Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў азнаёміўся з канчатковым абвінавачаньнем, але сутнасьць яго сям’і невядомая, расказаў зяць 65-гадовага палітыка Зьміцер Антончык.
«Рыгор піша ў лістах, што чакае, што перавядуць [зь СІЗА МУС] зноў у СІЗА КДБ, дзе яго будуць знаёміць са справай. Там яму зручней гэта зрабіць, але ўмовы значна горшыя, ён там горш сябе адчуваў, таму ня вельмі гэтага хоча», — сказаў Антончык.
Паводле яго, ніякай інфармацыі пра абвінавачаньне няма, адвакат ня можа паведаміць нават артыкул.
«Магчыма, яшчэ які эканамічны артыкул дадасца. Бо напісаў у лісьце: «Яны ўсё шукаюць мае мільёны», — адзначыў сваяк палітыка.
Пры гэтым Антончык адзначае, што ў справе пачалі праводзіць сьледчыя дзеяньні: калі раней выклікалі адваката раз на месяц, раз на два тыдні, то цяпер два разы на тыдзень.
«Пайшоў рух. Так што, магчыма, неўзабаве будзе паказальнае судзілішча», — мяркуе зяць Кастусёва.
Зьміцер Антончык нагадаў, што ў палітыка дыягнаставаны рак. Цяпер ягоны стан палепшыўся, ён хваліць «нейкія ўколы, якія яму прызначылі», але «стадыя такая, што апэрацыю будуць рабіць толькі ў крайнім выпадку».
«Дактары сказалі, што на сёньня апэрацыя толькі пашкодзіць, адразу амаль інвалід. Яму сказалі, калі ёсьць магчымасьць трываць боль, то пакуль ня трэба. З прызначэньнем уколаў яму стала лепей, стаў спаць нармальна», — сказаў сваяк палітыка.
Паводле Антончыка, зьмест апошніх пяці лістоў Кастусёва прыкладна аднолькавы. «Відаць, што яму псыхалягічна вельмі цяжка, ніякіх навінаў няма. Пра стан здароўя адное і тое ж піша, што нічога не адбываецца», — дадаў ён.
Кіраўніка Партыі БНФ затрымалі ў красавіку 2021 году і абвінавачваюць у спробе дзяржаўнага перавароту разам з палітолягам Аляксандрам Фядутам і адвакатам Юрыем Зянковічам. Яны таксама знаходзяцца пад вартай.
Затрыманьне Зянковіча, Кастусёва, Фядуты і справа «змоўшчыкаў». Што трэба ведаць
- У Шклове ўвечары 12 красавіка затрымалі кіраўніка Партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Тады было вядома толькі, што ён праходзіць у крымінальнай справе і знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
- Увечары таго ж дня жонка беларускага паліттэхноляга Аляксандра Фядуты паведаміла пра яго зьнікненьне ў Маскве. 13 красавіка КДБ Беларусі паведаміў, што Фядуту затрымалі.
- У ноч на 14 красавіка стала вядома аб затрыманьні ў Маскве беларускага адваката з ЗША Юрася Зянковіча. Усе яны цяпер у менскім СІЗА КДБ.
- Увечары 17 красавіка дзяржаўныя СМІ Беларусі паказалі заяву Аляксандра Лукашэнкі, што заходнія спэцслужбы рыхтавалі збройны мяцеж, а таксама замах на яго і на ягоных дзяцей.
- Лукашэнка абвінаваціў у датычнасьці да падрыхтоўкі замаху затрыманых Зянковіча, Кастусёва і Фядуту.
- Амаль сынхронна ФСБ Расеі заявіла, што яны сумесна з КДБ Беларусі спынілі меркаваную змову з удзелам Зянковіча і Фядуты, якія нібыта плянавалі 9 траўня «ажыцьцяўленьне вайсковага перавароту ў Беларусі па адпрацаваным сцэнары „каляровых рэвалюцый“ з прыцягненьнем мясцовых і ўкраінскіх нацыяналістаў, а таксама фізычную ліквідацыю Аляксандра Лукашэнкі».
- У рэпартажы на беларускім дзяржаўным тэлеканале АНТ паказалі фрагмэнт відэаразмовы ў Zoom, у якой, акрамя Зянковіча, Кастусёва і Фядуты, удзельнічалі яшчэ чатыры чалавекі (усе жывуць у ЗША), нібыта ўдзельнікі змовы. У інтэрвію Свабодзе двое зь іх адкінулі абвінавачаньні (тут і тут).
- Афіцыйныя прадстаўнікі ЗША і Польшчы назвалі абвінавачаньні ўладаў Беларусі і Расеі на свой бок няпраўдай.
- 21 красавіка Ўладзімір Пуцін заявіў, што краіны Захаду ігнаруюць факты падрыхтоўкі «дзяржаўнага перавароту ў Беларусі» і «плянаваньня забойства» Аляксандра Лукашэнкі. Ён абвінаваціў удзельнікаў «змовы супраць Лукашэнкі» ў падрыхтоўцы масаванай кібэратакі на Беларусь.
- 22 красавіка стала вядома, што старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, палітоляг Аляксандар Фядута і юрыст Юры Зянковіч абвінавачаныя ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу).
- 30 красавіка КДБ назваў імёны дзевяці абвінавачаных. Гэта Аляксандар Фядута, Юры Зянковіч, Рыгор Кастусёў, Вольга Галубовіч, Дзьмітры Шчыгельскі, Аляксандар Перапечка, Павал Кулажанка, Віталь Макаранка, Ігар Макар. Акрамя Фядуты, Зянковіча і Кастусёва, у няволі трымаюць Вольгу Галубовіч.
- Прысуды ў справе: Юрасю Зянковічу — 11 гадоў калёніі, Аляксандру Фядуту — 10 гадоў, Рыгору Кастусёву — 10 гадоў, Дзянісу Краўчуку — 2,5 года.