Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія войскі выйшлі на мяжу з Расеяй у Харкаўскай вобласьці, расейцы абстралялі Адэсу. 82-і дзень вайны Расеі супраць Украіны


Украінскія вайскоўцы выйшлі на мяжу з Расеяй у Харкаўскай вобласьці, 15 траўня 2022
Украінскія вайскоўцы выйшлі на мяжу з Расеяй у Харкаўскай вобласьці, 15 траўня 2022

Свабода працягвае сачыць за падзеямі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Вайна ідзе з 24 лютага, загінулі тысячы цывільных і вайскоўцаў, звыш 5,5 мільёна чалавек сталі ўцекачамі, яшчэ каля 7 мільёнаў хаваюцца ў іншых абласьцях. Расейскія ракеты і бомбы разбурылі многія аб’екты інфраструктуры.

Галоўнае на гэты момант

  • Украінскія войскі выйшлі на мяжу з Расеяй у Харкаўскай вобласьці.
  • Украіна кантралюе толькі 10% Луганскай вобласьці.
  • Расея працягвае выкарыстоўваць забароненую зброю для атак на Марыюпаль.
  • Брытанская выведка лічыць, што ў наступным месяцы расейцы ня змогуць узмацніць наступ, бо страцілі да траціны сухапутных сіл.
  • Расея выводзіць свае войскі з-пад Харкава. Амэрыканскі Інстытут вывучэньня вайны гаворыць пра імаверную перамогу ўкраінскіх войскаў у бітве за Харкаў.
Тэрытарыяльны кантроль Украіны на 11 траўня 2022
Тэрытарыяльны кантроль Украіны на 11 траўня 2022

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Што адбываецца 16 траўня

З «Азоўсталі» эвакуавалі 266 украінскіх вайскоўцаў, іх абмяняюць на расейскіх палонных, — намесьніца міністра абароны Ўкраіны

Намесьніца міністра абароны Ўкраіны Ганна Маляр дадала, што працягваюцца крокі па выратаваньні астатніх байцоў з «Азоўсталі».

Паводле Маляр, 53 цяжка параненых вывезьлі ў шпіталь у Новаазоўску, а астатніх эвакуаваных — у Аленеўку. Гэтыя населеныя пункты знаходзяцца пад кантролем расейскіх войскаў.

«Мы ня можам камэнтаваць тое, што цяпер адбываецца на «Азоўсталі». З вайсковага пункту гледжаньня Марыюпаль ня можа быць разблякаваны зараз. Вайскоўцы распрацоўваюць розныя пляны, розныя апэрацыі, пра што нельга казаць публічна».

Расея абстраляла поўдзень Украіны

У Адэскай вобласьці ў выніку абстрэлаў расейскімі войскамі цалкам зруйнаваная база адпачынку ў Белгарад-Днястроўскім раёне. На базе пасьля абстрэлу пачаўся пажар, на тушэньне якога выехалі ўкраінскія ратавальнікі і сьледча-апэратыўная група.

Як паведаміла Адэская гарадзкая рада, ад ракетнага ўдару пацярпелі чатыры дарослыя і параненае маленькае дзіця. Апроч таго, расейцы працягваюць атакаваць раней падарваны мост праз Днястроўскі ліман.

У Мікалаеўскай вобласьці, паводле Дзяржаўнай службы Ўкраіны па надзвычайных сытуацыях, ад ракет узьніклі чатыры пажары. У прыватнасьці, 16 траўня, пасьля абстрэлу Інгульскага раёну Мікалаева, загарэўся дах крамы і прыпаркаваны побач аўтамабіль.

Увечары 15 траўня ад абстрэлаў паселішча Первамайскае ў Мікалаеўскай вобласьці пашкоджаная прыватная пабудова, таксама пашкоджаны жылы будынак у Баштанскім раёне.

Украінскія войскі выйшлі на мяжу з Расеяй у Харкаўскай вобласьці

У Харкаўскай вобласьці адзін з батальёнаў тэрытарыяльнай абароны адціснуў расейскіх вайскоўцаў і выйшаў на ўчастак дзяржаўнай мяжы з Расеяй, паведаміла ў ноч на 16 траўня Мінабароны Ўкраіны.

«227-ы батальён 127-й брыгады войскаў тэрытарыяльнай абароны Ўзброеных сіл Харкава выціснуў расейцаў і выйшаў да дзяржаўнай мяжы», — гаворыцца ў паведамленьні.

На відэа, апублікаваным Мінабароны, вайскоўцы дакладваюць прэзыдэнту пра выхад на мяжу. 12 траўня брытанская выведка заявіла, што ўкраінскія войскі працягваюць контратаку на поўнач ад Харкава, адбіваючы гарады і вёскі ў кірунку да мяжы з Расеяй, а вывад расейскіх войскаў з Харкаўскай вобласьці быў «маўклівым прызнаньнем» няздольнасьці Расеі захапіць ключавыя ўкраінскія гарады, дзе чакаўся абмежаваны супраціў насельніцтва.​

Расейскія войскі спрабавалі прарвацца на тэрыторыю Сумшчыны


Кіраўнік Сумскай вайсковай абласной адміністрацыі Дзьмітро Жывіцкі заявіў, што расейскія войскі а 7-й раніцы спрабавалі прарвацца на Сумшчыну праз расейска-ўкраінскі ўчастак дзяржаўнай мяжы.

«Праціўнік адкрыў агонь па памежнай тэрыторыі Шосткінскага раёну зь мінамётаў, гранатамётаў, кулямётаў і аўтаматаў. Пад прыкрыцьцём агню на тэрыторыю вобласьці спрабавалі зайсьці варожыя дывэрсійна-выведныя групы. Памежнікі далі бой расейцам, і тыя адступілі за лінію дзяржаўнай мяжы», — напісаў Дзьмітро Жывіцкі ў сваім тэлеграм-канале.

Расейцы падарвалі дарогу ў Запароскай вобласьці

У часова акупаванай Запароскай вобласьці акупанты ўзарвалі адну з дарог паміж мястэчкамі Палогі і Гуляйполе. Для гэтага яны заклалі міны. Пра выбух паведамілі ў запароскай абласной адміністрацыі.

«Расейскія акупацыйныя войскі пад Даражнянкай падарвалі дарогу мінамі як з Палогаў, так і з боку Гуляйполя. Глыбіня разбурэньняў складае каля паўтара мэтра. Такім чынам расейцы адрэзалі вёску, а таксама транспартную сувязь паміж Палогамі і Гуляйполем».

Акупанты, як дадалі ў адміністрацыі, працягвалі абстрэлы Гуляйполя і разбурэньне цывільнай інфраструктуры. У выніку збройнага нападу расейцаў пашкоджаныя дамы мясцовых жыхароў. Некаторыя памяшканьні цалкам разбураныя прамымі ракетнымі ўдарамі.

Таксама пашкоджаны жылы раён і гаражныя будынкі мірнага насельніцтва. Інфармацыі пра пацярпелых не паступала.

Абласная адміністрацыя: Украіна кантралюе толькі 10% Луганскай вобласьці

Па стане на 15 траўня пад кантролем Украіны заставалася 10% Луганскай вобласьці. На пачатку расейскага ўварваньня гэты паказчык складаў каля 30%. Пра гэта паведаміў старшыня Луганскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Сяргей Гайдай.

Паводле яго, Украіна кантралюе ўскраіны Рубежнага, Лісічанск, Севераданецк з навакольнымі паселішчамі, Горную грамаду і тэрыторыю ўздоўж трасы Лісічанск — Бахмут да мяжы з Данецкай вобласьцю.

Уцекачы ад вайны

З моманту ўварваньня Расеі ва Ўкраіну краіну пакінулі больш за 6 мільёнаў чалавек, вынікае са зьвестак Офісу Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў па стане на 12 траўня.

Паводле дадзеных Офісу, звыш 3,27 млн чалавек выехалі ў Польшчу, амаль 895,8 тысячы чалавек — у Румынію, больш за 583 тысячы — у Вугоршчыну.

У Расею, паводле зьвестак ААН, вывезьлі больш за 785 тысяч чалавек. Украінскія ўлады сьцьвярджаюць, што акупанты вывозяць грамадзян Украіны гвалтам.

Каля 8 мільёнаў украінцаў цяпер — унутрана перамешчаныя асобы.

Насельніцтва Ўкраіны (уключна з тэрыторыяй пад кантролем Расеі) складае каля 44 мільёнаў чалавек.

Што адбываецца ў Расеі

Мін'юст Расеі прапанаваў забараніць працаваць адвакатам зь «недружалюбных краінаў»

У далейшым на падставе гэтага загаду плянуецца пазбавіць статусу дзейных адвакатаў. Цяпер у рэестры зарэгістравана 247 адвакатаў з Украіны, ЗША, Вялікай Брытаніі, Францыі, Нямеччыны і іншых «недружалюбных» краін.

Авіякампанія S7 адмяніла рэйсы на захад і поўдзень Расеі, а таксама ў Крым да чэрвеня і верасьня

На гэта зьвярнула ўвагу агенцтва «РИА Новости». Авіяперавозчык закрыў продажы на рэйсы ў Анапу, Геленджык, Краснадар і Сімфэропаль да 23 чэрвеня, а на рэйсы з Масквы ў Белгарад, Бранск, Варонеж і Ліпецк — да канца верасьня.

Расавіяцыя закрыла пералёты ў кожны з названых аэрапортаў 24 лютага, у дзень пачатку вайны Расеі супраць Украіны, а потым падаўжала забарону больш як дзесяць разоў. Цяпер пералёты фармальна закрытыя да 13 траўня.

Расейцы пачалі менш давяраць тэлевізіі

Паводле дасьледаваньня «Accelerate research», 17 сакавіка 33% апытаных называлі тэлевізію найбольш надзейнай крыніцай інфармацыі; на 27 красавіка так лічылі ўжо 23% апытаных. Больш за ўсё зьнізіўся давер да тэлевізіі ў жыхароў невялікіх гарадоў (з 34 да 24%), а ў Маскве і Санкт-Пецярбургу — з 27 да 21%.

У той жа час давер да сацсетак і Telegram за 1,5 месяца вырас з 19 да 23%. Давер да інтэрнэт-СМІ і афіцыйных вэб-сайтаў таксама ўпаў з 26 да 23%.

Удзел Беларусі ў вайне

Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з тым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага.

Беларускае войска ля мяжы з Украінай

Кіраўнік Генэральнага штабу Ўзброеных сіл, першы намесьнік міністра абароны Беларусі Віктар Гулевіч заявіў аб пачатку другога этапу праверкі сіл апэратыўнага рэагаваньня.

Паводле ягоных слоў, у рамках гэтага этапу на Заходні і Паўночна-заходні апэрацыйныя кірункі рушылі батальённа-тактычныя групы, а для іх узмацненьня — падразьдзяленьні супрацьпаветранай абароны, ракетных войскаў і артылерыі, якія будуць забясьпечваць іхнае баявое функцыянаваньне.

Паводле Гулевіча, падразьдзяленьні сіл спэцыяльных апэрацый разгарнулі на трох тактычных кірунках паўднёвага кірунку (да мяжы з Украінай. — РС).

Як рэагуе сьвет

У G7 пагадзіліся ўзмацніць эканамічную і палітычную ізаляцыю Расеі

Міністры замежных спраў краін Вялікай сямёркі паабяцалі ўзмацніць эканамічную і палітычную ізаляцыю Расеі, працягваць пастаўкі зброі ва Ўкраіну і працаваць над зьмяншэньнем глябальнага недахопу харчаваньня, выкліканага вайной. Пра гэта гаворыцца ў заяве міністраў.

Дыпляматы Вялікай Брытаніі, Канады, Нямеччыны, Францыі, Італіі, Японіі, ЗША і Эўразьвязу таксама паабяцалі працягваць ваенную і абарончую дапамогу Ўкраіне «па меры неабходнасьці».

«Мы ніколі не прызнаем межы, якія Расея спрабавала зьмяніць шляхам ваеннай агрэсіі, і будзем працягваць падтрымліваць наш удзел у падтрымцы сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны, у тым ліку Крыму», — заявілі міністры.

Латвія пашырыла сьпіс непажаданых асобаў з Расеі

МЗС Латвіі дадало ў сьпіс непажаданых асобаў з Расеі яшчэ 102 чалавекі за «выказваньне актыўнай падтрымкі рашэньня Пуціна аб уварваньні ва Ўкраіну». Ім забаронены ўезд у краіну на нявызначаны тэрмін. Сярод іншых у сьпіс трапілі акторы Аляксандар Панкратаў-Чорны і Ўладзімір Гасьцюхін, рэжысэр Юрый Кара, паэт-песеньнік Аляксандар Шаганаў, музыка Канстанцін Бубноў.

У канцы сакавіка Латвія ўжо ўключыла ў сьпіс непажаданых асоб 31 дзеяча культуры, многія зь іх узялі ўдзел у канцэрце-мітынгу «Крымская вясна», прысьвечаным гадавіне анэксіі паўвострава.

ЭЗ дасьць Украіне 500 млн эўра на закуп цяжкіх узбраеньняў

Кіраўнік эўрапейскай дыпляматыі Жузэп Бурэль абвясьціў аб плянах Эўразьвязу дадаткова прадаставіць Кіеву 500 мільёнаў эўра. ​ Гэтыя грошы пойдуць на закуп цяжкіх узбраеньняў (пад цяжкімі ўзбраеньнямі звычайна маюцца на ўвазе сыстэмы супрацьпаветранай абароны, караблі, авіяцыйная і бранятэхніка).

Літва адклікае амбасадара і закрывае консульства ў Санкт-Пецярбургу

Літва адклікае свайго амбасадара ў Расеі 1 чэрвеня, а таксама закрывае генконсульства ў Санкт-Пецярбургу 7 чэрвеня. Пра гэта гаворыцца ў зарэгістраванай рэзалюцыі літоўскага ўраду, піша Delfi. Раней Расея заявіла пра закрыцьцё літоўскага генконсульства ў Пецярбургу ў адказ на высылку расейскіх дыпляматаў зь Літвы.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG