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў.

У Херсонскай вобласьці расейскія вайскоўцы рабуюць музэі і прыватныя калекцыі

Як паведамілі ў дзяржаўнай выведцы Ўкраіны, у Херсонскай вобласьці расейскія вайскоўцы рабуюць музэі і прыватныя калекцыі. Скрадзенае яны вывозяць у акупаваны Крым. Таксама 12 траўня расейскія вайскоўцы пачалі мэтанакіраваныя рэйды па дамах краязнаўцаў, калекцыянэраў і антыкварных крамаў. Інфармацыю аб наяўнасьці калекцый ім даюць так званыя «цывільныя экспэрты» зь ліку калябарантаў, яны ж даюць папярэднюю ацэнку кошту экспанатаў, сьцьвярджаюць у выведцы.

Ва Ўкраіне загінуў яшчэ адзін расейскі камандзір брыгады

Загінуў ужо другі камандзір 12-й асобнай гвардзейскай інжынэрнай Кенінгсбэрска-Гарадоцкай Чырваназнаменнай брыгады палкоўнік Дзяніс Казлоў. 14 сакавіка быў забіты палкоўнік Сяргей Парахня, які камандаваў гэтай брыгадай.

Удар па Чарнігаўшчыне і Ахтырцы

Раніцай расейскія войскі нанесьлі ракетны ўдар па вёсцы Дзясна Чарнігаўскай вобласьці, паведаміў кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Вячаслаў Чавус.

«Сёньня тут працуюць ратавальнікі Дзяржаўнай службы ў надзвычайных сытуацыях і праваахоўных органаў. Папярэдне, ёсьць забітыя і шмат параненых», — сказаў ён у відэазвароце, апублікаваным у Telegram.

Таксама расейскія ракеты паранілі 5 чалавек у Ахтырцы.

Абстрэл эвакуацыйнага аўтобуса зь мірнымі жыхарамі на Луганшчыне

Эвакуацыйны аўтобус, які 17 траўня вывозіў жыхароў Лісічанску і Севераданецку, трапіў пад абстрэл «Градаў». Пра гэта паведаміў кіраўнік Луганскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Сяргей Гайдай.

«Патрульныя паліцыянты забралі зь Севераданецку і Лісічанску 36 чалавек. Каля нафтаперапрацоўчага заводу і ў раёне Ўладзіміраўкі аўтобус трапіў пад абстрэл. „Град“ клаўся амаль па трасе. Усе жывыя. Праскочылі. Браняваны грузавік працуе. Усе ўжо ў бясьпецы», — адзначыў Гайдай.

У Белгарадзкай вобласьці зноў заяўляюць пра абстрэлы з боку Ўкраіны

Губэрнатар Белгарадзкай вобласьці Вячаслаў Гладкоў са спасылкай на кіраўніка Грайваронаўскага раёна Генадзя Бондарава паведаміў аб абстрэле вёскі Безымена з боку Ўкраіны. Паводле яго, у выніку абстрэлу ёсьць адзін пацярпелы, ён атрымаў раненьне лёгкай ступені цяжкасьці. Гладкоў сьцьвярджае, што «ёсьць разбурэньні», але цяпер «праводзіцца ацэнка» іх сурʼёзнасьці.

Начны абстрэл Львова

Жыхары Львова паведамілі спачатку пра два выбухі, а затым яшчэ пра некалькі, піша ТСН. Кіраўнік Львоўскай абласной вайсковай адміністрацыі Максім Казіцкі напісаў, што, пэўна, спрацавала сыстэма супрацьпаветранай абароны, таму ракеты ня трапілі ў горад.

Таксама расейцы стралялі ракетамі па вайсковым аб’екце ў Явараўскім раёне каля самай мяжы з Польшчай, але і тут спрацавала СПА. Улады просяць жыхароў не ігнараваць сыгналаў паветранай трывогі.

У Херсонскай і Мікалаеўскай абласьцях расейцы не вядуць наступальных дзеяньняў

Замест атак расейскія войскі працягваюць умацоўваць свае пазыцыі. Пра гэта паведамілі ва ўкраінскім апэратыўным камандаваньні «Поўдзень». Таксама там расказалі, што ўкраінскія ракетна-артылерыйскія падразьдзяленьні разам з авіяцыяй нанесьлі больш за 100 удараў па пазыцыях захопнікаў. У выніку ў Херсонскай вобласьці ў Чарнабаеўцы зьнішчаны склад боепрыпасаў, а таксама 75 салдат і амаль 20 адзінак тэхнікі.

«У Адэскай вобласьці дзьве варожыя марскія якарныя міны, якія ў штармавое надвор’е былі падведзеныя да ўзьбярэжжа, былі абясшкоджаныя, зьнятыя спэцыялістамі марскога атраду і зьнішчаныя шляхам падрыву ў бясьпечным месцы. Марская групоўка праціўніка ў паўночна-заходняй частцы Чорнага мора складаецца з двух караблёў з крылатымі ракетамі і шасьці вялікіх дэсантных караблёў», — адзначылі ў апэратыўным камандаваньні «Поўдзень».

Уцекачы ад вайны

З моманту ўварваньня Расеі ва Ўкраіну краіну пакінулі больш за 6 мільёнаў чалавек, вынікае са зьвестак Офісу Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў па стане на 12 траўня.

Паводле дадзеных Офісу, звыш 3,27 млн чалавек выехалі ў Польшчу, амаль 895,8 тысячы чалавек — у Румынію, больш за 583 тысячы — у Вугоршчыну.

У Расею, паводле зьвестак ААН, вывезьлі больш за 785 тысяч чалавек. Украінскія ўлады сьцьвярджаюць, што акупанты вывозяць грамадзян Украіны гвалтам.

Каля 8 мільёнаў украінцаў цяпер — унутрана перамешчаныя асобы.

Насельніцтва Ўкраіны (уключна з тэрыторыяй пад кантролем Расеі) складае каля 44 мільёнаў чалавек.

Што адбываецца ў Расеі

Мін'юст Расеі прапанаваў забараніць працаваць адвакатам зь «недружалюбных краінаў»

У далейшым на падставе гэтага загаду плянуецца пазбавіць дзейных адвакатаў адвакацкага статусу. Цяпер у рэестры зарэгістравана 247 адвакатаў з Украіны, ЗША, Вялікай Брытаніі, Францыі, Нямеччыны і іншых «недружалюбных» краін.

Авіякампанія S7 адмяніла рэйсы на захад і поўдзень Расеі, а таксама ў Крым да чэрвеня і верасьня

На гэта зьвярнула ўвагу агенцтва «РИА Новости». Авіяперавозчык закрыў продажы на рэйсы ў Анапу, Геленджык, Краснадар і Сімферопаль да 23 чэрвеня, а на рэйсы з Масквы ў Белгарад, Бранск, Варонеж і Ліпецк — да канца верасьня.

Расавіяцыя закрыла пералёты ў кожны з названых аэрапортаў 24 лютага, у дзень пачатку вайны Расеі супраць Украіны, а потым падаўжала забарону больш як дзесяць разоў. Цяпер пералёты фармальна закрытыя да 13 траўня.

Расейцы пачалі менш давяраць тэлевізіі

Паводле дасьледаваньня Accelerate research, 17 сакавіка 33% апытаных называлі тэлевізію найбольш надзейнай крыніцай інфармацыі; на 27 красавіка так лічылі ўжо 23% апытаных. Больш за ўсё зьнізіўся давер да тэлевізіі ў жыхароў невялікіх гарадоў (з 34 да 24%), а ў Маскве і Санкт-Пецярбургу — з 27 да 21%.

У той жа час давер да сацсетак і Telegram за 1,5 месяца вырас з 19 да 23%. Давер да інтэрнэт-СМІ і афіцыйных вэб-сайтаў таксама ўпаў з 26 да 23%.

Удзел Беларусі ў вайне

Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з тым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага.

Беларускае войска ля мяжы з Украінай

Кіраўнік Генэральнага штабу Ўзброеных сіл, першы намесьнік міністра абароны Беларусі Віктар Гулевіч заявіў аб пачатку другога этапу праверкі сіл апэратыўнага рэагаваньня.

Паводле ягоных слоў, у рамках гэтага этапу на Заходні і Паўночна-заходні апэрацыйныя кірункі рушылі батальённа-тактычныя групы, а для іх узмацненьня — падразьдзяленьні супрацьпаветранай абароны, ракетных войскаў і артылерыі, якія будуць забясьпечваць іхнае баявое функцыянаваньне.

Паводле Гулевіча, падразьдзяленьні сіл спэцыяльных апэрацый разгарнулі на трох тактычных кірунках паўднёвага кірунку (да мяжы з Украінай. — РС).

Як рэагуе сьвет

У G7 пагадзіліся ўзмацніць эканамічную і палітычную ізаляцыю Расеі

Міністры замежных спраў краін Вялікай сямёркі паабяцалі ўзмацніць эканамічную і палітычную ізаляцыю Расеі, працягваць пастаўкі зброі ва Ўкраіну і працаваць над зьмяншэньнем глябальнага недахопу харчаваньня, выкліканага вайной. Пра гэта гаворыцца ў заяве міністраў.

Дыпляматы Вялікай Брытаніі, Канады, Нямеччыны, Францыі, Італіі, Японіі, ЗША і Эўразьвязу таксама паабяцалі працягваць вайсковую і абарончую дапамогу Ўкраіне «па меры неабходнасьці».

«Мы ніколі не прызнаем межы, якія Расея спрабавала зьмяніць шляхам ваеннай агрэсіі, і будзем працягваць падтрымліваць наш удзел у падтрымцы сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны, у тым ліку Крыму», — заявілі міністры.

Латвія пашырыла сьпіс непажаданых асобаў з Расеі

МЗС Латвіі дадало ў сьпіс непажаданых асобаў з Расеі яшчэ 102 чалавек за «выказваньне актыўнай падтрымкі рашэньня Пуціна аб уварваньні ва Ўкраіну». Ім забаронены ўезд у краіну на нявызначаны тэрмін. Сярод іншых, у сьпіс трапілі акторы Аляксандар Панкратаў-Чорны і Ўладзімір Гасьцюхін, рэжысэр Юрый Кара, паэт-песеньнік Аляксандар Шаганаў, музыка Канстанцін Бубноў.

У канцы сакавіка Латвія ўжо ўключыла ў сьпіс непажаданых асоб 31 дзеяча культуры, мно гія зь іх узялі ўдзел у канцэрце-мітынгу «Крымская вясна», прысьвечаным гадавіне анэксіі паўвострава.

ЭЗ дасьць Украіне 500 млн эўра на закуп цяжкіх узбраеньняў

Кіраўнік эўрапейскай дыпляматыі Жузэп Бурэль абвясьціў аб плянах Эўразьвязу дадаткова прадаставіць Кіеву 500 мільёнаў эўра. ​ Гэтыя грошы пойдуць на закуп цяжкіх узбраеньняў (пад цяжкімі ўзбраеньнямі звычайна маюцца на ўвазе сыстэмы супрацьпаветранай абароны, караблі, авіяцыйная і бранятэхніка).

Індыя прыпыніла перамовы з Расеяй аб пастаўцы 10 верталётаў Ка-31 на суму 520 мільёнаў даляраў

Пра гэта паведамляе DefenseNews са спасылкай на ананімную крыніцу ў індыйскім Мінабароны.

Па словах суразмоўцы выданьня, Дэлі асьцерагаецца, што Расея на фоне збройнага канфлікту з Украінай, санкцый і з прычыны праблем, зьвязаных з плацяжамі, ня зможа выканаць абаронную замову.

Крыніца ўдакладніла, што індыйскі Цэнтрабанк распрацоўваў мэханізм аплаты зьдзелак з Расеяй у рублях і рупіях, але спробы посьпехам не ўвянчаліся.

DefenseNews дапускае, што прыпыненьне ўгоды можа быць зьвязана зь міжнародным ціскам на Індыю з прычыны супрацоўніцтва з Расеяй і з нэўтральнай пазыцыяй Дэлі наконт расейскага ўварваньня на тэрыторыю Ўкраіны.

Вашынгтон раней заклікаў Дэлі адмовіцца ад партнэрства з Масквой і зрушыць фокус на стратэгічнае ўзаемадзеяньне са Злучанымі Штатамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG