«Сёньня я падпісала зварот ураду да генэральнага сакратара NATO Енса Столтэнбэрга. Гэта гістарычны дзень. Ён здаецца вялікім, ён здаецца сурʼёзным. Сяброўства ў NATO — гэта тое, што трэба для бясьпекі Швэцыі, а таксама для бясьпекі і стабільнасьці нашай часткі Эўропы», — паведаміла Міністар замежных спраў Швэцыі Анн Ліндэ.
Пасьля падпісаньня зварот перададуць у сакратарыят NATO, і потым будзе вызначана працэдура прыёму Швэцыі ў Альянс. Яна будзе прадугледжваць ратыфікацыю рашэньня ўсімі краінамі – удзельніцамі NATO.
Між тым турэцкі прэзыдэнт Эрдаган выключыў уступленьне Швэцыі і Фінляндыі ў NATO.
Швэцыя была нэўтральнай краінай больш за 200 гадоў, яна ня брала ўдзелу ў Першай і Другой сусьветных войнах.
Швэцыя і суседняя Фінляндыя каардынуюць крокі па далучэньні да NATO. Фінляндыя захоўвала нэўтралітэт пасьля Другой сусьветнай вайны.
Парлямэнт Фінляндыі 17 траўня прагаласаваў за ўступ у NATO, паведамляе DW.
16 траўня прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін на саміце АДКБ заявіў, што ня лічыць гэтае пашырэньне NATO непасрэднай пагрозай бясьпецы Расеі, але пашырэньне вайсковай інфраструктуры на новых чальцоў «выкліча рэакцыю ў адказ».