Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскія экспэрты пра вайну Расеі супраць Украіны: чакаецца бітва за Севераданецк


Зьнішчаная расейская вайсковая тэхніка пад Кіевам, 29 сакавіка 2022
Зьнішчаная расейская вайсковая тэхніка пад Кіевам, 29 сакавіка 2022

Экспэрты амэрыканскага Інстытута вывучэньня вайны мяркуюць, што расейскае камандаваньне адмовілася ад спробаў атачэньня Узброеных сіл Украіны на Данбасе. Хутчэй за ўсё, яны плянуюць поўную акупацыю Луганскай вобласьці і канцэнтрацыю сіл для бітвы за Севераданецк.

Як піша «Голас Амэрыкі», спэцыялісты вашынгтонскага ISW, Інстытута вывучэньня вайны, якія зь першых дзён вайны Расеі супраць Украіны сочаць за сытуацыяй у раёнах баявых сутыкненьняў, прыйшлі да высновы аб тым, што спроба расейскіх вайскоўцаў атачыць украінскія войскі на паўднёвым усходзе сарваная.

У прыватнасьці, як паведамлялі ўкраінскія ўлады, расейскае войска пацярпела няўдачу пад Харкавам і адступіла.

У дакладзе Інстытута, апублікаваным у нядзелю, выказваецца думка пра тое, што ў найбліжэйшы час прыярытэтнай задачай для расейскіх войскаў стане захоп Севераданецку — гораду ў Луганскай вобласьці.

У прыватнасьці, у дакладзе дасьледчыкаў ISW ад 15 мая 2022 году гаворыцца:

«Расейскае вайсковае камандаваньне, хутчэй за ўсё, будзе ўдзяляць прыярытэтную ўвагу бітве за Севераданецк. Пры гэтым некаторыя намаганьні будуць накіраваныя на парушэньне работы ўкраінскіх наземных ліній сувязі ва ўсходняй частцы Данецкай вобласьці. Расейскія сілы працягваюць скаардынаваныя намаганьні для захопу Севераданецку з поўначы і поўдня, што можа прывесьці да меншага акружэньня ўкраінскіх войскаў, чым меркавалася першапачаткова».

Тым часам у Маскве прайшло паседжаньне краін удзельніц АДКБ, якое сабраў Уладзімір Пуцін. Дырэктар цэнтру ваенна-палітычнага аналізу Гудзонаўскага інстытуту Рычард Вайц (Richard Weitz, Hudson Institute) у інтэрвію «Голасу Амэрыкі» адзначае пазаплянавы характар сустрэчы.

«Гэты саміт быў незвычайным, бо яго склікалі тэрміновым чынам. Мы ведаем, што ўдзельнікі маюць розныя думкі адносна ўкраінскага канфлікту. Кіраўніцтва Беларусі выглядае найбольш захопленым. Улады некаторых краін Цэнтральнай Азіі, такіх як Казахстан, здаюцца менш зацікаўленымі. Думаю, любыя спробы атрымаць вайсковую падтрымку зь іншых краін створаць праблемы для расейскага кіраўніцтва. Я ня думаю, што кіргізы, казахі ці таджыкі рвуцца ваяваць ва Ўкраіне, калі ў іх у саміх існуе пагроза бясьпецы, якая ідзе ад Аўганістану. Так што гэта хутчэй не перасьледаваньне ваенных мэт, а спроба паказаць сьвету, што Расея не самотная», — заявіў Рычард Вайц.

Пасол Расеі ў ЗША Анатоль Антонаў заявіў напярэдадні ў інтэрвію расейскім СМІ аб сваёй упэўненасьці ў тым, што ўзброеныя сілы Расеі «не капітулююць» ва Украіне. Гэтыя словы расейскага дыплямата прагучалі на фоне абстрэлаў мірных гарадоў на ўсходзе і поўдні Ўкраіны. Пры гэтым, як мяркуюць спэцыялісты Інстытуту вывучэньня вайны ў ЗША, у расейскай арміі скончыліся баяздольныя часткі, якія складаюцца з рэзэрвістаў.

Раней брытанская выведка выступіла са сьцьвярджэньнем аб тым, што буйны наступ Расеі на тэрыторыі Данбасу наўрад ці магчымы ў наступныя 30 дзён.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG