Да пачатку ўварваньня Расеі ўкраінскія кампаніі адгружалі праз чарнаморскія парты на экспарт штомесяц каля5 мільёнаў тон збожжа. У Міжземнае мора з Чорнага хадзілі, безь перабольшаньня, караваны балкераў — спэцыяльных суднаў для перавозкі сыпкіх грузаў, — і ўсе яны везьлі ўкраінскую пшаніцу, кукурузу, ячмень і іншыя віды зерня.
З пачаткам вайны Расея ня толькі захапіла частку партовых гарадоў на ўкраінскім узьбярэжжы Чорнага мора, але і пачала блякаваць украінскі гандаль збожжам. Пра дэталі расказвае тэлеканал «Настоящее время».
«Стаяць расейскія караблі ў Чорным моры. Яны заблякавалі міжнародныя судны, якія яшчэ да вайны прыбылі на тэрыторыю Ўкраіны: яны ня могуць выйсьці. А таксама ня могуць зайсьці судны, якія загружаюцца збожжам і потым ідуць па ўсім сьвеце», — расказвае Дзяніс Марчук, намесьнік старшыні Ўсеўкраінскай аграрнай рады.
Эўракамісія зараз шукае магчымасьці для экспарту збожжа з Украіны. Там цяпер, у прыватнасьці, прапрацоўваюць магчымасьць вывазу па чыгунцы і іншымі відамі транспарту мільёнаў тон збожжа, якое заблякаванае ў партах і элеватарах з прычыны блякаваньня ўкраінскіх партоў расейскім флётам. Аднак гэта запатрабуе калясальных намаганьняў і прынцыпова новай лягістыкі. Бо адзін балкер у сярэднім можа ўзяць на борт каля 60 тысяч тон збожжа. А грузавік, напрыклад, толькі некалькі дзясяткаў тон. І нават калі б усё экспартнае зерне з Украіны раптам нейкім чынам удалося даставіць да міжземнаморскіх партоў Эўропы, не паўсюль змаглі б імгненна перагрузіць гэтае зерне на гандлёвыя судны.
«Давайце не забываць, што ў эўрапейскіх партоў ёсьць заплянаваная партовая дзейнасьць і свой графік. Яны, калі плянавалі сваю працу, не плянавалі, што яшчэ давядзецца перавозіць зерневыя грузы з Украіны», — зазначае палітоляг Аляксей Якубін.
Уладзімір Пуцін прагназуе «рэкордны ўраджай збожжавых» за ўсю гісторыю Расеі: «130 млн тон, у тым ліку 87 млн тон пшаніцы». І прагназуе, што Расея выйдзе на новыя рынкі. Пры гэтым, па дадзеных CNN, Расея, акрамя свайго збожжа, ужо прадае ўкраінскае, захопленае на акупаваных тэрыторыях. Журналісты з дапамогай спадарожнікавых здымкаў адсачылі судна, якое даставіла збожжа ў Сырыю з акупаванага Крыма. На паўвостраў перад гэтым груз зьвезьлі аўтамабілямі з украінскіх элеватараў.
«Мы гаворым аб сытуацыі, якая склалася ў акупаваных частках Украіны: гэта Херсон, частка Запароскай вобласьці, Данецкай, Луганскай. Гэта каля 500 тысяч тон збожжавых, якія сёньня фактычна накіроўваюцца з тэрыторыі Ўкраіны», — падлічвае гэтыя страты Дзяніс Марчук. Паводле яго ацэнкі, гэтыя 500 тысяч тон збожжа могуць каштаваць больш за $ 150 млн: гэта сур’ёзная шкода для бюджэту Ўкраіны.
Акрамя таго, падкрэсьлівае Марчук, важна разумець, што збожжавыя не атрымаюць шматгадовыя гандлёвыя партнэры Кіева. А гэта ня толькі багатыя заходнія краіны, але і дзяржавы Паўночнай Афрыкі і Блізкага Ўсходу, якія разьвіваюцца. У гэтых рэгіёнах недахоп збожжа можа прывесьці да голаду і масавых пратэстаў.
«Успомніце „арабскую вясну“ 2011 году. Фактычна ўсё пачалося з таго, што ў людзей не было грошай, а цэны на зерне і муку падняліся вельмі высока, — нагадвае ён. — І фактычна гэта прывяло да таго, што Эўропа ў выніку атрымала праз „арабскую вясну“ вельмі вялікую колькасьць уцекачоў. Такое ж пытаньне стаіць і сёньня».
«Гэтая вайна фактычна дала старт глябальнаму харчоваму крызісу. Акрамя таго, што цяпер фізычна будзе недаступная прадукцыя, рост цэнаў зробіць шмат пластоў насельніцтва эканамічна неабароненымі, — згодзен з Марчук Тарас Высоцкі, першы намесьнік міністра аграрнай палітыкі Ўкраіны. — Яны проста ня змогуць дазволіць сабе шмат што купіць. Калі не спыніць рост цэнаў у сярэднетэрміновай пэрспэктыве, то можа быць такі доўгатэрміновы эфэкт, потым спатрэбяцца гады, каб гэта аднавіць».
«Уся сельгаспрадукцыя, якая выраблялася, яна спажывалася. Таму, калі ў нас фізычна нейкія дзясяткі мільёнаў тон харчоў нікуды ня едуць, іх замяніць можна, толькі памяншаючы спажываньне, — тлумачыць Высоцкі. — Ці гэтыя прадукты можна забраць у іншых краінах, якія, адпаведна, павінны зьменшыць спажываньне. У любым выпадку будзе дэфіцыт. І калі не атрымаецца купіць гэтую прадукцыю, ня будзе грошай, таму што ўсё вельмі падаражэла ў гэтых ня вельмі багатых краінах, тады фізычна трэба памяншаць спажываньне. І гэта можа прывесьці калі не да сьмерцяў, то да істотнага парушэньня дыетычнага балянсу гэтага насельніцтва».
Новы ўраджай збожжавых ва Ўкраіне пачнуць зьбіраць ужо празь некалькі месяцаў. Але экспэрты гавораць, што да гэтага часу ў многіх краінах, якія разьвіваюцца, запасы збожжавых могуць быць практычна вычарпаныя. І хутка папоўніць іх, пакуль Чорнае мора заблякаванае расейскімі вайскоўцамі, проста немагчыма.